Недзіцячыя ўспаміны пра вайну дачкі камісара партызанскага атрада брыгады «Няўлоўныя»

75 лет Великой Победе! Люди и судьбы

 У рэдакцыю часта прыходзяць лісты ад розных людзей. Кожны хоча падзяліцца сваёй гісторыяй, сваімі перажываннямі. Ды толькі не кожнаму ўдасца зрабіць гэта так яскрава, пранікнёна і маштабна, як атрымалася ў Іраіды Козыравай – жыхаркі Мінска, дачкі камісара аднаго з самых праслаўленых, легендарных партызанскіх злучэнняў Беларусі –брыгады «Няўлоўныя». Тата жанчыны Васіль Маркаў калісьці ваяваў непадалёк нашай малой радзімы, а затым пэўны час яшчэ і працаваў дырэктарам школы на Валожыншчыне. Гісторыя, праўда, пачыналася зусім у іншых мясцінах…

Для тых, хто перажыў вайну, успамінаць яе цяжка, ведаю па сабе. Але гэтыя ўспаміны патрэбны маладому пакаленню. Яны дапамагаюць зразумець і ацаніць, якое вялікае шчасце – жыць пад мірным небам, быць удзячнымі і памятаць пра тых, хто цаной свайго жыцця абараніў і захаваў нашу родную Беларусь.

Я хачу расказаць гісторыю маленькай дзяўчынкі, якая спазнала ўсе жахі і нягоды вайны, з першых дзён яе пачатку, у дзіцячай памяці і свядомасці якой вайна пакінула глыбокі, цяжкі след на ўсё жыццё…

Перад вайной мы жылі ў Сурожы – гарадку ў Віцебскай вобласці. Мой тата, Васіль Сямёнавіч Маркаў, працаваў загадчыкам раённага аддзела народнай адукацыі. Мама – Ядвіга Казіміраўна – загадчыцай дзіцячага сада. Мне ж на той час не было і поўных пяці гадоў. Разам рос паўтарагадовы брацік Эдзік. У нашым доме часта бывалі госці, разам мы сустракалі святы, і нішто не прадвяшчала бяды.

…Той раніцай я прачнулася ад галасоў. Убачыла, што маці стаіць ля акна і плача. Тата, цалкам апрануты, з торбай праз плячо, стаіць побач і супакойвае. Пачула, як ён сказаў: «Я абавязаны паспець у райкам на зборы». Пацалаваў маму і хутка сышоў. Спалоханая, я ўскочыла з ложка і кінулася да матулі. Яна моцна прыціснула мяне да грудзей і ціха сказала: «Вайна, дачушка». Ад гэтых слоў стала страшна…

Хутка я зразумела, што такое вайна, адбылася першая сустрэча з ёй. Нямецкі самалёт бамбіў наш Сурож. Мы сядзелі ўтрох пад яблыняй, прыціснуўшыся адзін да аднаго. Мама трымала закручанага ў коўдру Эдзіка на руках, хоць на вуліцы было цёпла. Самалёт скінуў тры бомбы (гук ад выбухаў быў вельмі гучны) і паляцеў.  Казалі, што гэта быў самалёт-разведчык.

Да канца дня прыйшоў дадому тата і паведаміў, што нам трэба тэрмінова з’язджаць з Сурожа ў Полацк. Сам ён са сваёй групай таксама пакідае горад. У прыгарадзе Полацка на беразе ракі ў невялікім доме жылі маміны бацькі: дзядуля Казімір, бабуля Стафанія і цёця Віля. Калі мы прыехалі ў Полацк, немцы былі ўжо ў горадзе, многія дамы стаялі разбураныя. На малой радзіме матулі мы пражылі нядоўга. За намі прыехаў другі мой дзядуля Сямён, каб забраць нас да сябе ў вёску. З’язджаць я не хацела, крычала і плакала. Толькі калі зусім знясілела і ахрыпла, мяне змаглі пасадзіць на калёсы.

