Служба Радзіме –абавязак і гонар!

Общество

У мінулую суботу ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя прыняццю ваеннай прысягі, прайшлі ва ўсіх часцях Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Клятву на вернасць свайму народу прынеслі больш за сто маладых салдат воінскай часці 30695.

 

Новае пакаленне вайскоўцаў вітаў начальнік штаба злучэння палкоўнік Аляксандр Уладзіміравіч Макараў, пасля чаго начальнік пункта прыёму папаўнення падпалкоўнік Аляксей Уладзіміравіч Жыгуноў даў каманду для працэдуры прынясення прысягі. З усведамленнем важнасці моманту прагаворвалі навабранцы святы для кожнага чалавека ў пагонах тэкст. “Служу Рэспубліцы Беларусь!” – гэтыя словы прагучалі і ад чатырох дзяўчат, якія нараўне з мужчынамі вырашылі стаць у рады абаронцаў. Сярод навабранцаў дзевяць прадстаўнікоў Валожыншчыны.

На пляц завіталі ганаровыя госці: начальнік галоўнага ўпраўлення – намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл генерал-маёр Руслан Анатольевіч Касыгін, старшыня райвыканкама Яўгеній Міхайлавіч Круковіч, а таксама ветэран воінскай часці, кавалер ордэна “За службу Радзіме 3-й ступені”, член раённай арганізацыі “Беларускі саюз афіцэраў” падпалкоўнік Уладзімір Уладзіміравіч Сёмін. Кожны з іх ад шчырага сэрца павіншаваў армейскую моладзь. Прагучалі пажаданні годна несці службу, набываць каштоўны вопыт, цаніць дружбу. Свае наказы госці даслалі і афіцэрам, галоўныя з іх: быць для юнакоў і дзяўчат прыкладам, ставіцца да кожнага з бацькоўскім разуменнем, выхоўваць у іх пачуццё глыбокай любові да Радзімы і гонар за брыгаду, якая ва ўсе часы на высокім узроўні выконвала абавязак па забеспячэнні ваеннай бяспекі і надзейнай абароны краіны.

 На святочнае мерапрыемства па даўняй традыцыі запрасілі і бацькоў, якім у гэты дзень выказвалася падзяка за належнае выхаванне дзяцей, супрацоўніцтва і разуменне. На трыбуну запрасілі матулю радавога Яна Калманава Алену Юр’еўну Калманаву з Калінкавіч. Яе выступленне кранула сэрцы прысутных. Жанчына пажадала сыну і яго сябрам моцнага здароўя, падзякавала камандаванню за клопат аб самым дарагім, што ёсць у бацькоў, – іх дзецях.

 Сказаць слова ў адказ даручылі радавому Іосіфу Сінкевічу. Юнак ад імя таварышаў паабяцаў з гонарам насіць пагоны, імкнуцца да службовага росту, ставіцца з павагай да камандзіраў і не забываць, што дома іх чакаюць любячыя родныя і блізкія.

 На правядзенні воінскага рытуалу прысутнічаў святар айцец Сергій Лінкевіч. Благаславенне ад яго атрымалі галоўныя героі ўрачыстасці, афіцэры і ўсе прысутныя, пасля чаго паўнапраўныя салдаты прайшлі па пляцы  ўрачыстым маршам.

У гэты ж дзень кіраўніцтва часці наладзіла ў РЦК сустрэчу з бацькамі навабранцаў. Пазней родныя і сябры змаглі правесці некалькі гадзін з героямі дня – сваімі сынамі і дочкамі, братамі і сёстрамі, сябрамі і каханымі.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