Акно ў прыроду

Кругозор

Снежань – першы месяц зімы. Звычайна ў гэту пару лёд скоўвае рэкі і азёры, снег белай коўдрай ахутвае зямлю. Але ў апошнія гады назіраюцца адхіленні ад шматгадовых тэрмінаў, восень і зіма значна цяплейшыя.

22 снежня – зімовае сонцастаянне. Сонца ў гэты дзень знаходзіцца ў найбольшым аддаленні да поўдня ад нябеснага экватара. Але ўжо на наступныя суткі дзень пачынае павялічвацца, хаця надыходзіць астранамічная зіма. Паступова выпадае снег, усталёўваецца снежнае покрыва – зіма ўступае ў свае правы. Нягледзячы на тое, што дні ў снежні самыя кароткія, а ночы самыя доўгія, дзякуючы выпаўшаму снегу, уначы досыць светла. Зямля ж яшчэ затойвае запасы летняга цяпла, ды дапаўняюць яго частыя заходнія вятры з Атлантыкі. Таму і характэрна для дадзенага месяца рознапагодзіца – то мароз, то адліга. Вось чаму работы ў садзе, на агародзе і на пасецы трэба планаваць з улікам капрызаў надвор’я.

 

КАРЫСНЫЯ ПАРАДЫ

САДАВОДУ

У снежні амаль што няма работы для садавода. Галоўнае – рэгулярна і асцярожна скідваць з дрэў снег у час моцных снегападаў. Пасля першага снегу неабходна прыкрыць суніцы галлём таполі, асіны, ліпы, бярозы. Праверце, ці надзейна захаваны дрэвы ад зайцоў і мышэй. Некалькі разоў абтоптвайце снег (калі ён ёсць) каля ствалоў, правярайце абвязку.

У цёплыя дні наразаюць чаранкі для прышчэплівання і перапрышчэплівання яблынь, груш, сліў. Захоўвайце чаранкі пад снегам з паўночнага боку гаспадарчага памяшкання, сачыце, каб яны былі прыкрыты снегам. Можна трымаць і ў халадзільніку – толькі перад гэтым неабходна загарнуць іх у мокрую анучу ці цэлафанавую плёнку, каб не высахлі.

У вольны час навастрыце нажы, пілы, секатары, лапаты – наогул адрамантуйце ўвесь інвентар. Пазнаёмцеся з навінамі садаводчай літаратуры.

 

АГАРОДНІКУ

Спраў у агароднікаў хапае і ў снежні. Уладальнікам цяпліц, калі ёсць магчымасць, можна працягваць замяняць грунт. Калі не, дык на 10 квадратных сантыметраў плошчы цяплічнага грунту варта ўнесці 250-300 грамаў перапрэлага гною і 1 кілаграм мінеральных угнаенняў, прадэзынфікаваць зямлю.

У снежні трэба вызначыць, дзе і якія культуры будзеце вырошчваць, ці дастаткова насення, закупіць тое, чаго не хапае, праверыць на ўсходжасць. Лепш высяваць усе культуры (за выключэннем агуркоў) свежым насеннем. Можна паклапаціцца пра набыццё дазволеных для выкарыстання хімікатаў, плёнкі для ўкрыцця, ручных прылад.

 Снежань – лепшы месяц для падрыхтоўкі мясцовых угнаенняў на біяпаліва і на ўгнаенне. Больш за ўсё для абагрэву падыходзіць конскі гной – ён разаграваецца да 75 градусаў і раўнамерна “гарыць” 70-80 дзён. Пры яго адсутнасці можна выкарыстоўваць і гной буйной рагатай жывёлы. У сумесі з тарфакрошкай ён разаграваецца да 50-55 градусаў і, паступова астываючы, падтрымлівае цяпло каля двух месяцаў. Гной складваюць у бурт і закрываюць тоўстым слоем зямлі (15-20 сантыметраў) ад прамярзання.

 На працягу зімы збіраюць драўняны попел, птушыны памёт і захоўваюць у скрынках або бочках у сухім месцы.

 Правяраюць, як захоўваецца бульба, караняплоды, квашаная капуста, кансерваваная агародніна.

НАРОДНЫЯ  ПРЫКМЕТЫ

 НА ЗАЎТРА

Калі заспяваў снягір – будзе вецер, а калі з раніцы чуецца ціўканне сініц – маразы ўзмацняцца. Лятаюць і нервова крычаць галкі і вароны – заўтра пойдзе снег. Сарока пад страхой уладкоўваецца, куры хвастом круцяць – будзе завіруха.

 Пушысты іней – на сухое надвор’е. Калі ноччу іней – днём снегу не будзе. Дровы ў печцы з трэскам гараць – на мароз, а калі сіпяць, дымяць, не загараюцца – на адлігу. Ноччу ціха, а раніцай, праз гадзіну-другую пасля ўзыходу сонца, узнімаецца вецер і мацнее да абеду, а падвечар зноў сціхае – усталюецца яснае, сухое надвор’е. Рыхлы снег на замерзлых вокнах паступова пачаў адтаваць, утварыліся прасветы, праз якія нават бачны прадметы на вуліцы, – заўтра чакай пацяплення.

НА БОЛЬШ  ПРАЦЯГЛЫ ЧАС

Зайцы прыходзяць на падворак і ў сад – зіма будзе працяглай.

