ЛЬЕЦЦА ПЕСНЯ НА ПРАСТОРЫ…

Официально

 

Заставацца на абочыне галоўных падзей і інтарэсаў грамадства – не ў правілах работнікаў культуры раёна, тым больш у жніво. Самадзейныя артысты апранаюцца ў лепшыя канцэртныя касцюмы і калясяць з выступленнямі па самых “гарачых” кропках. Пры гэтым выязны рэпертуар нічым не ўступае сцэнічнаму. Як трапна зазначыла дырэктар РЦК Марына Фларыянаўна Тур, “ніва культурная і ніва хлебная перасякаюцца”.

У абедзенны перапынак, каб не адрываць камбайнераў ад справы, ладзіцца канцэрт пад адкрытым небам, паўгадзіны на песні, жарты, музыку. І пачынаюць блішчаць вясёлымі іскрынкамі вочы працаўнікоў, людзі атрымліваюць зарад бадзёрасці і станоўчых эмоцый, а стомленае цела наліваецца новымі сіламі. Так што і фальклорны гурт “Сваякі”, і калектыў “Дубінскія фанабэры”, і хор ветэранаў “Спяваючыя сэрцы” можна ўскосна прылічыць да ўдзельнікаў бітвы за ўраджай.

Сёлета на палі выязджалі 16 канцэртна-агітацыйных брыгад. Ніводная з 18 гаспадарак раёна не засталася па-за ўвагай работнікаў культуры.

Самадзейнымі артыстамі, дарослымі і зусім юнымі, было дадзена за час жніва больш за 70 канцэртаў. Здаралася і па 4-5 канцэртаў у дзень. Выступалі артысты ў час 30-40-хвіліннага перапынку на абед або вячэру.

Гутарыла Алена ЗБІРЭНКА.

 



Добавить комментарий