Прыйдзі, Пане Езус!

Общество

Дарагія парафіяне! Шаноўныя браты і сёстры праваслаўныя! Паважаныя жыхары Валожына і раёна! Людзі добрай волі!

Дазвольце падзяліцца з вамі вялікай радасцю Божага нараджэння. Напачатку дзякуем Богу за тое, што Ён дазволіў нам дажыць да сёлетніх свят. Чытаючы Біблію, бачым, як Марыя з Юзафам стукаюць у дзверы дамоў і атэляў, дзе б прытуліцца, але нідзе няма месца для іх: атрымліваецца, што Езус прыйшоў да сваіх, але свае Яго не прынялі.

Што гэта азначае: прыняць ці не прыняць Сына Божага? З аднаго боку, мы падрыхтаваліся да свята – упрыгожылі касцёл, падрыхтавалі ёлачкі, батлейку, запалілі агеньчыкі, прыбралі свае дамы і кватэры, узялі ў касцёле свянцоныя свечкі і аплаткі. Але Бог глядзіць на душу чалавека, бо яна – святыня, месца, дзе жыве Бог. Як жа падрыхтаваць сваю душу да прыходу сына Божага? Прыступіць да Святой споведзі, каб ачысціцца ад грахоў. Кожную нядзелю ўдзельнічаць у Святой імшы ў касцёле. Закрыць душу перад грахамі – рабіць добрыя справы. Праз пост, сумесную штодзённую малітву выкінуць са сваіх сем’яў і свайго жыцця злосць, нянавісць, п’янства, скандалы – выгнаць д’ябла, а запрасіць да сябе Бога, каб Ён кіраваў чалавекам. Чым хутчэй кожны з нас гэта зробіць, тым хутчэй мы зменім сваё жыццё на лепшае.

Бог любіць кожнага, і свята нараджэння Сына Божага – выраз Божай любові. А ты, дарагі чалавек, ці прымаеш гэты Божы дар, ці адносішся з Божай любоўю да блізкіх, суседзяў, калег па працы – увогуле, да навакольных? Чаму сярод нас так шмат абыякавасці, падману, несправядлівасці, жорсткасці, бед і слёз? Таму што чалавек адвярнуўся ад Бога, не жыве па Божых запаведзях, а жыве толькі па сваіх абмежаваных, эгаістычных, зямных меркаваннях. Дзе няма Бога – там няма і не будзе міру, адзінства, справядлівасці, дабра і шчасця. Божае нараджэнне – гэта свята, якое нагадвае нам Божы закон: любі блізкага свайго, як сам сябе любіш.

Гледзячы на сучасны свет, мы здзіўляемся: адкуль столькі злосці і насілля? Адказ дае Божае Дзіцятка, якое, нарадзіўшыся, прынесла людзям свае дары: веру, справядлівасць, добразычлівасць, міласэрнасць, спагаду, Божую праўду і любоў, дапамогу адзін аднаму. Ці прыняў ты, дарагі чалавек, гэтыя дары ў сваё жыццё, ці не супярэчаць ім твае словы, думкі, учынкі? Калі не жывеш у адзінстве з Богам, калі, на жаль, у нашых сем’ях, сярод родных і блізкіх адбываюцца скандалы, лаянкі, сваркі, п’янства, злосць, нянавісць, то якія мір, адзінства і згода будуць у свеце, у працоўных калектывах, сярод суседзяў, паміж чужымі людзьмі? Каляды – не проста радаснае свята, гэта час, калі Бог дае людзям, сем’ям, грамадству і свету магчымасць ачысціцца ад грахоў, аздаравіцца. Як зорка на небе паказвала Тром Каралям дарогу да месца, дзе нарадзіўся Сын Божы, так і цяпер Езус Хрыстус паказвае чалавецтву Божую дарогу міру, адзінства і Божай любові.

