Гісторыя пашпарта.17 снежня 100 гадоў споўнілася службе па грамадзянстве і міграцыі.

Закон и порядок Общество

 

Гістарычныя карані ўтварэння падраздзяленняў па грамадзянстве і міграцыі органаў унутраных спраў адыходзяць у глыбіню стагоддзяў. У рускай мове слова “пашпарт” з’явілася яшчэ ў XVII стагоддзі. Пашпартам тады называлі суправаджальную грамату, якая выдавалася дыпламатам, у прыватнасці, паслам на час іх паездак па тэрыторыі іншых дзяржаў. Такі дакумент яшчэ называлі “Ахоўнай граматай”. Ён пацвярджаў дзяржаўныя паўнамоцтвы прад’яўніка і ў пэўнай ступені гарантаваў бяспечнасць перамяшчэння.

 

28 жніўня 1974 года Цэнтральны Камітэт КПСС і Савет Міністраў СССР прынялі Пастанову “Аб мерах па далейшым удасканаленні пашпартнай сістэмы ў СССР”, згодна з якой быў уведзены адзіны для ўсіх катэгорый насельніцтва парадак пашпартызацыі. Савет Міністраў зацвердзіў новы ўзор пашпарта – “Пашпарт грамадзяніна Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік”, які з’яўляўся асноўным дакументам, што засведчваў асобу грамадзяніна і яго прыналежнасць да савецкага грамадзянства. Яго выдавалі пашпартныя аддзелы.

У 1920 годзе на органы ўнутраных спраў было ўскладзена выкананне адміністрацыйных функцый па афармленні віз і рэгістрацыі дакументаў замежных падданых, што прыязджалі ў краіну. Менавіта тады ў сістэме Народнага камісарыята ўнутраных спраў (НКУС) РСФСР былі створаны замежныя аддзелы, якія займаліся пытаннямі дазволу выезду за мяжу і афармлення дакументаў замежным грамадзянам. У той час з’явіліся і першыя нарматыўныя акты, што вызначылі асновы дзейнасці органаў віз і рэгістрацыі (ВіР) – дэкрэты Савета народных камісараў (СНК), загады, цыркуляры і пастановы.

Ужо ў першыя гады савецкай улады кіраўніцтва краіны прыняло меры па дакументаванні грамадзян. Улічваючы інтарэсы працоўных і запыты праваахоўных органаў, Цэнтральнага выканаўчага камітэта (ЦВК) і СНК СССР, 27 снежня 1932 года ўстанавілі адзіную пашпартную сістэму і абавязковую прапіску грамадзян па месцы іх жыхарства. Пашпартныя падраздзяленні былі створаны пасля ўвядзення ў дзеянне пастановы “Аб устанаўленні адзінай пашпартнай сістэмы Саюза ССР і абавязковай прапісцы пашпартоў”. Кіраўніцкая фунцыя пашпартнай сістэмы цалкам была ўскладзена на органы міліцыі.

 На працягу 1932-1974 гадоў пашпартная сістэма мянялася нязначна, а часам і істотна, у сувязі з пэўнымі заканамернасцямі развіцця грамадства. 4 кастрычніка 1935 года стварылася служба ВіР, асноўнай задачай якой з’яўлялася работа з замежнымі грамадзянамі. Устаноўленыя нормы пашпартнай сістэмы поўнасцю не ўкараніліся ў жыццё з-за Вялікай Айчыннай вайны. У гэтыя гады пашпартныя апараты аддзелаў унутраных спраў выконвалі функцыі, звязаныя з пошукам злачынцаў, асабліва агентуры варожай разведкі, асоб, якія прапалі без вестак, згубілі сувязь з роднымі, аказаннем дапамогі ваенным камендантам у мабілізацыйнай рабоце, вялі персанальны і колькасны ўлік насельніцтва.

 Пасля Перамогі пашпартная сістэма працягвае ўдасканальвацца. У 1953 годзе была зацверджана новая Пастанова аб пашпартах, у якой адлюстроўваліся неабходныя змены пашпартнай сістэмы ў бок адмены абмежаванняў, асаблівых правіл прапіскі і г. д.