Ехалі мы доўга. У адным месцы трэба было перасячы раку. Раптам конь спыніўся і заўпарціўся назад. Перад мостам і на мосце ляжалі шмат забітых салдат. Да нас падбегла нейкая жанчына і сказала, каб мы хутчэй рухаліся. Яна выпусціла ракету ў неба і схавалася ў лесе. Каб не бачыць пераезд, я схавалася з галавой пад коўдру. Як даехалі, не памятаю, яшчэ доўга пасля не магла гаварыць.

Дзядуля прывёз нас на татаву радзіму – у вёску Шлях Расонскага раёна. З дзедам Сямёнам і бабуляй Марыляй жылі іх дочкі Клава і Люба. Іншыя іх дзеці – Марка, Іра і Іван – былі на фронце. Мой тата – у партызанах. Старэйшая дачка Фрося была замужам у іншай вёсцы, у яе было двое дзяцей, муж ваяваў на фронце і загінуў.

Дзядуля Сямён быў майстрам на ўсе рукі, хадзіў на паляванне і рыбалку. Адзін раз, памятаю, злавіў шчупака, дык галаву рыбіны трымаў на плячы, а хвост даставаў да каленяў. Узімку на вуліцу мяне выпускалі рэдка: трэба было берагчы валёнкі. Калі наступіла вясна, я пачала выходзіць на двор басанож, пазнаёмілася з вясковымі дзецьмі. Яны навучылі мяне знаходзіць у пяску чорныя арэшкі (клубні нейкай расліны), усярэдзіне яны былі белыя, салодкія, хрумсткія. Хадзіла з Клавай у бярозавы гай. Тая здымала нажом з бярозы кару, пад ёй быў застылы бярозавы сок. Наразала яго палоскамі, давала мне паспрабаваць. Да гэтай пары памятаю, які ён быў салодкі…

Некаторы час мы жылі ў іншай вёсцы, дзе быў партызанскі шпіталь. Мама даглядала параненых. Я прыходзіла туды з ёй, паіла вадой тых, хто хацеў. У шпіталі ляжаў паранены партызан Куляшоў. Ён радаваўся майму прыходу, называў мяне «сваёй медсястрычкай». А аднойчы ў шпіталь заехаў Бацька Мінай, так яго называлі. А я яго ведала як Шмырова, нашага суседа ў Сурожы. Ён заходзіў да нас, сябраваў з татам. Але цяпер пазнала з цяжкасцю. Мама яго пакарміла, яны сядзелі і ціха размаўлялі. Мама плакала. Потым мне сказала, што ў Міная Шмырова немцы расстралялі ўсіх яго чатырох дзяцей і родную сястру.

Зіма наступнага года была вельмі трывожнай, ішлі размовы, што немцы сталі рабіць наезды на вёскі, забіваць людзей за сувязь з партызанамі. Неяк раз я гуляла ў сяброўкі Алі. Мы забаўляліся і не чулі, што адбываецца на вуліцы. Нечакана адчыніліся дзверы, і ў хату забег бледны, у расшпіленым паўкажушку мужчына. Гэта быў старшыня сельсавета. Ён кінуўся на ложак, яго ўсяго трэсла. Следам увайшлі з вінтоўкамі два немцы, забралі яго і павялі. Мы з Аляй падбеглі да акна. На плошчы, недалёка ад дому, убачылі невялікую групу незнаёмых людзей. Да іх штурхнулі старшыню сельсавета. А насупраць стаялі жыхары вёскі. Там была і мая мама. Немец дапытваўся пра партызанаў, абяцаў маркі. У вёсцы ведалі, што мой тата – камісар партызанскага атрада, але нас ніхто не выдаў. Неўзабаве немец махнуў рукой, пачуліся выстралы, і прывезеныя для пакарання людзі і старшыня пападалі. Немцы селі на машыну і з’ехалі, вясковыя жыхары разышліся. Трупы засталіся ляжаць на снезе, ля дарогі. Каб трапіць дадому, мне трэба было прайсці побач з імі. Пасля ўбачанага і перажытага ў той дзень я нічога не адчувала і нават не баялася. Толькі бачыла перад сабой вочы асуджанага на смерць чалавека.