Днём ясна, а падвечар ні ветрыка, неба пакрылася туманападобным слоем – доўга працягнуцца маразы. Высокія перыстыя воблакі, ярка завостраныя рожкі месяца, іней на дрэвах сведчаць аб набліжэнні моцных маразоў. Стаяць моцныя маразы, а на рачным лёдзе выступіла вада – у бліжэйшыя дні пацяплее. Калі ў снежні суха і марозна, то і ў чэрвені будзе суха і горача. Калі ў першыя дні снежня вада ў вясковых калодзежах ціхая, без хваляў, то зіма таксама будзе ціхая і цёплая; калі ж чуецца хваляванне вады, плёскат аб зруб – чакай завірухі і маразоў. Снег перастаў скрыпець пад нагамі і прыкметна абсеў, вецер падзьмуў з захаду або з паўднёвага боку – наступіць працяглае пацяпленне.

Верхавіны ліставых дрэў пачырванелі і ўзнялі галіны ўверх – маразы аслабеюць.

ЗГОДНА З ДАТАМІ  НАРОДНАГА КАЛЕНДАРА   

1/18. Лічылася: калі ў гэты дзень пагодна – пагодлівая і ранняя будзе вясна.

2/19. Якое надвор’е ў гэты дзень – такое ж чакаецца і ў сенакос.

3/20. Па гэтым дні вызначалі надвор’е ў жніво.

4/21. Увядзенне (Вадзенне) – адзін з дванаццаці важнейшых пасля Вялікадня свят у праваслаўных хрысціян. “На Увядзенне бывала ледзяненне”, “Увядзенне прыйшло – зіму прывяло”.

Барбара (Варвара). Звязаныя прыказкі з Барбарай нагадваюць аб дні зімовага сонцастаяння і надыходзе зімы: “Барбара ноч урвала, а дзень надтачыла”, “Барбара масціць, а Мікола гваздзіць”.

 5/22. Пракоп. Калісьці падчас моцнага снегападу сяляне талакой расстаўлялі вешкі каля дарог, каб не збіліся са шляху падарожнікі, ачышчалі сцежкі. “Прыйдзе Пракоп хмуры – раскапае гуры”.

 7/24. Кацярыны. “Кацярына забрала край, лета стала карацейшае”.

 9/26. Юр’е зімовы (Юр’еў дзень, Ягорый, Цуды). Зіма ў сіле. “Ёсць на свеце два Юр’і і абодва дурні: адзін халодны, а другі галодны”, “Да Юр’я хлеба (сена) і ў дурня”.

 13/30. Андросы (Андрос, Андрэй, Андрэйкі). Прыслухоўваліся, як паводзіць сябе вада ў калодзежах: калі ціхая – на добрую зіму, а шуміць – маразы, завірухі і буры разгуляюцца.

 17/4. Варвары (Варвара, Варкі, Міколіна матка). “Прыйдзе Варвара, маразы і заварыць”, “Як ударыць Варвара, беражы нос ды вуха”.

 18/5. Савы (Сава, Саўка, Міколін бацька). Лічыцца бацькам Мікалая, таму патрабуе: “Святкуй мяне і бацьку майго”. У народзе казалі: “Барбара мосціць, Сава цвікі вострыць, а Мікола прыбівае”.

 19/6. Мікола Зімовы (Міколы, Мікольшчына). “Без Міколы не бывае ні зімы, ні лета”, “Хвалі зіму па Міколе”, “Ніводнаму Міколе не вер”, “Зімовы Мікола каня заганяе”.

 22/9. Ганны (Ганкі, Ганна) – прысвятак падобны на Савы. “Ганькі – прасчытаныя дзянькі”, “Ганны – прыбавіцца багата дня”, “Варвара заварыць, Мікола пацвердзіць, а Ганкі саб’юць санкі і паедуць катацца па снезе і лёдзе”, “На Ганкі сядайце на санкі”, “На Ганкі запрагай каня ў санкі”.

  24/11. Посная куцця ў католікаў. Пачатак Каляд. Бытавалі прыказкі і прыкметы – звычайна тыя ж, што і ў праваслаўных. “Прыйшлі Калядкі, гаспадарам парадкі”, “На Каляды мяцеліца – на пчолы ўраджай, неба зорнае – ураджай на гарох”, “На Каляды вецер – летам шмат гарэхаў, неба зорнае – будуць грыбы і ягады”, “Па Калядах ясна – ясна й на Пятры”.

 25/12. Ражаство каталіцкае, Каляды. Назіралі за надвор’ем: “Калі польскія каляды трашчаць, дык нашы плюшчаць. Калі ж польскія плюшчаць, то нашы трашчаць”.

  Спірыдон-Сонцаварот. Нагляданне за нябеснымі свяціламі і зменамі ў прыродзе дазваляе дапытліваму чалавеку сцвярджаць, што пасля Спірыдона-Сонцаварота дзень прыбавіцца хоць на адзін вераб’іны скок.

 31/18. Багатая (шчодрая) куцця. Сільвестр. Мадэст. Марк. Малапрыкметнаму Марку дапасавана прымаўка: “Марка ды Варка – няхай будзе парка”. У самы апошні дзень года назіралі: “Якое надвор’е перад Новым годам – такое будзе і перад Пятром”, “Светлае неба на Багатую куццю – вясёлы год”, “Калі перад Васілём (1 студзеня) снег – чакаецца добры ўраджай”.

Падрыхтаваў

Фёдар КАВАЛЕНКА,

жыхар аграгарадка Ракаў