 У пасляваенны перыяд перад міліцыяй стаялі новыя задачы: выяўленне асоб, што незаконна пражывалі на тэрыторыі Беларусі, устанаўленне роду іх заняткаў у перыяд вайны, ажыццяўленне перапісу насельніцтва, выдача асабістых дакументаў. Усе гэтыя абавязкі былі ўскладзены на супрацоўнікаў пашпартнага стала.

   У час станаўлення Рэспублікі Беларусь як незалежнай, суверэннай дзяржавы адной з першачарговых задач стала фарміраванне атрыбутаў дзяржаўнасці, забеспячэнне рэалізацыі правоў грамадзян на свабоду перамяшчэння і выезду за мяжу, стварэнне ўласнай сістэмы ўліку насельніцтва ва ўсіх яго сацыяльна-эканамічных праявах. Для рэалізацыі задач, якія адносяцца да дзейнасці Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, загадамі міністэрства ў лістападзе 1993 года ў складзе міліцыі грамадскай бяспекі і спецыяльнай міліцыі была створана пашпартна-візавая служба Упраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама і міжраённая пашпартна-візавая служба пры УУС Мінаблвыканкама, а таксама падраздзяленні пашпартна-візавай службы гаррайорганаў унутраных спраў.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 чэрвеня 2004 года была зацверджана Пастанова аб Дэпартаменце па грамадзянстве і міграцыі ў сістэме МУС Рэспублікі Беларусь. Загадам начальніка УУС Мінаблвыканкама ад 10 жніўня 2004 года № 215 створана Упраўленне па грамадзянстве і міграцыі УУС, а раённыя аддзяленні пашпартна-візавай службы пераўтвораны ў падраздзяленні па грамадзянстве і міграцыі.

 

Алена Аляксандраўна Чэрнік, Людміла Аляксееўна Нікановіч, Вольга Анатольеўна Рэўт і куратар службы Васілій Аляксандравіч Граноўскі
Прыём праводзіць Вера Афанасьеўна Лебедзева

Вырашэннем задач, звязаных з дакументаваннем насельніцтва ў Валожынскім раённым аддзеле міліцыі, у розныя перыяды займаліся кіраўнікі падраздзялення: капітан міліцыі Софія Фамінічна Марцінкевіч (1975-1983), маёр міліцыі Уладзімір Уладзіміравіч Ланько (1983-1985), капітан міліцыі Вера Афанасьеўна Лебедзева (1985-1992), маёр міліцыі Людміла Аляксееўна Нікановіч (1993-2006), падпалкоўнік міліцыі Алена Аляксандраўна Чэрнік (2006-2014), маёр міліцыі Алена Іванаўна Лужынская (2014-2018). У 2018 годзе службу ўзначаліла Таццяна Генадзьеўна Цаюн. Побач з імі працавала надзейная і адказная каманда ў складзе капітана міліцыі Вольгі Анатольеўны Рэут, пашпартыстаў Галіны Іосіфаўны Сак, Тарэсы Іванаўны Сліжык, Ніны Іванаўны Болвах – усе яны ветэраны міліцыі. Сёння іх справу працягваюць капітан міліцыі Людміла Іванаўна Бабіч, пашпартысты Вольга Міхайлаўна Войтка, Раіса Васільеўна Цялеўка, супрацоўнік па рэгістры насельніцтва Наталля Леанідаўна Стасяловіч.

 Аднак час не стаіць на месцы, укараняюцца новыя тэхналогіі, мяняецца і пашпартная сістэма. Так, у Беларусі з 1 студзеня 2021 года замест звыклых пашпартоў пачнуць выдаваць ID-карты, а для замежных паездак – біяметрычныя пашпарты.

Карыстаючыся магчымасцю, хачу ад імя кіраўніцтва РАУС павіншаваць супрацоўнікаў і ветэранаў пашпартнай службы з вялікай гістарычнай датай – 100-годдзем з дня ўтварэння службы па грамадзянстве і міграцыі. Пажадаць ім і іх сем’ям здароўя, доўгіх гадоў жыцця, аптымізму і жыццёвай энергіі на многія гады. Разам з тым выказваю ўдзячнасць за добрасумленную працу, бескарыслівасць, высокі парфесіяналізм і ўважлівыя адносіны да людзей.

Аляксандр АКУШКА,

начальнік ідэалагічнай

 работы і кадравага

 забеспячэння РАУС,

падпалкоўнік міліцыі