А сэрца ўсё баліць

Культура

Калі яе старэйшыя ўнукі гулялі, а цяпер і меншыя гуляюць у вайну, Марыя Ігнатаўна ім не пярэчыць. Не стае сілы… Халодным дажджом на яе міжволі абрушваюцца горкія ўспаміны. У 1943 годзе ў трохгадовым узросце разам з сёстрамі Галінай і Аленай, а таксама бацькамі яна была прымусова вывезена ў Германію. У дзіцячым маленькім сэрцы ўмясціўся вялікі боль перажытага, і тая пячатка памяці не сціраецца да гэтай пары.
…Ёй хутка семдзесят, а душэўныя раны ўсё баляць. Колькі выцерпела тады сям’я Курневічаў з Курдуноў, апынуўшыся ў Нямеччыне! Галадалі, мерзлі, хварэлі. Кожны дзень быў цяжкім выпрабаваннем. Грэлі сэрца ўспаміны пра родную вёску. Сям’я да пачатку вайны жыла няблага, а паказчыкам заможнасці можна назваць той факт, што бацькі купілі матэрыял і збіраліся будаваць новую ўласную хату. Ужо і фундамент заклалі. Але трагічны чэрвень 1941-га ўсё перакрэсліў чорнай паласой…
Ліхадзейка-вайна адняла ў Марыі дзяцінства, падарвала здароўе. Пакінула ва ўспамінах многа чорных фарбаў. Балюча раніла дзіцячую псіхіку карціна поля бою, усыпанага трупамі, на ўсё жыццё запомніла дзяўчынка, як трапным варожым прыцэлам быў збіты самалёт, які прыбыў з медыцынскай, санітарнай місіяй.
…На ілбе жанчыны выразна выступае гузок. Гэты дэфект на твары таксама з цяжкай “германскай” спадчыны. Забаўляючыся, нямецкія дзеці, шпульнулі каменем у Марыйку і прычынілі ёй не толькі фізічны, але і маральны боль.
Сумнымі ўспамінамі пра вайну перапоўнены старонкі былога М. І. Сарокі. Пра гэта і расказала нам жанчына, калі летась з групай работнікаў сацыяльнага забеспячэння напярэдадні слаўных майскіх свят мы завіталі на яе сядзібу.
Не песціў лёс гэту жанчыну. Працаваць прыйшлося шмат: была паляводам, потым уладкавалася на жывёлагадоўчую ферму ў вёску Крапіўнікі Яршэвіцкага сельсавета. Разам з мужам, Станіславам Пятровічам Сарокам, клапаціліся, каб іх двое дзяцей – сын і дачка – раслі ў дастатку. У жыцці родных дзяцей бацькі стараліся, як у люстэрку, убачыць няспраўджанае шчасце свайго дзяцінства, якое бязлітасна перакрэсліла вайна.
Перажытае ліхалецце трывала загартавала людзей таго пакалення. Сумленне і праца сталі ім галоўнай апорай ва ўсіх цяжкасцях. Лёс зрабіў іх моцнымі, вынослівымі. Яны ні на што ніколі не скардзіліся, а іх сялянскай мудрасці можна было па-добраму пазайздросціць. На жаль, муж Марыі Ігнатаўны ўжо пакінуў гэты белы свет. Дзеці жывуць у Маладзечне. Падтрымліваюць старэнькую маці частымі тэлефоннымі званкамі і прыездамі ў родны дом.
М. І. Сарока з таго пакалення людзей, якія ведаюць, што жыццё ніколі не бывае лёгкім, тым больш, калі на яго шматлікіх скрыжаваннях сваю цяжкую ношу пакінула вайна…

Тэкст і фота Ірыны ПАШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *