Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

Региональные новости

З пачатку снежня загадчыкам аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прызначана Таццяна Вітальеўна АКУШКА.

Т. В. Акушка першую пасляшкольную адукацыю атрымала ў Нясвіжскім дзяржаўным педагагічным каледжы. А не так даўно без адрыву ад асноўнай работы скончыла педуніверсітэт імя М. Танка па спецыяльнасці “Сацыяльная работа (сацыяльна-педагагічная дзейнасць)”. З 2011 года маладая жанчына працуе ў тэрытарыяльным цэнтры, да дэкрэтнага водпуску – спецыялістам па сацыяльнай рабоце аддзялення пярвічнага прыёму інфармацыі, аналізу і прагназавання. У бягучым месяцы пераведзена на павышэнне.

У перыяд пандэміі наша жыццё змяніла не толькі сэнс, але і рытм. Некаторыя масавыя мерапрыемствы адмяняюцца, переносяцца. Але творчыя асобы не заспакойваюцца, шукаюць прымяненне сваім талентам. Многія конкурсы і фестывалі цяпер проста праводзяцца ў іншым рэжыме.

Для народнага інструментальнага ансамбля “ARS LONGA” Ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў мінулы месяц быў багатым на перамогі. Ансамбль атрымаў Дыплом лаўрэата І ступені ІІІ Міжнароднага конкурсу “Шлях наверх”, які праходзіў у горадзе Самара (Расія). У намінацыі “Інструментальная музыка” нашы землякі занялі першае месца ў Сусветных артыстычных гульнях, што праводзіліся ў Іспаніі. На кожны конкурс адпраўлялі адзін твор – “Караван” Цізольда, выкананне якога запісавалі на відэа.

На карце нашага раёна з’явілася новая аграсядзіба – у вёсцы Кучкуны Ракаўскага сельсавета.

Гаспадар аграсядзібы “ForestsTone” (“Лясны камень”) Дзмітрый Цітоў запланаваў пачатак работы на канец лістапада. Пажадаем навічкам знайсці сваю фішку, каб прымаць пабольш пастаяльцаў.

Абласная арганізацыя Таварыства Чырвонага Крыжа перадала ў наш раён 10 прадуктовых набораў, прызначаных для пагарэльцаў.

У кожным наборы па 8 найменняў прадуктаў: алей, цукар, мясная тушонка і рыбныя кансервы, макарона, грэчка, рыс і чай. Большасць набораў пайшло ў Выганічы, дзе сярод пагарэльцаў значыцца і мнагадзетная сям’я, па адным – у Валожын і Лоск.

Тры прадпрыемствы ўдзельнічалі ў тэндары за арэнду магазіна “Мінскі край” у райцэнтры.

Выйграла яго сетка магазінаў “Дабраном”. З 17 снежня райспажыўтаварыства пачало вывозіць адтуль тавары. Адкрыццё новага магазіна запланавана на канец студзеня наступнага года.

Яшчэ летась каманда нашага раёна стала пераможцай абласной спартакіяды сярод работнікаў фізічнай культуры, спорту і турызму. Узнагародай быў сертыфікат на 10000 рублёў.

І вось напрыканцы снежня ў трэнажорнай зале фізкультурна-аздараўленчага цэнтра раёна (будынак ДЮСШ) з’явяцца два новыя трэнажоры коштам 7000 беларускіх рублёў. Адзін з іх вяслярны, а іншыя для прыводзячых і адводзячых мышцаў бядра. На астатнія 3000 рублёў закуплены спартыўны інвентар для заняткаў фітнесам, сустаўнай гімнастыкай і іншы.

На мінулым тыдні сабачы прытулак у вёсцы Алешчаняты Гародзькаўскага сельсавета наведала журналістка штотыднёвіка “Аргументы и факты”.

 Не ў першы раз газета цікавіцца жыццём гадаванцаў гэтага незвычайнага “гатэля”, пра які ведаюць ужо далёка за межамі нашай краіны. Паабяцалі таксама непасрэдна ў газеце альбо на сайце надрукаваць фота дзесяці сабак. Магчыма, з дапамогай такой папулярнай і шматтыражнай газеты гадаванцы Алены і Ігара Крэйнісаў Алекс, Зеўс, Зара, Рык, Марта, Луна і іншыя знойдуць сваіх новых гаспадароў.

 Чамусьці з цяжкасцямі прыжываюцца ў Валожыне новыя кропкі грамадскага харчавання. А як высвятляецца, паабедаць ці перакусіць на працягу дня ў райцэнтры вельмі праблематычна.

Нядоўга музыка гучала ў прыватнай піцэрыі “Фламінга”, што была з лета ў будынку рэстарана “Іслач”. Думаю, што далёка не ўсе жадаючыя нават паспелі пакаштаваць іх піцу. Не вісіць ужо апарат для прыгатавання кавы, чаю і іншых напіткаў у памяшканні аўтавакзала. А вось ля кафэ “Мара” па вуліцы Партызанскай у апошнія дні назіраецца рух. У арэнду яно здадзена даўно, нарэшце новыя гаспадары пачалі рамонтныя работы.