Праз некалькі дзён пасля гэтай страшнай падзеі да нас у двор заехала машына. Некалькі фашыстаў зайшлі ў хату і загадалі Клаве і Любе выходзіць, на зборы далі некалькі хвілін. Бабуля кінулася ўслед, усе плакалі, крычалі. Клаву і Любу заштурхалі ў машыну. Там на саломе ўжо сядзелі некалькі дзяўчат з вёскі. Іх везлі ў Германію. Клаве было 17 гадоў, Любе – 14. Машына паехала, а бабуля яшчэ доўга галасіла ў двары. Потым пайшлі чуткі, што з аблавай ідуць карнікі, спальваюць хаты, забіваюць усіх запар. У Расонах вунь забілі маці Пятра Машэрава! Усе былі напалоханыя, спаць клаліся ў вопратцы і абутку, для кожнага была падрыхтавана катомка. Памятаю, як раніцай пачуўся мамін крык: «Карнікі!» Яна выходзіла на ганак і ўбачыла лыжнікаў, што спускаліся ў вёску з іншага боку. Хутка папярэдзіла бліжэйшых суседзяў. Схапіла Эдзіка на рукі. Наш дом быў крайнім, побач з лесам. Мы пабеглі ў бок гары, зарослай ялінкамі. Дзядуля адразу пайшоў шукаць партызанскія зямлянкі. Сказаў, каб чакалі яго на гары.

Калі мы ўзлезлі наверх, усё, што адбывалася ў вёсцы, было як на далоні. Там ішла расправа. Людзей, якія не паспелі ўцячы, заганялі ў вялікі дом. Яны вырываліся, чуліся крыкі, стрэлы. Дом падпалілі, полымя ўскінулася высока. З намі была маці дзвюх дзяўчынак, якія засталіся ў вёсцы. Яна паспела вывесці з хлява карову ў лес, а вось дзяўчынкі ўцячы не паспелі. Адна з яе дачок выскачыла з палаючага дома. Немец выстраліў, яна ўпала. На штыках яе паднялі і кінулі ў агонь… Узрушаныя ўбачаным, дарослыя і дзеці плакалі моўчкі. Унізе гарэла вёска. Маці дзяўчынак сядзела на снезе, разгойдваючыся з боку ў бок, гучна стагнала і галасіла.

Пішу гэтыя радкі, і страшная карціна ўсплывае ў памяці. Зноў перажываю той жах, сэрца сціскаецца ад болю, ручаём льюцца слёзы.

Мы ўсе змерзлі. Не дачакаўшыся дзядулі, пайшлі ўглыб лесу шукаць месца, каб пераначаваць. З намі былі суседзі, у асноўным жанчыны з дзецьмі. Хтосьці ўспомніў, дзе былі старыя закінутыя партызанскія зямлянкі, і павёў нас да іх. Там і спыніліся. Куды падзелася бедная маці згарэлых дзяўчынак, не ведаю, але больш я яе не бачыла.

У зямлянкі трэба было запаўзаць. Спалі на зямлі – ратавала ватная коўдра. Разам з іншымі жанчынамі мама хадзіла кудысьці далёка за бульбай. Я з трывогай чакала іх вяртання. Ішлі назад яны пад вечар. Як цяпер бачу, як яны брыдуць па снезе, з цяжкасцю перастаўляючы ногі, адзін за адным. На плячах – клункі з бульбай. Адзін раз нават прынеслі мочаных брусніц. Ноччу распальвалі вогнішча, каб спячы падмерзлую бульбу. Кожнаму выпадала па тры-чатыры штукі на дзень. Але ніхто з дзяцей не плакаў і не прасіў больш.

