Новы штам каранавіруса выяўлены ў Італіі

COVID-19 Безопасность и здоровье

Фота: Deutsche WelleНовы, больш заразны, штам каранавіруса ўслед за Вялікабрытаніяй выяўлены і ў Італіі. Аб гэтым паведамляе Deutsche Welle са спасылкай на Міністэрства аховы здароўя Італіі.

Паводле даных ведамства, новы штам быў выяўлены ў адным з рымскіх ваенных шпіталяў у пацыента, які нядаўна прыбыў з Вялікабрытаніі.

Эксперты лічаць, што новы штам стаў прычынай успышкі захворвання, зафіксаванай у апошнія дні на поўдні Вялікабрытаніі. Брытанскі прэм’ер Барыс Джонсан заявіў, што новая мутацыя каранавіруса да 70 працэнтаў больш заразная, чым вядомы да гэтага штам. У сувязі з гэтым у Лондане і на паўднёвым усходзе Англіі 20 снежня быў уведзены больш жорсткі лакдаўн.

Еўрапейскія краіны з сённяшняга дня прыпыняюць авіязносіны з Вялікабрытаніяй. Аб адпаведным рашэнні паведамілі ўлады Германіі, Нідэрландаў, Швейцарыі, Чэхіі, Балгарыі, Латвіі. Паколькі Францыя закрыла свае граніцы для ўезду з Вялікабрытаніі, брытанскія ўлады былі вымушаны закрыць на выезд порт у Дуўры і тунэль пад пралівам Ла-Манш, які злучае Брытанскія астравы з еўрапейскім кантынентам.

Акрамя шэрага еўрапейскіх краін, рэйсы з Вялікабрытаніі перасталі ўжо прымаць Канада, Турцыя і Ізраіль. Саудаўская Аравія вырашыла закрыць на тыдзень уезд у краіну праз сухапутную граніцу і прыпыніць на гэты ж тэрмін усе міжнародныя рэйсы.

Па матэрыялах БЕЛТА