Адданы абавязку і сваёй сям’і

Общество

 

29 кастрычніка супрацоўнікі Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў адзначылі прафесійнае свята

 

 Сяргей Андрэевіч НАХАЙ – старэйшы з атэставаных работнікаў Валожынскага аддзялення Дэпартамента аховы.

Ураджэнец вёскі Капусціна, выпускнік СШ № 2 г. Валожына ў дзіцячыя гады пра службу ў органах МУС не марыў. На яго, як і на большасць хлопчыкаў,  безумоўна, уплывалі фільмы, дзе паказваліся будні і подзвігі савецкай міліцыі. Але ж не менш цікавіўся ён і жыццём ваенных. Добра помніць, як часта разам з сябрамі  пераўвасабляліся ў любімых герояў кніг ці кінакарцін пра вайну. Магчыма, падставай таму былі ўражанні ад успамінаў бацькі. Франтавік Андрэй Іванавіч Нахай прайшоў дарогамі Вялікай Айчыннай вайны з яе пачатку і да самай Перамогі, з’яўляўся ўдзельнікам бітвы за Каўказ, меў мноства баявых узнагарод.

Пасля восьмага класа падлетак адчуваў, што з прафесіяй пакуль не вызначыўся, і прыняў рашэнне для пачатку вывучыцца на вадзіцеля. Таму накіраваўся ў ПТВ-208. Пасля была армія. Служыць давялося ва ўнутраных войсках у горадзе Твер. Яго старэйшы брат у гэты час ужо нёс службу па кантракце і шчыра раіў малодшаму выбраць такі ж шлях. Аднак малады чалавек тады не адчуваў жадання звязаць сябе статутам, паспеў засумаваць па грамадзянскім жыцці. Вярнуўся ў “Сельгасхімію”, дзе папрацаваў да прызыву.

Праз некалькі гадоў служба зноў увайшла ў яго жыццё. Сябры ўгаварылі паспрабаваць уладкавацца ў РАУС. Кіраўніцтва “Сельгасхіміі” выдала шыкоўную характарыстыку, паспяхова прайшоў медкамісію і розныя тэсты. Яго  ўжо чакала месца вадзіцеля ў аддзяленні ДАІ. Толькі ў справу ўмяшаўся тагачасны кіраўнік аддзялення аховы Міхаіл Сцяпанавіч Таўгень, які літаральна пераманіў перспектыўнага супрацоўніка ў сваю каманду. Такім чынам, у 1996 годзе Сяргей Андрэевіч прыступіў да новых абавязкаў. Амаль год правёў за рулём службовага аўтамабіля, а затым каля васямнаццаці гадоў праслужыў камандзірам аддзялення. Апошнія гады забяспечвае парадак і бяспеку на аб’ектах, што знаходзяцца на абслугоўванні аддзялення.

За гады службы адказны, сур’ёзны і грунтоўны чалавек стварыў не толькі бездакорную прафесійную рэпутацыю. Перад намі – цудоўны сем’янін, адданы муж і бацька. Разам з жонкай Жаннай Міхайлаўнай ён выгадаваў дачку Дар’ю і сына Аляксандра. У іх ячэйцы грамадства пануюць шчырае сяброўства і ўзаемная павага. Усе, хто знаёмы з Сяргеем Андрэевічам, ведаюць: ён валодае мноствам вельмі патрэбных для жыцця якасцей і навыкаў. Не існуе на свеце работы па доме, якую б не маглі адолець яго працавітыя рукі.     

 С. А. Нахай з’яўляецца бясспрэчным аўтарытэтам для сваіх родных, сяброў, суседзяў. Калегі і кіраўніцтва таксама цэняць яго як аднаго з лепшых прадстаўнікоў дружнага калектыву аддзялення. Старшы прапаршчык Нахай неаднойчы адзначаны ўзнагародамі розных узроўняў, у тым ліку медалём “За бездакорную службу” III ступені. Аднак Сяргей Андрэевіч свае заслугі ўзгадваць не любіць. Ён жыве сённяшнім днём, будуе планы і ні адну хвіліну, нават калі займее статус пенсіянера, не плануе сядзець без справы.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ, фота аўтара