Рогі ў мінус – надоі ў плюс

Аграрный сектор и промышленность

Тэхналогія дэкарнуацыі (або папросту – абязрожвання) буйной рагатай жывёлы даўно стала шырокапрымяняльнай практыкай на прадпрыемствах аграпрамысловага комплексу. Вучоныя даказалі: у статках, дзе ўтрымліваюцца цяляты і каровы з выдаленымі рагамі, малочная прадукцыйнасць вышэйшая на 7-10%. Каб павысіць эканамічныя паказчыкі, займаюцца гэтай справай і ў гаспадарках Валожыншчыны. Але не ўсюды аднолькава эфектыўна.

Напачатку месяца сельгаспрадпрыемствы раёна ў рамках выканання Дзяржаўнай праграмы «Малако» атрымалі даручэнне правесці абязрожванне сваіх статкаў. І пачалі ў гэтым напрамку дзейнічаць. Праведзеная тыдзень назад праверка паказала, што праблема з работамі паўстала ў ААТ «Багданаўскае». Гаспадарцы была адрасавана заканамерная крытыка – за дапушчаную халатнасць.

Чым пагражаюць зацягнутыя тэрміны правядзення названай працэдуры? Якія віды дэкарнуацыі існуюць, як яны адбіваюцца на здароўі і самаадчуванні пярэстых гадаванцаў і як усё гэта звязана з папярэднім пытаннем? Разабрацца ў гэтых і іншых нюансах дапамог галоўны ветэрынарны ўрач Валожынскай раённай ветстанцыі Алег Жалняровіч.

«Абязрожванне ўвогуле праводзіцца па цэлым комплексе прычын. Па-пер-шае, гэта працэдура, як ужо казалася вышэй, дапамагае нарошчваць малочную прадукцыйнасць за кошт змяншэння крыванасычэння верхняй часткі тулава жывёлы. Па-другое, змяншае рызыку траўматызму як пры даенні, так і ў паводзінах унутры статка. Па-трэцяе, карова становіцца больш спакойнай, з ёй лягчэй працаваць спецыялістам. Яна лепш корміцца і паказвае большыя прывагі. Калі падагульніць, то ад адной толькі дэкарнуацыі залежыць істотнае нарошчванне эканамічнага патэнцыялу сельгаспрадпрыемства, а значыць – і фінансавага дабрабыту работнікаў», – адзначыў Алег Аляксандравіч.

Па словах галоўнага ветурача, абязрожванне выконваецца трыма метадамі: хімічным, тэрмічным і хірургічным, або, як яго яшчэ называюць, крывавым. Найбольш просты, эфектыўны і выгадны для гаспадарак – хімічны. Ён праводзіцца ў маладняку ва ўзросце ад 14 да 21 дня і не патрабуе прыцягнення адмысловых спецыялістаў. Рагавы зачатак саскрабаецца, затым на гэта месца наносіцца спецыяльная мазь, якая перашкаджае росту рагоў. Важная ўмова – утрымліваць жывёлу пад навесам, дахам або ў індывідуальным доміку, каб прэпарат не змыла ападкамі або іншыя цяляты яго не злізалі.

Тэрмічны метад прымяняецца да месячных цялят. Аперацыйнае поле выстрыгаецца, апрацоўваецца антысептыкам, праводзіцца абязбольванне седатыўным прэпаратам. Для працэдуры прымяняецца спецыяльны інструмент – рогавыпальвальнік (паказаны на самым верхнім здымку). Ёсць, праўда, і свой мінус. З-за стрэсу, які выклікаецца ўвядзеннем прэпарату, на працягу тыдня назіраецца зніжэнне прываг. Потым усё паступова вяртаецца ў норму.

Найбольш працаёмкі, патрабавальны да пэўных умоў і жорсткі ў адносінах да жывёлы крывавы метад. Да правядзення гэтай аперацыі можа быць дапушчаны толькі кваліфікаваны спецыяліст. Параметры буйной рагатай жывёлы – паўгода і звыш 200 кілаграмаў. Аперыруемай уводзіцца седатыўны прэпарат, яе фіксуюць і выдаляюць рог з дапамогай «балгаркі» са спецыяльнай насадкай. Пры гэтым адкрываецца дастаткова моцны крывацёк. Яго спыняюць медыкаментамі. Аднак часта здараецца, што пры абразанні рогу траўміруюцца буйныя сасуды. Таму дадаткова патрабуецца аператыўна прыпаліць іх альбо заліць рану растворам перманганату калію.

Такая працэдура праводзіцца строга ў халодную пару года, каб не дапусціць траплення ў рану насякомых. Пры няправільнай тэхніцы выканання работы ў жывёлы можа адкрыцца пазуха. А гэта пагражае запаленнем і, як вынік, вымушанай выбракоўкай каровы. Пры выпадковым парушэнні правіл антысептыкі рэзультат будзе такім жа: у адкрытую рану трапіць інфекцыя, і жывёлу трэба будзе адпраўляць на санітарны забой… Да таго ж можна ўявіць, што пры такой працэдуры адчувае нават абязболены арганізм. Жывёла перажывае мацнейшы стрэс, і нават калі аперацыя праходзіць без ускладненняў, зніжэнне прываг, не кажучы ўжо пра малакааддачу, можа назірацца на працягу месяца.

Як няцяжка здагадацца, хірургічны метад з кожным годам прымяняецца ўсё менш. Аднак іншым разам – асабліва калі патрэбны момант быў упушчаны – спецыялістам папросту не застаецца выбару…

Разумеюць гэта і не жадаюць моцна траўміраваць статак і ў ААТ «Багданаўскае». Гаспадарка закупіла спецыяльную мазь. Па стане на 16 снежня з 220 гадаванцаў 36 ужо абязрожаны хімічным метадам.

Сяргей САДОЎСКІ