Выхад на лёд пакуль афіцыйна забаронены.Але спыняе гэта не ўсіх…

Безопасность и здоровье Общество

На мінулым тыдні адбыліся сумесныя рэйдавыя мерапрыемствы, у якіх былі задзейнічаны райаддзел па надзвычайных сітуацыях, раённая арганізацыя Таварыства выратавання на водах, РАУС і райкам ГА «БРСМ». Прадстаўнікі гэтых структур наведалі вадаёмы Валожыншчыны: выяўлялі парушэнні правіл аховы жыцця людзей на водах Рэспублікі Беларусь і тое, як выконваецца распараджэнне райвыканкама «Аб забароне выхаду на лёд».

Падчас рэйдаў былі выяўлены неаднаразовыя выпадкі ігнаравання аматарамі падлёднай рыбалкі элементарных правіл бяспекі. Зафіксаваны выхады на тонкі лёд, адсутнасць выратавальных камізэлек, вяровак з замацаваным на другім канцы грузам і іншых самых простых сродкаў самавыратавання. З парушальнікамі правялі прафілактычныя гутаркі, растлумачылі асабістую і грамадскую небяспеку залішне бяспечных паводзін на тонкім лёдзе.

Чарговы раз варта нагадаць:

выхад на лёд забараняецца падчас ледаставу, пакуль яго таўшчыня не дасягне 7 сантыметраў, а таксама ў перыяд інтэнсіўнага раставання і разбурэння;

трываласць лёду аслаблена ў вусцях і прытоках рэк, месцах хуткай плыні, каля ключоў, сцёкавых вод, у месцах росту воднай расліннасці;

калі тэмпература паветра трымаецца вышэй за 0 градусаў больш за тры дні, то трываласць лёду памяншаецца на 25%;

надзейнасць лёду можна вызначыць візуальна: празрысты сіняга або зялёнага адцення – трывалы; трываласць белага ў два разы меншая; шэры, матава белы або з жаўтлявым адценнем лёд – абсалютна ненадзейны.