Над вогнішчам трэслі вопратку, каб пазбавіцца ад паразітаў. Іх было так шмат, што нават быў чутны трэск. Ноччу мой маленькі брацік прасіў: «Рэнечка (так звалі мяне ў дзяцінстве), пачашы мне спінку!» Я засоўвала руку яму пад вопратку і выцягвала ў жмені вошай.

Так мы жылі з дня ў дзень тыдні два, а можа і больш. Потым здалёк да нас сталі даносіцца стрэлы, брэх сабак. Карнікі ішлі з аблавай. Мы са страхам гадалі, што ж будзе з намі?..

У адзін з дзён нашага знаходжання ў лесе я хадзіла каля зямлянкі. Памятаю, ярка свяціла сонца, блішчаў снег. Убачыла салдат, якія спускаліся па касагоры, са зброяй на грудзях. Яны былі ў незнёмай вопратцы, без сабак. Падышлі да мяне, сталі гаварыць. Нешта знаёмае я пачула ў іх словах. Потым хтосьці сказаў, што гэта былі чэхі.

Усіх нас сабралі і павялі да машыны. Прывезлі да вялікага барака за калючым дротам. Спачатку павялі ў лазню. Вопратку забралі, мы стаялі голыя, у чарзе, перад мужчынам у белым халаце. Ён грэбліва глядзеў на нас, даваў кожнаму кавалачак мыла. Я бачыла, што мама саромеецца, таму ўзяла мяне на рукі. Пасля лазні вопратку нам вярнулі, яна была гарачай.

У бараку паказалі месца на нарах. Кармілі адзін раз у дзень баландай –гэта такі суп, цёмны, слізкі, з непрыемным пахам. Праз некалькі дзён нас пагрузілі ў таварны цягнік, дзверы замкнулі і павезлі ў Германію. У дарозе амаль увесь час я спала, закапаўшыся ў салому. У вагоне было холадна і цёмна, святло пранікала толькі праз шчыліны. Першы прыпынак, які я памятаю, быў у Літве. Цягнік стаяў доўга. Дзверы рассунулі, нам дазволілі выйсці з вагона, каб вынесці гаршкі і набраць вады. На станцыі былі мясцовыя жыхары, яны прыйшлі да нашага цягніка, сталі раздаваць ежу і трохі цёплай вопраткі, асабліва дзецям. Маме далі бутэльку цёплай, вельмі салодкай вады. Яна адразу хацела напаіць Эдзіка, але ён спачатку адмовіўся. Я яе паспрабавала і не змагла спыніцца, пакуль не выпіла ўсю. Калі Эдзік папрасіў папіць, вады ўжо не было. Мама накрычала, але мне і самой было вельмі сорамна. Па дарозе мама і Эдзік захварэлі на тыф. Цяпер я думаю, што гэта было нашым выратаваннем, бо невядома, з якой мэтай везлі дзяцей у Нямеччыну.

Нашу сям’ю знялі з цягніка і размясцілі на падворку ў літоўцаў, у невялікім памяшканні. Там было цёпла і пахла варанай бульбай. За намі даглядала наша бабуля Марыля. Праз яе гаспадар перадаваў нам ежу.

Не ведаю, як пра нас даведалася аптэкарка-полька. Яна акружыла вялікім клопатам, лячыла маму і Эдзіка, прыносіла ежу. Да гэтага часу я з вялікай удзячнасцю ўспамінаю гэту добрую жанчыну. Па просьбе мамы яна напісала і паслала ліст у Латвію, на адрас маміных сваякоў. Ліст аптэкаркі на хутары атрымалі, але доўга не маглі зразумець, хто звяртаецца да іх з просьбай з Літвы. Нарэшце бабуля здагадалася, што гэта яе дачка Ядзя з дзецьмі просіць аб дапамозе. За намі прыехала цёця Віля. Убачыўшы нас,  моцна плакала. Потым расказала, што вельмі баялася не давезці мяне жывой: я была празрыстая і лёгкая, як пёрка.

