Жыццёвай стойкасці не пазычаць

Общество

 

Гэта прыгожая маладая жанчына валодае неверагодна моцнай энергетыкай і ўсіх, хто навокал, заражае аптымізмам, абаяльнасцю, працавітасцю і творчымі памкненнямі.

Па адукацыі Вольга Андрэеўна АХМЕДАВА інжынер-будаўнік. У ААТ “Багданаўскае”, куды разам з мужам і чатырма дзецьмі пераехала нядаўна, адказвае за ахову працы. Штодня ёй даводзіцца клапаціцца пра тое, каб умовы працы работнікаў сельгасарганізацыі былі бяспечнымі, і ні адзін з прадстаўнікоў вялікага калектыву не дапускаў памылак, якія б маглі прывесці да няшчасных выпадкаў. Сама работа і адносіны з боку калег і начальства спецыяліста ўстройваюць, асаблівая радасць для шматдзетнай сям’і – жыллё.

Вольга Андрэеўна з маленства разумела, што можа і ўмее вельмі многае. Яна цудоўна малюе, займаецца дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам, вершы – сапраўдны рух душы –  уражваюць велічнасцю думкі і глыбокім філасофскім сэнсам. Да таго ж высокая прыгажуня добра спявае, а яшчэ валодае небывалай інтуіцыяй, якая дазваляе бачыць і адчуваць значна больш за іншых.

Дзяўчынка расла сярод дарослых, таму, колькі помніць, дзіцем сябе не адчувала. Яна то імкнулася лячыць людзей, то таксама, як і бабуля-выкладчык, гатова была прысвяціць жыццё высакароднай прафесіі педагога, то марыла пра артыстычную кар’еру… Разам з тым дапускала, што можа зацікавіцца і даволі суровымі, так бы мовіць, мужчынскімі прафесіямі. Пакуль ішоў працэс выбару, паспела папрацаваць машыністам крана ў ліцейным цэху, а пасля паступіла і паспяхова завочна скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту. Калі ў пошуках працы прыбыла на Валожыншчыну, нейкі час працавала ў Сугваздах. Зараз прывыкла да Багданава. Упэўнена: лепшага месца для працы і жыцця на свеце няма.

У яе статнай постаці адчуваюцца велічнасць і значнае пачуццё ўласнай годнасці. Гэта не дзіўна, ва ўраджэнкі Гомельшчыны ў радаводзе можна адшукаць прадстаўнікоў дваранства. А адзін з продкаў – Міхаіл Дуброў – увайшоў у гісторыю яе сям’і як поўны кавалер Георгіеўскіх крыжоў. Таму Вольга ніколі, нават у самыя цяжкія моманты жыцця, не дазваляе сабе схіляць галаву перад выпрабаваннямі. Разам з мужам яны выхоўваюць дзяцей, займаюцца добраўпарадкаваннем дома, які прадаставіла двум спецыялістам (муж па адукацыі энергетык) гаспадарка, і з упэўненасцю ў сваіх сілах глядзяць у будучыню.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,фота аўтара