Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

Региональные новости

Настаўнікі не толькі вучаць падрастаючае пакаленне, але і пастаянна вучацца самі. Павышаюць сваё майстэрства, нават набываюць новыя спецыяльнасці. Гэты працэс не спыняўся і сёлета, нягледзячы на складанасці эпідэміялагічнай абстаноўкі.

 На працягу 2020 года прайшлі атэстацыю на больш высокую кваліфікацыйную катэгорыю 47 педагагічных работнікаў устаноў адукацыі раёна. Высокае званне настаўнік-метадыст прысвоена аднаму педагогу, пра гэта газета пісала раней. 9 настаўнікаў атрымалі вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, 19 – першую і 18 чалавек – другую.

У снежні ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў УА “Беларускі дзяржаўны педуніверсітэт імя М. Танка” скончыла двухгадовую перападрыхтоўку па спецыяльнасці “Матэматыка” Галіна Вітольдаўна Бурачэўская. Да гэтага моманту ў жанчыны была вышэйшая, але не педагагічная адукацыя. Галіна Вітольдаўна працуе ў Івянецкай сярэдняй школе.

 У мінулыя гады перападрыхтоўку праходзілі па 3-4 чалавекі, якія атрымлівалі педагагічныя спецыяльнасці, запатрабаваныя ў раёне. Напрыклад, сацыяльная педагогіка, алігафрэнапедагогіка, інфарматыка, дашкольная адукацыя, практычная псіхалогія і іншыя.

Цэлы год прайшоў практычна без масавых мерапрыемстваў і канцэртаў, у прыватнасці. І вось 16 снежня адразу два канцэрты адбыліся на сцэне раённага Цэнтра культуры. Прайшлі яны ў рамках рэспубліканскай акцыі “Майстры мастацтваў – дзецям і працаўнікам вёскі”.

 Можна сказаць, што цэлы дзень у Валожыне выступалі артысты Мінскага тэатра эстрады. Кацярына Мядзведзева, Яўген Ермалковіч, Ганна Благава і Дзмітрый Сяргееў разам з групай “BCity” паказалі для школьнікаў і ліцэістаў шоу-праграму “Музычны калейдаскоп”. Для гледачоў старэйшага ўзросту маладыя артысты беларускай эстрады падрыхтавалі праграму “ESTRADA.BY”.

 Навагодніх свят з падарункамі і чароўнымі падзеямі чакаюць усе. Але найбольш, зразумела, дзеці, што шчыра вераць у Дзеда Мароза, які выконвае жаданні…

 Выхаванцы Івянецкага дома-інтэрната таксама заранёў пачалі пісаць лісты да Дзеда Мароза. А іх просьбы і жаданні ўзяліся выканаць многія арганізацыі Мінска, сярод якіх дабрачынны фонд прападобнай Ефрасінні Полацкай, многа індывідуальных прадпрымальнікаў. Як адзначыла дырэктар установы А. С. Петрашкевіч, кола дабрачынцаў штогод пашыраецца. З пачатку і да сярэдзіны снежня патэлефанавалі больш за 15 дабрачынцаў, што цікавіліся жаданнямі дзяцей і патрэбамі самой установы. Паабяцалі закупіць 4 праектары для інтэрактыўных дошак, медыцынскае абсталяванне, матэрыялы для творчых заняткаў, электрачайнікі, прасы, міксеры для аддзялення самастойнага пражывання і многае іншае.

 Работнікі РЦК рыхтуюцца да адкрыцця Рэзідэнцыі Дзеда Мароза ў Бабровіцкім культурна-спартыўным цэнтры, бо доўгі час яе работа была пад пытаннем. Ім у дапамогу будуць калегі з Бабровіцкага і Дубінскога цэнтраў. Першы заезд у Рэзідэнцыю запланаваны на 26 снежня. Заяўкі паступілі ўжо ад СГУ “Бабровічы”, філіяла ААТ “ААБ Беларусбанк”, ГА “Белая Русь”, Суднікаўскай СШ і іншых калектываў раёна.

Некалькі навагодніх прадстаўленняў адбудуцца непасрэдна ў РЦК. Загадчыца дзіцячага аддзела Алена Санюковіч стала рэжысёрам казачнага спектакля “Тайна чароўнага крыстала”. Ролі Івана-Царэвіча, Астролага, Сняжынкі і Ёжкаў – унучак Бабы-Ягі выконваюць работнікі культустановы. За гадзіну спектакля Дабро абавязкова пераможа Зло, а дапамогуць у гэтым не толькі казачныя персанажы, але і самі гледачы.

 Адпачынак адпачынку розніца. Зімовыя канікулы можна правесці па-рознаму, не толькі з гаджатамі ў руках, але і на свежым паветры.

 “Канікулы ў сядле” запрашае правесці каманда, якая не першы раз абрала сваёй базай аграсядзібу “Бацян” у нашым раёне. Будуць арганізаваны дзве групы: да Новага года і пасля. Упэўнена, што жадаючыя асвоіць азы коннага спорту будуць сярод школьнікаў нашага горада і раёна. Такі незвычайны падарунак бацькі могуць зрабіць сваім дзецям. Паспяшайцеся!