Падарунак ад банка дапаможа павысіць адукацыйны ўзровень

Общество

Цудоўны перадкалядны падарунак зрабіў калектыў ЦБП № 605 ААТ “ААБ Беларусбанк” у г. Валожыне аддзяленню дзённага наведвання для пажылых людзей тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У сацыяльную ўстанову перададзены пяць камп’ютараў.

Як адзначыў Сяргей Паўлавіч Патапчук, цэнтр банкаўскіх паслуг, які ён узначальвае, – пастаянны ўдзельнік дабрачынных праектаў і ініцыятыў. Таму і на гэты раз на зварот дырэктара ТЦСАН Галіны Фадзееўны Рай адразу быў дадзены станоўчы адказ. Тым больш, што аргументацыя з боку прадстаўнікоў сацыяльнай сферы была сапраўды моцнай. Ідэя заключаецца ў тым, каб пазнаёміць пажылых людзей з камп’ютарнай тэхнікай і зрабіць іх трывалымі карыстальнікамі Інтэрнэту. З цягам часу плануецца дапамагчы шаноўным людзям асвоіць работу з сістэмамі банкаўскага дыстанцыйнага абслугоўвання.

Намеснік дырэктара ТЦСАН Вольга Генрыхаўна Пракопчык выказала верным партнёрам і спонсарам шчырую падзяку. Яна запэўніла: тэхніка, хоць і не новая (каля пяці гадоў адпрацавала ў аддзяленні банка), аднак  для работнікаў і наведвальнікаў іх цэнтра стала шыкоўным і доўгачаканым набыткам. Дарэчы, плануецца, што карыстацца камп’ютарамі змогуць і выхаванцы аддзялення дзённага наведвання для людзей з інваліднасцю.

Загадчык аддзялення для пажылых людзей Ірына Валер’еўна Кавяза паведаміла, што сярод яе падапечных ёсць людзі, якія ў той ці іншай ступені знаёмы з інфармацыйнымі тэхналогіямі, аднак большасць толькі мараць пра тое, каб асвоіць Інтэрнэт. Асабліва цікавіць людзей паважанага ўзросту ўменне выконваць плацяжы, многія жадаюць навучыцца ажыццяўляць пераводы грошай з карты на карту і інш.

 Каб падтрымліваць кантакт з сябрамі, некаторым удзельнікам даводзіцца прасіць дапомогі ў маладых сваякоў. Хутка, як толькі пандэмія каранавіруса адступіць, яны з натхненнем прыступяць да новага вітка ў сваёй адукацыі. У ТЦСАН паведамілі, што выкладчыкі-валанцёры гатовы ў любы момант прыступіць да работы.

Сёння аддзяленне працуе  часткова дыстанцыйна – праз спецыяльна створаную групу ў “Аднакласніках”.

 Папярэднія заяўкі на запіс у групу можна падаць па тэлефоне: 69162.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара