Запалілі зорку творчасці

Культура

Алена Матус, Ілля Бацян, Ангеліна Жамоздзіна, Анастасія Цаюн

Абласны фестываль дзіцячай творчасці “Запалі сваю зорку” даў старт навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”.

У бягучым годзе з-за пандэміі каранавіруса мерапрыемства, у якім традыцыйна выступаюць як здаровыя дзеці, так і тыя, што маюць інваліднасць, быў арганізаваны ў анлайн-фармаце. Гэта значыць, на раённых этапах, правядзенне якіх каардынавалі ўпраўленні па адукацыі, спорце і турызме райвыканкамаў, адбыўся адбор відэазапісаў з дэманстрацыяй песеннай, харэаграфічнай, музычнай, тэатральнай ці літаратурнай творчасці. Затым лепшыя нумары, ужо на абласным узроўні, манціраваліся ў адзін вялікі канцэрт. У мерапрыемстве прынялі ўдзел установы сярэдняй, спецыяльнай, дадатковай адукацыі, цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

На ўдзел у канцэртнай частцы мерапрыемства былі пададзены 52 заяўкі з усіх раёнаў Міншчыны. Кожны з фіналістаў адзначаны дыпломамі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама.

Трансляцыю вялікага канцэрта, складзенага з відэаматэрыялаў раёнаў-удзельнікаў, можна было паглядзець на YouTube 8 снежня.

Нам жа пашчасціла прысутнічаць у СШ № 2 г. Валожына на праглядзе раённай трансляцыя, што адбылася 15 снежня і доўжылася з 11.00 да 12.00. Дырэктар школы Аляксандр Мікалаевіч Уланчык павіншаваў з узнагародай – дыпломам у намінацыі “Вакальна-харавая творчасць” – групу “Хіт-kids”. Чатыры дзяўчынкі і хлопчык прадставілі ў дабрачынным праекце Валожынскі раён, родную школу і раённы ЦКРНіР. Інклюзіўны нумар – песню “Детки-конфетки” з элементамі харэаграфіі весела і энергічна выканалі Валерыя Кербедзь, Ангеліна Жамоздзіна, Алена Матус, Анастасія Цаюн і Ілля Бацян. Харызма вакалістаў з Валожына дазволіла па-сапраўднаму запаліць зоркі іх таленту.

Валянціна Краўневіч,

фота аўтара