І праз 150 гадоў памяць не згасае:

Год малой Родины

10 снежня ў вёсцы Багданава прайшло ўрачыстае ўшанаванне памяці з нагоды ўгодкаў з дня нараджэння нашага земляка – мастака, графіка, сцэнографа, прафесара жывапісу Фердынанда Рушчыца.

Па традыцыі, мерапрыемства распачалося малебнам, які правёў ксёндз Павел, пробашч касцёла Святога Міхаіла Арханёла ў вёсцы Багданава. Арганізатары і госці мерапрыемства наведалі фамільныя могілкі сям’і Рушчыцаў, усклалі кветкі і запалілі лампадкі.

 

У Багданаўскім філіяле Вішнеўскай дзіцячай школы мастацтваў у той жа дзень прайшоў крулы стол з абмеркаваннем планаў на будучы год. За плённае супрацоўніцтва з Нацыянальным мастацкім музеем ад генеральнага дырэктара Уладзіміра Пракапцова была ўручана падзяка начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вікенцію Адамовічу.

Нацыянальным мастацкім музеем быў папоўнены бібліятэчны фонд  школы мастацтваў. Старшыня раённага аддзялення грамадскага аб’яднання  “Польска Мацеж Школьна” Ала Макарэвіч выступіла з прамовай і падарыла прысутным кнігу Альжбэты Інеўскай  “Фердынанд Рушчыц. Грамадзянін Незалежнай”.

Ва ўрачыстасці прыняў удзел дырэктар Польскага інстытута ў Мінску Цэзарый Карпіньскі, супрацоўнікі Нацыянальнага мастацкага музея, а таксама мясцовыя жыхары.

Наш кар.