З усмешкай заходзіць у хату…

Общество

У рэдакцыю патэлефанавала жыхарка вёскі Пугачы Марыя Сяргееўна Война. Здарылася так, што яна атрымала сур’ёзную траўму нагі і ўжо тры месяцы знаходзіцца ў інвалідным крэсле. Справіцца з нечаканай хваробай і яе паследкамі пажылой жанчыне дапамагае сацыяльны работнік Людміла Рамуальдаўна МАГАЛА. “Яна вельмі добрая душой жанчына”, – адзначыла ў размове Марыя Сяргееўна.

Добрасумленныя адносіны да работы і выдатнае выкананне абавязкаў пацвярджае кіраўніцтва тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У прыватнасці, у 2014 годзе Л. Р. Магала была адзначана Падзякай старшыні райвыканкама, а летась – падзякай цэнтра.

 Працоўны шлях сацыяльнага работніка ў Людмілы Рамуальдаўны пачаўся ў маі 2003 года. “Па прафесіі я кінамеханік, – расказвае яна. – “Пакруціць” кіно давялося нядоўга, бо на змену вялікаму экрану ў дамы прыйшоў відэамагнітафон. Работы па спецыяльнасці не было – так стала прадаўцом: гандлявала ў магазінах у Гярвелях, пасля ў Крывічах. Неяк сустрэла старшыню сельвыканкама Галіну Аляксандраўну Арабей, якая прапанавала пайсці сацыяльным работнікам на Пугачоўскі ўчастак. Сказала: “Упэўнена, у цябе абавязкова ўсё атрымаецца, бо ўмееш ладзіць з людзьмі”. Вось так і дала, як кажуць, пуцёўку ў жыццё”.

Спачатку абслугоўвала на даму па 7-8 чалавек у вёсках Татары, Сцяцкі, Караблі, Татарскія. Зараз даглядае 10 непрацаздольных грамадзян – 2 мужчыны і 8 жанчын: з іх двое адзінокія і тры інваліды, якія пражываюць у шасці населеных пунктах Ракаўскага сельсавета. “З маёй хаты, каб зрабіць круг да ўсіх падапечных, 25 кіламетраў трэба аб’ехаць, – распавядае мая гераіня. – Транспарт мела ўсялякі: спачатку веласіпед, пасля – скутар. У 49 гадоў здала на правы і зараз дабіраюся на машыне. У дом заўсёды заходжу з усмешкай – толькі так можна знайсці паразуменне з пажылымі, хворымі людзьмі, яны ж як маленькія дзеткі. У кожнага свой характар, звычкі, ды і настрой далёка не аптымістычны. Па паводзінах адразу вызначаю, як сябе весці: калі трэба прамаўчаць, а калі, наадварот, шчыра і адкрыта пагаварыць. У кагосьці арыентуюся як у сябе дома, іншы любіць, каб выконвалі яго загады. Усе людзі розныя, як і лёсы чалавечыя. Нават калі хтосьці дрэнны, варта яго зразумець. А для гэтага трэба мець цэлы воз цярпення!”

 У большасці бабулек і дзядулек (так пяшчотна-ласкава сацыяльны работнік называе сваіх падапечных) ёсць дзеці, але да бацькоў рэдка хто прыязджае. “У наш час у дзяцей свае сем’і, балячкі, погляды на жыццё, – працягвае Людміла Рамуальдаўна. – Яны насамрэч вельмі занятыя і гатовыя забраць да сябе бацьку ці маці. Але ж тыя наадрэз адмаўляюцца. Бо ў сваёй хаце кожны гаспадар, ды і родны вугал дапамагае справіцца са старасцю. Вось у мяне дзядок ёсць 92-гадовы: ён памаленьку рухаецца, на двор выйдзе, ката пакорміць – глядзіш, і час хутчэй праходзіць”.

 …Здавалася б, звычайныя будзённыя справы, а колькі за імі глыбіні, роздуму, асэнсавання. Менавіта гэтым і жывуць людзі ва ўзросце. А справіцца з адзінотай, нямогласцю, а часам і з разгубленасцю ім дапамагаюць сацыяльныя работнікі. Часта яны становяцца самымі блізкімі, самымі дарагімі, амаль што роднымі людзьмі. “Іх вопыт – бясцэнны, – кажа Л. Р. Магала. – Я многаму ў іх навучылася і вучуся кожны дзень. Для сябе падказку ўзяла: у жыцці трэба берагчы здароўе і адносіны паміж людзьмі, быць добрым, справядлівым. А калі хтосьці пакрыўдзіў, нельга адказваць тым жа… Я не расчаравалася ў сваёй прафесіі. Бывае, так наморышся – не толькі фізічна, а маральна, што розныя думкі ў галаву прыходзяць: маўляў, усё, хопіць. А раніцай устаю і думаю: “А як жа там без мяне мае бабулькі ноч пераспалі. Не, трэба ісці да іх”.

Алена ЗАЛЕСКАЯ