Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

Региональные новости

У новым убранні рыхтуецца сустрэць Валожын надыходзячыя навагоднія і калядныя святы. РУП “Валожынскі жылкамунгас” набыў шмат новых сучасных упрыгажэнняў для вуліц і плошчы.
10 снежня былі развешаны светлавыя люмінісцэнтныя кансолі на слупах на плошчы Свабоды, вуліцах Партызанскай, Савецкай і Шчарбіны. Таксама паміж слупамі прапісаліся люмінісцэнтныя падвесы. Але галоўнай навінкай адыходзячага года стануць 3D святлодыёдныя фігуры Дзеда Мароза, аленя і сані з аленем. На мінулым тыдні яны ўпрыгожылі тэрыторыю ля фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Будзе радаваць гараджан і гасцей горада і мінулагодняя лаўка з парасонам на плошчы. Упісаліся ў агульны пераднавагодні інтэр’ер гірлянды на дрэвах на галоўных вуліцах нашага горада, якія былі закуплены ў мінулыя гады.

А вось тэрыторыю Івянецкага дома-інтэрната для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця ўпрыгожыла новая яркая спартыўна-гульнявая пляцоўка. Узведзена яна была да Дня інвалідаў. Гэты праект прафінансавалі ТАА ААБ “Лізінг” і ТАА “Марк Фармэль”.
Пляцоўку складаюць чатыры вулічныя трэнажоры пад навесам, чатыры лаўкі, а таксама развіваючыя панэлі. Пры любой магчымасці выхаванцы цяпер могуць займацца на трэнажорах не толькі ў памяшканні, але і на свежым паветры. А таксама развіваць і трэніраваць сваю памяць з дапамогай спецыяльных панэляў.

Да трохгоддзя адкрыцця фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў райцэнтры быў аб’яўлены конкурс малюнкаў “Я выбіраю спорт”. Зараз работы юных мастакоў размешчаны там на першым паверсе.
На конкурс паступілі 24 работы, узрост мастакоў-удзельнікаў быў ад 8 да 16 гадоў. У асноўным у сваіх малюнках хлопчыкі і дзяўчынкі адлюстравалі зімовыя віды спорту, але былі прадстаўлены і гімнастыка, настольны і вялікі тэніс, плаванне і футбол. Адміністрацыя ДЮСШ вырашыла не выдзяляць лепшых, а ўсіх удзельнікаў узнагародзіла падарункавым сертыфікатам на два бясплатныя наведванні басейна.

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь сумесна з Беларускай праваслаўнай царквой праводзіла конкурс “Святло міласэрнасці”.
Узнагароджанне пераможцаў праходзіла ў Нацыянальнай бібліятэцы. Дыплом пераможцы рэспубліканскага конкурсу ў намінацыі “Лепшы дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў” уручаны Івянецкаму дому-інтэрнату. Віншуем з чарговай перамогай! Галоўнае – не здаваць заваяваныя пазіцыі.

Турыстычная фірма “Паход у народ” даўно супрацоўнічае з аграсядзібай “Налібоцкія васількі”, бо ўпэўнена ў высокай якасці аказваемых паслуг і надзвычайнай кампетэнтнасці гаспадароў.
Не так даўно тут пабывала чарговая група з 16 чалавек са сталіцы. Сярод гасцей было некалькі прадстаўнікоў Пасольства Велікабрытаніі і сям’я дыпламата з Пасольства Германіі ў Беларусі. Першапачаткова госці наведалі дзяржаўны ландшафтны заказнік “Налібоцкі”, дзе пазнаёміліся з навасёламі Налібоцкай пушчы, вырошчваннем глушцоў у няволі. Наведалі госці першую ў краіне экалагічную сцяжыну для інвалідаў. А вось душу ў поўным сэнсе слова адвялі на аграсядзібе. Гаспадар расказаў пра гісторыю яе стварэння, паказаў свой хатні музей коннай вупражы, а гаспадыня пачаставала сапраўднымі беларускімі стравамі: паляўнічай шурпой, бігасам, фірменнымі пірагамі і гарбатай з траў.

Фізкультурна-аздараўленчы цэнтр Валожынскага раёна падрыхтаваў пракат зімовага інвентару. Пункты пракату будуць працаваць у Валожыне і Івянцы.
У наяўнасці маюцца 60 пар канькоў розных памераў, іх сёлета дакупілі, і 20 пар лыжаў. Па меры неабходнасці, калі інвентар будзе запатрабаваны, канькі і лыжы будуць дакупляцца. Варта толькі дачакацца снегу і маразоў, а таксама завяршэння будаўніцтва хакейнай пляцоўкі ў раёне фізкультурна-аздараўленчага комплексу.

Другая спроба ўдзелу ў фотаконкурсе прынесла Наталлі Жызнеўскай з Пугачоў чарговы дыплом.
На гэты раз яна атрымала яго за ўдзел у Міжнародным фотаконкурсе “Лапушки”, прысвечаным Сусветнаму дню дамашніх жывёл. Фотаработа нашай зямлячкі заняла трэцяе месца.