Бяспечныя канікулы

Безопасность и здоровье

Праблема дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму па-ранейшаму застаецца актуальнай. У бягучым годзе ў параўнанні з мінулым на тэрыторыі Мінскай вобласці зафіксаваны рост колькасці аварый з удзелам непаўналетніх.

За 11 месяцаў 2020 года на Міншчыне зарэгістраваны 87 ДТЗ з удзелам дзяцей. У выніку загінулі 7 непаўналетніх, 93 – атрымалі траўмы.

 За такі ж перыяд 2019 года ў 55 ДТЗ загінулі 2 дзяцей, 64 – атрымалі траўмы. Па віне саміх дзяцей адбыліся 30 ДТЗ (у 2019 годзе – 17). На тэрыторыі Валожынскага раёна ДТЗ з удзелам дзяцей не зарэгістраваны.

Дзеці-пешаходы:

З удзелам дзяцей-пешаходаў зарэгістраваны 36 ДТЗ, у выніку якіх загінулі 2 дзяцей, 36 – атрымалі траўмы. Большая частка падобных здарэнняў адбылася на нерэгулюемых пешаходных пераходах. У некаторых выпадках дзеці выбягалі на праезную частку дарогі.

Адной з прычын траўміравання пешаходаў, у тым ліку і дзяцей, застаецца няўважлівасць вадзіцеляў. Згодна з ч. 6 арт. 18.14 КоАП Рэспублікі Беларусь, за невыкананне асобай, што кіруе транспартным сродкам, патрабаванняў дарожных знакаў ці разметкі, а таксама за непрадастаўленне перавагі ў руху пешаходам наступае адміністрацыйная адказнасць у выглядзе папярэджання ці штрафу ў памеры ад 1 да 5 базавых велічынь. За паўторнае парушэнне на працягу аднаго года пасля першага пакарання, згодна з ч. 12 арт. 18.14 КоАП Рэспублікі Беларусь, прадугледжана адміністрацыйная адказнасць ад 2 да 8 базавых велічынь.

Што тычыцца пешаходаў, то, нават маючы перавагу на нерэгулюемым пешаходным пераходзе, ён абавязаны ўпэўніцца ў адсутнасці транспарнага сродку. Калі ж транспарт ёсць, неабходна паглядзець па баках і ўпэўніцца ў тым, што вадзіцель прапускае, толькі пасля пераходзіць дарогу.

 Вялікую небяспеку ствараюць прыпаркаваныя аўтамабілі. Перш чым выходзіць на дарогу з-за іх, неабходна паглядзець, ці не едзе машына. Асабліва пільнымі патрэбна быць у цёмны час сутак.

Дзеці-пасажыры:

За азначаны перыяд адбыліся 34 ДТЗ з удзелам дзяцей-пасажыраў, з якіх 5 загінулі, 39 – атрымалі траўмы. З агульнай колькасці ДТЗ з непаўналетнімі пасажырамі 24 дзіцяці перавозіліся з парушэннем Правіл дарожнага руху. Нягледзячы на гэта, многія аўтааматары працягваюць перавозіць дзяцей без аўтакрэслаў, бустараў, спецыяльных падушак.

 Перавозіць дзяцей да 12 гадоў без выкарыстання спецыяльных устройстваў дапускаецца толькі ў тых выпадках, калі рост непаўналетняга перавышае 150 см, а таксама ў таксі.

 Для забеспячэння найбольшай бяспекі да падбору дзіцячага крэсла неабходна падыходзіць сур’ёзна. Аддавайце перавагу мадэлям, што адпавядаюць росту і вазе малыша.

З мэтай своечасовага рэагавання на абстаноўку, якая склалася ў сферы бяспекі дарожнага руху, папярэджання і зніжэння цяжкасці наступстваў ДТЗ з удзелам непаўналетніх напярэдадні і ў час зімовых канікул з 14 снежня 2020 года па 10 студзеня 2021 года Дзяржаўтаінспекцыя  сумесна з іншымі службамі міліцыі грамадскай бяспекі праводзяць комплекс прафілактычных мерапремстваў “Бяспечныя канікулы”.

 

РЭКАМЕНДАЦЫІ ДАРОСЛЫМ:

  1. Малалетніх дзяцей вадзіце за руку. Рухайцеся насустрач транспарту па абочыне ці тратуары. Дзіця трымайце далей ад дарогі. Расказвайце дзецям правілы, вучыце ўласным прыкладам.
  2. Не выходзьце з-за стаячай машыны, не паглядзеўшы па баках.
  3. Перш чым пераходзіць даргу, агледзьце яе. Не пераходзьце на чырвонае святло святлафора. Пераходзьце толькі ў месцах, што абазначаны знакам “Пешаходны пераход”.
  4. З аўтобуса выходзьце першымі.
  5. Ні на хвіліну не пакідайце дзіця без нагляду дарослых нават у двары дома.
  6. Не дазваляйце дзецям гуляць паблізу ад дарог.
  7. Калі перавозіце дзяцей, карыстайцеся рамянямі бяспекі, а ў выпадку з малышамі – спецыяльнымі крэсламі.
  8. Сачыце, каб дзеці ў час руху па вуліцах не карысталіся мабільнымі ўстройствамі і не слухалі музыку праз навушнікі.

РЭКАМЕНДАЦЫІ ДЗЕЦЯМ:

  1. Гуляючы па вуліцы, абходзьце выезды з гаражоў і аўтастаянак.
  2. Не пераходзьце вуліцы на чырвонае святло.
  3.   Перад тым, як перайсці дарогу, уважліва паглядзіце па баках.
  4. Калі страшна пераходзіць дарогу аднаму, папрасіце дапамогі ў дарослых ці пачакайце, калі будзе пераходзіць дарослы і ідзіце за ім.
  5. Не выбягайце на праезную частку за мячом ці любымі іншымі цацкамі.
  6. На аўтобусным прыпынку абходзьце транспарт толькі ззаду.
  7. Не бярыце прыклад з дарослых, якія парушаюць Правілы.
  8. Папрасіце бацькоў купіць вам спецыяльныя святлоадбівальнікі (павязкі, значкі, кулоны, наклейкі) і замацуйце іх на адзенні.

 

Дзеці ў аўтамабілі:

  1. Перад любой, нават непрацяглай паездкай абавязкова замацуйце сябе рамянямі бяспекі.
  2. Не ўставайце з месца – пры павароце можаце ўпасці.
  3. Не высоўвайце рукі з акон – транспарт, што праязджае міма, можа траўміраваць вас.
  4. Правярайце, ці добра зачынілі дзверы.
  5. Не дазваляйце сабе свавольствы з дзвярнымі ручкамі.
  6. Не датыкайцеся да кнопак і рычагоў кіравання.
  7. Не датыкайцеся да руля, калі аўтамабіль рухаецца.
  8. Выходзьце з машыны толькі з боку тратуара (абочыны).

Выконвайце Правілы дарожнага руху! Беражыце сябе!

АДАІ Валожынскага РАУС