УЛАДЗІМІР КАРАТКЕВІЧ І РАКАЎШЧЫНА

Культура

 

(Працяг. Пачатак у №№ 115-116, 123-124).

Малады таксама быў не лыкам шыты: яшчэ летам абараніў кандыдацкую дысертацыю і з верасня працаваў выкладчыкам на славутай кафедры беларускай літаратуры Белдзяржуніверсітэта. Загадчык гэтай кафедры прафесар Міхась Рыгоравіч Ларчанка пагадзіўся стаць першым сватам. Другім быў – Васіль Налецкі, красамоўца з добра пастаўленым голасам. Ніл Гілевіч, Алег Лойка, Фёдар Янкоўскі, Адам Мальдзіс, Язэп Семяжон, Валянцін Рабкевіч, Генадзь Шупенька, Сяргей Панізнік, Мікола Прашковіч, Пятро Рогач, Леанід Акаловіч, Мікола Пашкевіч, Фёдар Мазура, блізкія і далёкія родзічы, сябры, суседзі (жанатыя – з жонкамі) – усяго звыш ста чалавек – весяліліся ледзь не тыдзень. Колькі арыгінальных тостаў было! Якія толькі песні і як хораша ні спявалі! Беларускія, украінскія, рускія, польскія… Якраз адзначалася 50-годдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі, і савецкая ўлада дала свайму народу дастаткова выхадных.

Тое вяселле можна назваць “вяселлем веку” і таму, што яно з’явілася для  Караткевіча, на той час ужо немаладога кавалера, добрай нагодай, каб за адзін раз пазнаёміць з большасцю сяброў сваю абранніцу. У Ракаў Уладзімір Сямёнавіч прывёз з Брэста “на агледзіны” (па нашай з ім папярэдняй дамоўленасці) Валянціну Браніславаўну, дацэнта Брэсцкага педінстытута імя А. С. Пушкіна. Для многіх гэта стала вялікай нечаканасцю, ледзь не шокам. “О, Валодзя можа выдаць нечаканасць!” — выдыхнуў Адам Мальдзіс. І выдаў… Праўда, прайшлі яшчэ доўгія чатыры гады да застолля ў мінскай кватэры па вуліцы Веры Харужай, 48, пакуль Валянціна Нікіціна стала афіцыйна Вялянцінай Караткевіч. За час замужжа былая выкладчыца гісторыі КПСС Валянціна Браніславаўна значна змянілася: дасканала авалодала беларускай мовай, стала сапраўднай патрыёткай, паплечніцай і дарадчыцай Уладзіміра Сямёнавіча па многіх пытаннях. Што не зробіць з чалавекам каханне!

Тады ж, на вяселлі, маладажоны атрымалі падарунак – вялікі насценны гадзіннік з боем. На пасярэбранай манаграме было выгравіравана: “Няхай шчасця гадзіны адлічвае Тані і Славе гэты гадзіннік. Караткевіч, Мальдзісы, Прашковіч, Панізнік. 7. 11. 1967”. Вядома, тэкст для манаграмы напісаў Караткевіч. А ўжо назаўтра за вясельным сталом ён выдаў чарговую “чаканую нечаканасць” – артыстычна прадэкламаваў экспромтам напісаную ў Ракаве “Эпіталаму Таццяне і Славе”. Тым самым ён не толькі выклікаў у маладых сардэчную ўдзячнасць, а ў гасцей – усеагульную ўвагу і павагу, але і ўвёў у сучасную беларускую паэзію новы вершаваны жанр. Вось гэта эпіталама:

Кахання Бог у светлай сіле

Сядзіць між нас. Я п’ю нагбом

За вас: прыгожых добрых, мілых,

За ваш стары і новы дом.

Да схілу дзён сваіх астанніх

Мы вам сябры. Няхай жыве

Наш гонар: Слава і Таццяна,

Сябры ад сёння і – навек.

Малю аб вечным і адзіным:

Хай шчасны будзе на вякі

Шлюб Беларусі і Ўкраіны,

Шлюб Львова й Іслачы-ракі.

Ул. Караткевіч. 8 лістапада 1967 года.

У гэтай эпіталаме, як, па сутнасці, і ва ўсіх іншых творах, нават самых інтымных, Караткевіч – грамадзянін, патрыёт — застаўся самім сабой. Апяваючы звычайны шлюб, ён экстрапаліруе падзею на ўзаемаадносіны двух братніх дзяржаў, асабліва блізкіх для яго самога, — Беларусі і Украіны. Балазе і нагода добрая надарылася: маладая – з Украіны, малады – з Беларусі. Тым самым прыватная з’ява выйшла ў свет грамадскіх інтарэсаў.

Прачытаўшы эпіталаму, Караткевіч прапанаваў усім гасцям распісацца пад ёй. Многія распісаліся. Некаторыя – не. У асноўным – “дырэктарскі корпус” былога саўгаса “Ракаўскі”, бацькавы калегі па працы. Відаць, яны помнілі, штo бывала за калектыўныя пісьмы…

З часу “вяселля веку” з Уладзімірам Сямёнавіча мы сталі на “ты”. Нітавалася наша сяброўства не толькі агульнымі літаратурнымі і грамадскімі зацікаўленнямі, маім захапленнем яго выключнымі шматграннымі талентамі, заўсёды добрым стаўленнем яго да мяне, але таксама і звычайным суседствам у мінскім доме па Карла Маркса, 36, куды Караткевічы пераехалі з вуліцы Веры Харужай, 48, а пасля і мы з Серабранкі, з праспекта Ракасоўскага, 111. Суседства, зразумела, абумовіла нашы частыя, ледзь не штодзённыя, кантакты. Але і дагэтуль мы нярэдка бывалі ў Караткевічаў на Веры Харужай, як і Караткевічы ў нас – на Ракасоўскага. Кантакты мінскія і паездкі на Ракаўшчыну асабліва пачасціліся, калі Саюз пісьменнікаў выдзеліў мне аўтамашыну “Жыгулі” (у той час свабодна купіць аўтамабіль было нельга, яго “выдзялялі” па чарзе сваім супрацоўнікам асобныя ўстановы і арганізацыі).

(Працяг будзе).

Вячаслаў РАГОЙША,

прафесар БДУ.

 



Добавить комментарий