У машыне мяне паклалі на салому, закруціўшы ў коўдру. Больш нічога не памятаю, была без прытомнасці. Праз некалькі дзён ачуняла і ўбачыла, што ляжу на мяккай пасцелі ў вялікім светлым пакоі. У куце, на стале, стаяла маленькая труна, там ляжаў мой брацік. Мама паднесла мяне, але я не змагла глядзець на Эдзіка і адвярнулася…

Папраўлялася я павольна. Не хацела нічога есці, не магла хадзіць.

З дабрынёй і клопатам нашы сваякі ставіліся да нас. Аднак такое дабро абярнулася для іх вялікай бядой. Усе ў доме, акрамя бабулі Марылі, захварэлі на тыф. Мой дзядуля Казімір і бабулін брат Антон памерлі. Да гэтага часу я адчуваю віну: мы заразілі іх тыфам. Але ні тады, ні пасля нас ніхто ў гэтым не папракнуў.

Калі я стала папраўляцца і змагла патроху выходзіць з дома, пачала знаёміцца з тым месцам, куды нас прывезла цётка Віля. Гэта быў хутар. Тут было спакойна, нічога не нагадвала пра вайну. Але вайна сама пра сябе нагадала.

Апоўдні з мамай мы пайшлі на луг, каб аднесці ежу пастуху. На краі пашы раслі бярозкі, там я ўбачыла суніцы і засталася іх збіраць. Раптам я пачула гул самалётаў. Два паветраныя судны ганяліся адзін за адным – то адляталі, то зноў набліжаліся. Заміраючы ад страху, я запаўзла пад куст, прыціснулася да зямлі і не варушылася. Нешта са свістам праляцела над галавой. Выбухнула, у вушах заклала. Адзін самалёт, увесь у чорным дыме, падаў за лес. Другога не было бачна. Калі стала ціха, я выпаўзла з куста. Да мяне падбегла мама, яна таксама схавалася за вялікім каменем непадалёк. Мама была ў карычневай вязанай кофце. Калі прыйшла дадому, убачылі дзве дзіркі на каўняры. Усе дзівіліся, як яна засталася ў жывых.

Праз некалькі дзён пачалася бамбёжка Дзвінска. Уначы бачылі зарыва над горадам. Даходзілі чуткі, што немцы паспешліва пакідаюць Дзвінск. Неўзабаве нашы войскі ўвайшлі ў горад. Праз пару дзён на хутар прыехала машына з савецкімі салдатамі. Камандзір даведаўся, што тут прытулілі сям’ю камісара партызанскага атрада. Я была ў цэнтры ўвагі, усім хацелася зрабіць нешта добрае для дачкі камісара…

Пасля вызвалення Дзвінска мама і цёця Віля паехалі туды працаваць. Мама – у дзіцячым прыёмніку-размеркавальніку, цётка – ва Управе. Дзе знаходзіцца тата, мы не ведалі. Матуля напісала ліст у Сурож, але адказу не атрымала. Выпадкова сустрэла знаёмага, які прыехаў з Беларусі ў Дзвінск па рабоце. Ад яго даведалася, што наш татка жывы, працуе загадчыкам раённага аддзела народнай адукацыі, і даў яго адрас. Мама паведаміла, дзе мы знаходзімся, і неўзабаве ён прыехаў за намі. Татка таксама шукаў нас у Віцебскай вобласці. Пасля расфарміравання партызанскай брыгады «Няўлоўныя» ён хацеў вярнуцца ў Сурож. У Штабе кіравання партызанскім рухам у Мінску сустрэўся з Пятром Міронавічам Машэравым, якога ведаў па Расонах і Віцебскім педінстытуце. Машэраў прапанаваў бацьку паехаць разам працаваць у Заходнюю Беларусь, у Маладзечанскую вобласць.

На перавоз сям’і тату далі тры дні. Трэба было тэрмінова збірацца. Мне было сумна расставацца з дарагімі  людзьмі.

