Беларусь можа заняцца распрацоўкай і вытворчасцю ўласнай вакцыны ад каранавіруса

COVID-19

Беларусь можа наладзіць вытворчасць уласнай вакцыны ад каранавіруса. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў час сустрэчы з калектывам 4-й гарадской клінічнай бальніцы імя М.Я. Саўчанкі. Паведамляе  БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што цяпер разглядаюцца тры асноўныя варыянты процідзеяння распаўсюджванню каранавіруснай інфекцыі: закупка расійскай вакцыны, арганізацыя ў Беларусі вытворчасці вакцын з расійскага штама, а таксама распрацоўка ўласнай вакцыны.

«Я не выключаю, што нам давядзецца задзейнічаць усе тры варыянты. Нам трэба будзе купіць вакцыну, каб тэрмінова правакцынаваць групу рызыкі (гэта ўрачы і медсёстры перш за ўсё). Нам нядрэнна было б наладзіць вытворчасць. Справа нават не ў тым, што мы потым зможам прадаць яе, але трэба для сябе і сваіх людзей вырабіць вакцыну. Таму пойдзем усімі гэтымі напрамкамі. І калі напрацоўкі нашых вучоных сур’ёзныя, будзем займацца ўласнай вакцынай», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, расійскі бок гатовы прадаставіць Беларусі ўсё неабходнае, каб наладзіць тут вытворчасць вакцыны.

 

«Чаму я не выключаю вытворчасці ўласнай? Я ўпэўнены, што гэта зараза (каранавірус. — Заўвага БЕЛТА) застанецца з намі назаўсёды. Таму нам патрэбна будзе вакцына. І не толькі сёння-заўтра, але і паслязаўтра, — растлумачыў кіраўнік дзяржавы. — Калі мы навучымся вырабляць самі, атрымаем вопыт, значыць, у нас будуць добрыя спецыялісты, вучоныя, добрыя медыкі, і ахова здароўя такім чынам будзе развівацца. Наогул біятэхналогіі — гэта вялікая перспектыва», — падкрэсліў ён. Прапановы па вырабе ўласнай вакцыны кіраўніку дзяржавы прадставілі спецыялісты з Віцебска і вучоныя з Нацыянальнай акадэміі навук.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў свеце цяпер вядзецца барацьба за распрацоўку і вытворчасць вакцыны.

«Мяне што насцярожвае ў гэтай вакцыне — бойка за грошы. У гэтым круцяцца мільярды долараў, і ўсе пачалі біцца за гэтыя грошы, часам не беручы пад увагу адказнасць і за вакцыну, і тых людзей, якія ў гэтым выпадку на выпрабаваннях», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Усе акрэсленыя варыянты плануецца абмеркаваць 17 снежня на ўзроўні кіраўніка дзяржавы з удзелам зацікаўленых бакоў.