Энергія святла

Общество

У Беларусі Дзень энергетыка адзначаецца 22 снежня. Гэта свята тых, хто займаецца выпрацоўкай, перадачай і збытам электрычнай і цеплавой энергіі. Мы, людзі, любім камфорт і хуткасць і настолькі прызвычаіліся да ўсіх выгод цывілізацыі, што рэдка задумваемся аб тым, адкуль яны бяруцца. Кватэры, поўныя святла і ўтульнасці, дзе тэхніка клапоціцца пра нас, з крана цячэ гарачая вада, цяпло ідзе па трубах, нарэшце – сотавая сувязь і інтэрнэт. Работа ўсіх гэтых прыбораў і сістэм стала б немагчымай без электрычнасці.

Самае непасрэднае дачыненне да галіны мае Валожынскі ўчастак філіяла “Энергазбыт” Маладзечанскага МРА “Мінэнерга”, адной з асноўных задач якога з’яўляецца забеспячэнне надзейнай і дакладнай работы разліковых прыбораў уліку электрычнай энергіі на аб’ектах энергасістэмы і ў спажыўцоў. Пачынаючы з 2016 года, вядзецца ўкараненне новай тэхналогіі збыту электрычнай энергіі, што базіруецца на выкарыстанні сучасных электронных прыбораў уліку і забяспечвае больш дакладны ўлік электраэнергіі. Гэта стала магчымым дзякуючы Праграме мадэрнізацыі сродкаў уліку электраэнергіі, разлічанай да 2023 года, згодна з якой у бытавых спажыўцоў (грамадзян) бясплатна вядзецца замена індукцыйных лічыльнікаў святла на электронныя.

Чатырнаццаты год тэхнікам 2-й катэгорыі абаненцкага аддзела працуе Галіна Аляксееўна КОСІК. Кіраўніцтва характарызуе яе адказнага і добрасумленнага работніка, карэктнага ў зносінах са спажыўцамі электрычнай энергіі, сапраўднага спецыяліста сваёй справы.

Штодзённая праца складаецца з заключэння дагавораў электразабеспячэння з бытавымі спажыўцамі, афармлення новых допускаў у эксплуатацыю жылых будынкаў грамадзян, работа з базай даных. Усяго на ўліку ў арганізацыі знаходзіцца больш за 26 тысяч абанентаў. Адной з асаблівасцей з’яўляецца растлумачэнне па аплаце за спажываемую электраэнергію па прымяняемых тарыфах. У людзей узнікаюць розныя пытанні, бываюць недастатковыя разуменні і важна правільна, а самае галоўнае – проста і на зразумелай чалавеку мове патлумачыць, як вядзецца разлік. Тут патрэбны прафесіяналізм, скрупулёзнасць і дакладнасць.

Зараз у сістэме энергазабеспячэння шмат новага і досыць прывабнага для спажыўца. У сувязі з уводам у эксплуатацыю ў краіне Астравецкай атамнай электрастанцыі ў тых, хто не мае прыроднага газу, ёсць магчымасць выкарыстоўваць электрычную энергію для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння. Вельмі спакушае кошт – крыху больш за 3 капейкі за адну кілават/гадзіну. Так, на пачатак снежня бягучага года дагаворы на электраацяпленне па раёне заключылі 243 абаненты і 11 – па Валожыне. Нарэшце, святло ў канцы тунэля ў прамым сэнсе слова ў вырашэнні набалелага гадамі пытання – ацяплення ўласных дамоў – з’явілася ў жыхароў Вішнеўскай і Багданаўскай зон. І тут важна адзначыць: пры наяўнасці тэхнічнай магчымасці ў іх населеных пунктах можна будзе перайсці на спажыванне электрычнасці. Да таго ж распрацавана розная сістэма аплаты – у залежнасці ад таго, чым карыстаешся: можна падключыць, як кажуць, тры ў адным – цяпло, гарачую ваду і электрапліту. Дарэчы, 43 абаненты па раёне ўжо перайшлі на апошні від электразабеспячэння.

 У наступным годзе Беларуская энергасістэма адзначыць сваё 90-годдзе. За дзесяцігоддзі электрычнасць трывала ўвайшла ў звычайны ўклад жыцця і з’яўляецца неад’емнай часткай паслуг, якія дзяржава аказвае насельніцтву, забяспечвае жыццядзейнасць і працаздольнасць прадпрыемстваў, арганізацый, школ, дзіцячых садкоў, бальніц. А самае галоўнае, што яна нясе энергію святла.

Алена ЗАЛЕСКАЯ