Такой думкай падзялілася з намі Ірына Мікалаеўна БУКШТАНОВІЧ, якая амаль 40 гадоў працуе ў Валожынскім філіяле КУП “Мінаблкінавідэапракат”.
Пачынала яна рэдактарам па рэпертуарным планаванні, затым перайшла ў метадысты, а пасля – у адміністратары кінатэатра “Юнацтва”. Сёння ўжо на заслужаным адпачынку, але на прапанову кіраўніцтва прадоўжыць працоўную дзейнасць адказала згодай і стала касірам. Заадно з радасцю выконвае абавязкі, так бы мовіць, няштатнага папулярызатара паслуг кінаўстановы. “А як жа, – гаворыць яна, – да кожнага гледача патрэбен індывідуальны падыход, інакш зала будзе пустой. Я ж добра ведаю, каго запрасіць на гістарычную драму, каго на баявік, а хто даўно чакае лірычную камедыю…”
Дырэктар філіяла Людміла Аляксандраўна Махніцкая цэніць выключнае стаўленне да агульнай справы сваёй падначаленай. Кіраўнік шчыра ўпэўнена: больш прафесійнага, адказнага чалавека нават у іх стабільным і згуртаваным калектыве цяжка знайсці.
У юнацтве ўраджэнка Сакаўшчыны скончыла будаўнічае вучылішча, спрабавала знайсці сябе ў Мінску. Але лёс распарадзіўся так, што менавіта Валожын стаў для нашай гераіні і яе сям’і сапраўдным домам.
Па прыездзе сюды маладая жанчына ненадоўга працаўладкавалася ў дзіцячы сад № 2. Магчыма справа выхавання і захапіла б яе, але ад тагачаснага дырэктара філіяла Віктара Іванавіча Федаракі паступіла прапанова асвоіць новую, цікавую і вельмі творчую работу.
Хоць нічога не ведала пра нюансы дзейнасці кінасеткі, але… вельмі любіла кіно, таму без роздуму змяніла кірунак. Калі і існавала пэўная занепакоенасць такім крокам, хутка знікла. Вучылася ўсяму з задавальненнем без адрыву ад вытворчасці, бо было ад каго. Вакол жа – столькі сапраўдных карыфеяў, і кожны імкнецца шчодра падзяліцца з навічком уласнымі ведамі і напрацоўкамі. І. М. Букштановіч і сёння з цяплом успамінае Віктара Іванавіча і Таццяну Аляксандраўну Франц, Вольгу Паўлаўну Ратомскую, Веру Піліпаўну Багданаву, Марыю Аляксандраўну Каваленка, Івана Іванавіча Бацяна і многіх іншых.
У той час кінастужкі прыбывалі ў металічных кантэйнерах, а дэманстрацыя праходзіла з дапамогай спецыяльнай устаноўкі, якія меліся ў кожным клубе. Калектыў раённай кінасферы складаўся з больш чым трыццаці чалавек. Сённяшняму пакаленню моладзі не знаёма ні лёгкае патрэскванне апарата, ні парывы плёнкі, якія маглі здарыцца ў самыя напружаныя імгненні, ні запоўненыя да адказу залы і чэргі ў касу. Што і казаць, у савецкі час кіно, як, дарэчы, сцвярджаў лідар сусветнага пралетарыята, было самым важным з усіх відаў мастацтва. А якія фільмы тады выходзілі на экраны – сапраўдныя шэдэўры! Жанчына, якая бачыла кожны з іх, таму нават прыблізна не асмельваецца падлічыць колькасць. Самымі лепшымі для сябе лічыць савецкія “Масква слязам не верыць”, “Дзяржаўная граніца”, “Белыя росы”, а з замежных перавагу аддае папулярнай у сямідзясятых карціне “Мужчына і жанчына”. З павагай Ірына Мікалаеўна ставіцца і да сучасных работ расійскіх кінематаграфістаў, у першую чаргу – “Рух уверх” і “Экіпаж”.
Канешне, зараз кардынальна змяніліся тэхналогіі, у кінатэатры даўно дзейнічае сістэма “DOLBI”, што робіць гук аб’ёмным, а фільмы перадаюцца па электроннай пошце і запісваюцца на спецыяльныя хард-дыскі. Затым таксама па электронцы ад дыстрыб’ютара прыходзіць ключ, менавіта ён дае доступ да прагляду на пэўны перыяд. Ірына Мікалаўна з павагай ставіцца і да сваіх рэтра-ўспамінаў, і да сучасных новаўвядзенняў.
Каго, як не яе, без перабольшання можна назваць ветэранам калектыву валожынскіх кінапрофі. Гартаючы старонкі Кнігі ганаровых гасцей, мне становіцца вядома, колькі цікавых знаёмстваў адбылося ў жыцці гэтай жанчыны, чые ўспаміны аб мностве вядомых кінадзеячаў, што ў розныя гады прыязджалі ў наш горад прэзентаваць новыя фільмы, – нагода для асобнага артыкула. Ёй давялося сустракацца з Мікалаем Яроменкам-старэйшым, Усеваладам Санаевым, Анатоліем Котам, Святланай Зелянкоўскай і яшчэ мноствам не менш знакамітых іх калег.
Ірына Мікалаеўна папрасіла перадаць віншаванне з прафесійным святам і найлепшыя пажаданні ўсім калегам – былым і тым, з кім працуе зараз, а таксама гледачам, без якіх праца філіяла не мела б сэнсу.
Прагучала і падзяка самым адданым сябрам установы, у першую чаргу Наталлі Штэйнер, сем’ям Гаспарэвіч, Міхасенка, Ваньковічаў і астатнім прыхільнікам вялікага экрана. Напрыканцы нашай сустрэчы звярнулася да ўсіх жыхароў горада і раёна са словамі: “Дарагія валожынцы, не абкрадвайце сябе, прыходзьце на нашы сеансы. Паверце, чароўны свет кіно абавязкова стане той таблеткай, што падмацуе вашы нервы, запоўніць душэўную пустату і настроіць кожнага з вас на выключны аптымізм”.
Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара