Петрышэнка: вядзецца работа па закупцы вакцыны ад COVID-19 і арганізацыі яе вытворчасці ў Беларусі

COVID-19

У Беларусі вядзецца работа па закупцы вакцыны ад COVID-19 і арганізацыі яе вытворчасці. Аб гэтым расказаў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка ў інтэрв’ю праграме «Контуры» на тэлеканале АНТ, паведамляе БЕЛТА. 

«Мы з дапамогай расійскіх калег актыўна працуем і над закупкай вакцыны ад каранавіруса, і над тым, каб пачаць у сябе яе вытворчасць. У праекце бюджэту на наступны год запланавана каля Br50 млн на закупку вакцыны — пакуль для 2 млн нашых грамадзян, а далей будзем шырэй глядзець на гэты аспект», — сказаў Ігар Петрышэнка.

Віцэ-прэм’ер падкрэсліў, што краіна цалкам забяспечана ўсімі неабходнымі медыкаментамі, сродкамі індывідуальнай аховы і дэзынфіцыруючымі сродкамі для барацьбы з COVID-19. «Мы перапрафілявалі нашы прадпрыемствы на выпуск запатрабаваных медпрэпаратаў, перагрупавалі ложкавы фонд. Выпускаем медыцынскія маскі, рэспіратары, ахоўныя касцюмы, дэзынфіцыруючыя сродкі ў дастатковай колькасці. Мы разгарнулі вытворчасць усяго неабходнага для аховы ўрачоў і пацыентаў літаральна на працягу паўгода, каб не залежаць ні ад каго», — адзначыў ён.