Натарыяльныя звароты сельскага насельніцтва

Важное Закон и порядок

29 чэрвеня бягучага года прыняты Закон Рэспублікі Беларусь “Аб змяненні законаў па пытаннях натарыяльнай дзейнасці”, скіраваны на ўдасканаленне норм заканадаўчых актаў, што рэгулююць натарыяльную дзейнасць. Адным з важных момантаў, на якія робіцца акцэнт, з’яўляецца прадастаўленне натарыусамі краіны даступнага і якаснага юрыдычнага абслугоўвання грамадзян у сельскай мясцовасці.

У адпаведнасці з артыкулам 55 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасці” ў населеных пунктах, дзе няма адпаведных кантор ці бюро, натарыяльныя дзеянні здзяйсняюцца ўпаўнаважанымі службовымі асобамі. Сёння ў іх кампетэнцыі: засведчванне завяшчання, згоды ці даверанасці; прыняцце мер па ахове спадчыны ці кіраванні ёй па даручэнні натарыуса; засведчанне дакладнасці копій дакументаў і выпісак з дакументаў; засведчанне сапраўднасці подпісу на дакументах; выдача дублікатаў натарыяльна засведчаных дакументаў, экзэмпляры якіх маюцца на захоўванні ў мясцовым выканаўчым і распарадчым органе.

Пасля ўступлення ў сілу змяненняў у Закон у кампетэнцыі ўпаўнаважаных службовых асоб будзе: прыняцце мер па ахове спадчыны ці кіраванні ёй па даручэнні натарыуса; засведчанне дакладнасці копій дакументаў і выпісак з дакументаў; засведчанне сапраўднасці подпісу на дакументах; выдача дублікатаў натарыяльна засведчаных дакументаў, экзэмпляры якіх маюцца на захоўванні ў мясцовым выканаўчым і распарадчым органе. У адпаведнасці з пунктам 4 артыкула 186 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь сельскія (пасялковыя) выканаўчыя камітэты па месцы жыхарства грамадзян змогуць засведчваць даверанасці на атрыманне пенсій і дапамог.

Унесеныя змяненні вельмі важныя для рэалізацыі правоў і законных інтарэсаў грамадзян, паколькі завяшчанні, даверанасці і згоды, кампетэнцыяй на засведчанне якіх будуць надзелены толькі натарыусы, цягнуць за сабой сур’ёзныя юрыдычныя наступствы як для асоб, што іх здзейснілі, так і для тых, у адносінах да каго яны здзейснены. Натарыус пры звароце за здзяйсненнем натарыяльнага дзеяння ўстановіць асобу і праверыць дзеяздольнасць грамадзяніна, высветліць яго волю на здзяйсненне натарыяльнага дзеяння, дапаможа ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства скласці дакумент, растлумачыць яго прававыя наступствы.

Важным з’яўляецца і тое, што ўсе натарыяльныя дзеянні, што здзейснены натарыусамі, уносяцца ў адзіную электронную сістэму ўліку натарыяльных дзеянняў і спадчынных спраў, а на афіцыйным сайце Беларускай натарыяльнай палаты можна праверыць, ці адмянялася даверанасць, ці адкрыта спадчынная справа пасля памерлага грамадзяніна. Натарыус пры адкрыцці спадчыннай справы можа праверыць, ці засведчвалася натарыусам Рэспублікі Беларусь завяшчанне ад імя спадчынадаўца.

Магчымасць здзяйснення любых натарыяльных дзеянняў для грамадзян у сельскай мясцовасці існуе і захаваецца ў будучыні, паколькі ў адпаведнасці з Законам ажыццяўленне натарыяльнай дзейнасці можа ажыццяўляцца па-за натарыяльнай канторай ці бюро пры выездзе натарыуса ў аграгарадкі, а таксама ў іншыя населеныя пункты ў выпадках, што вызначаны Міністэрствам юстыцыі. З мэтай забеспячэння патрэбы ў натарыяльных паслугах натарыусы выязджаюць у аграгарадкі на падставе заявак, якія паступаюць ад зацікаўленых асоб, а па заяве зацікаўленай асобы могуць здзяйсняць натарыяльныя дзеянні на даму ў дзень выезду натарыуса ў аграгарадок. Інфармацыя адносна графіка выездаў у 2021 годзе будзе апублікавана.

Алена СІКОРСКАЯ,

натарыус Мінскай абласной

натарыяльнай акругі