У Беларусь мы вярталіся на цягніку. Прыехалі ў невялікі гарадок Крывічы. У таты быў маленькі пакой на другім паверсе, побач з райана. Там мы і пасяліліся. На першым паверсе перапрацоўвалі малако і нават рабілі марожанае, але я яго не спрабавала. Прадукты атрымлівалі па картках, іх было няшмат.

У 1944 годзе я пайшла ў школу ў першы клас. Па дарозе я часта сустракала пажылую жанчыну ў белай хустачцы з добрым тварам. Яна прасіла міласціну. Аднойчы я вырашыла падысці да яе і аддала свой хлеб. Яна заплакала і расказала, што ў яе былі два сыны-лётчыкі, яны загінулі, а дом спалілі немцы. Мне стала вельмі шкада гэту жанчыну, я прывяла яе да нас дадому. Мама выслухала яе гісторыю і накарміла. Параіла, куды звярнуцца за дапамогай. Праз некаторы час яна прыйшла да нас з удзячнасцю. Мы радаваліся разам з ёй.

Наступіла вясна. Усе гаварылі: хутка канец вайне. Нарэшце мы дачакаліся шчасця – Дня Перамогі.

Тым, хто не бачыў, не перажыў нягоды ліхалецця, цяжка адчуць атмасферу гэтага дня, таго, што рабілася з людзьмі. Усе выбеглі на вуліцу, абнімалі адзін аднаго, плакалі і смяяліся, спявалі і танцавалі. Вынеслі сталы, паставілі на іх што ў каго было, і гулялі да раніцы. Некалькі разоў тата прасіў праспяваць яго любімую песню “У зямлянцы”.

Потым сталі вяртацца з фронту салдаты. Я не ведаю, як таткавы браты і сястра змаглі даведацца, дзе мы жывём, але ўсе яны з фронту прыехалі ў Крывічы. Больш ім ехаць не было куды. Ва ўсіх ззялі на грудзях баявыя ўзнагароды. У таты – медалі «За адвагу», «Партызану Айчыннай вайны», ордэн Чырвонай Зоркі. Асабліва шмат баявых узнагарод было ў дзядзькі Івана. Яго фатаграфія, дарэчы, захоўваецца ў музеі Вялікай Айчыннай вайны.

Дзядзька Іван і цётка Іра засталіся ў Крывічах. Дзядзьку назначылі намеснікам старшыні райвыканкама. Праз тры гады ён памёр ад старых ран. У яго засталіся двое маленькіх дзяцей. Цётка Іра стала працаваць у магазіне, а дзядзька Марка, які з вайны вярнуўся інвалідам, з’ехаў на Каўказ.

У 1946 годзе тату перавялі ў Валожынскі раён дырэктарам школы. Да нас некалькі разоў прыязджаў з Масквы татаў камандзір Анатоль Рыгоравіч Марозаў, які камандаваў «Няўлоўнымі». Да яго гэту брыгаду ўзначальваў Герой Савецкага Саюза Міхаіл Сідаравіч Пруднікаў.

Аб сустрэчы партызанскіх атрадаў брыгады «Няўлоўныя» зняты двухсерыйны фільм. Камісарам аднаго з атрадаў быў мой тата. Паехаць на сустрэчу ён не мог, бо да таго часу цалкам аслеп. З яго атрада на сустрэчы прысутнічалі два чалавекі, у іншых – па 8-10, а былі і па адным. Глядзела на іх са слязамі на вачах, як на самых родных мне людзей. Яны ведалі майго тату, прайшлі з ім цяжкімі дарогамі вайны ад усходніх межаў Віцебскай вобласці да заходніх Гродзенскай.

Сёлета мне споўнілася 84 гады. Але ў маёй душы жыве ўсё тая ж маленькая дзяўчынка, з сумнай гісторыяй якой я вас пазнаёміла…

Іраіда КОЗЫРАВА (Маркава),

г. Мінск