Гісторыя вучыць, што без Бога, без выканання Яго запаведзяў чалавек мае толькі часовую, празрыстую радасць, а сапраўднай радасці і будучыні – не. У Старым Запавеце чытаем: калі народ ізраільскі верыў і слухаў Бога, выконваў Яго запаведзі і загады, то Бог спрыяў, дапамагаў і аберагаў яго, а як толькі людзі адварочваліся ад Бога, іх спатыкалі хваробы, няшчасці і войны. Калі ж людзі апамятаваліся і вярталіся да Бога, прасілі прабачэння, то Ён у каторы ўжо раз ізноў браў іх пад Сваю апеку і дапамагаў. Гэты ўрывак з Бібліі ці не нагадвае нам пра захаванне чалавецтва цяпер, у XXI стагоддзі? Калі каранавірус ахапіў усю зямлю, людзі ўспомнілі пра Бога і бягуць у касцёл: памаліцца і паставіць свечку за выздараўленне блізкага чалавека, запісаць Святую імшу аб пазбаўленні ад каварнай хваробы і вяртанні да здароўя. Вельмі добра, што чалавек ідзе да Бога, бо напісана: “Чалавек, заўсёды звяртайся да Бога і прасі Яго, а Бог цябе выслухае і дапаможа”. Толькі не трэба чакаць пандэміі ці іншых бед – маліцца і звяртацца да Бога неабходнасці заўсёды: і ў бядзе, і ў радасці.

Пасля Калядаў надыходзіць Новы год.  31 снежня а 21 гадзіне мы будзем збірацца ў касцёле, каб паўдзельнічаць у набажэнстве падзякі Богу за адыходзячы год, а пасля адбудзецца Святая імша з просьбай аб Божай дапамозе, апецы, здароўі для сябе, дзяцей, унукаў, родных і Божым благаслаўленні для роднай Бацькаўшчыны Беларусі ў новым 2021 годзе. Бог гаворыць: “Чалавек, за ўсё дзякуй Пану Богу”. Набажэнства падзякі – гэта асабістая малітва за ўсё, што напаткала ў адыходзячым годзе. Гэта і экзамен чалавека перад Богам: як я пражыў 2020 год? Ці маліўся за сваіх памерлых, ці задаволены мае памерлыя маёй малітвай за іх? Ці адпраўляў Святую імшу за жывых? Ці малілася мая сем’я кожны дзень? Ці бачыў Бог перад сабой мяне і маю сям’ю кожную нядзелю і на святы ў касцёле на Святой імшы? Ці маюць мае дзеці і ўнукі ружанцы, малітоўнікі і ці моляцца на іх? Ці не пакрыўдзіў я блізкіх, суседзяў, калег па працы, а калі так здарылася, ці папрасіў прабачэння? Якой на працягу года была мая мова: можа, ужываў нецэнзурныя словы, праклёны, абгаворы, фальшывыя сведчанні ці іншыя грэшныя словы? Якія добрыя ўчынкі, справы я рабіў? Ці дапамагаў людзям, касцёлу, парафіі?

Бог вучыць: “Чалавек, пакуль жывеш на зямлі, спяшайся і рабі добрыя справы, бо гэта тваё багацце, якое ты забярэш з сабой на Божы суд”. Зямныя пасады і ўзнагароды, званні і дыпломы застануцца на зямлі. А перад Богам станеш з малітвай і добрымі ўчынкамі – яны ключ, якім душа адчыніць перад сабой дзверы раю. Таму звяртаюся да кожнага: маліцеся і рабіце добрыя справы для выратавання сваёй душы!

 

 

Дарагія валожынцы і госці Валожыншчыны! Віншую ўсіх з Калядамі і надыходзячым Новым, 2021 годам! Зычу, каб Божае Дзіцятка адорвала вас і вашы сем’і здароўем душы і цела, Божай любоўю. Няхай новы год будзе спакойным і шчаслівым для кожнага і для нашай Бацькаўшчыны Беларусі!

Расклад калядных і навагодніх набажэнстваў:

24 снежня – Пастэрка. Святочная Калядная Святая імша ў 21.00.

25 снежня – Божае нараджэнне. Святая імша ў 10.00

26 снежня – другі дзень Калядаў. Святая імша ў 10.00. Асвячэнне аўса ў памяць Святога Сцяпана, першага пакутніка.

27 снежня – нядзеля. Пасля кожнай Святой імшы – асвячэнне “Віна Святога Яна”.

31 снежня – набажэнства падзякі Богу за пражыты 2020 год і Святая імша ў 21.00.

1 студзеня – урачыстасць Багародзіцы і Новы год. Святая імша ў 10.00.

6 студзеня – Тры Каралі. Святая імша ў 9.00 і 18.00. Пасля набажэнства – асвячэнне крэйды, золата, вады.

Сардэчна запрашаю  ўсіх у касцёл.

 З малітвай і Божым благаславеннем – ксёндз Доктар Гэнрык АКАЛАТОВІЧ,

пробашч касцёла

Святога Юзафа ў Валожыне