ПРЫХОДЗІЛІ ПААСОБКУ І ДЭЛЕГАЦЫЯМІ

Общество

У мінулы аўторак у райвыканкаме, а ў другой палове дня ў гімназіі № 1 працавалі грамадскія прыёмныя. З жыхарамі Валожыншчыны сустракаўся намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Валерый Вацлававіч Міцкевіч.

Не так часта на перыферыі выпадае нагода сустрэцца з чыноўнікам такога высокага рангу і паведаць яму пра хвалюючыя праблемы. Выпаўшую магчымасць асабліва актыўна выкарысталі пенсіянеры. Хаця, неабходна зазначыць, іх пытанні ў асноўным адносіліся да катэгорыі рытарычных: памер пенсій, кампенсацыя банкаўскіх укладаў.

Разам з тым В. В. Міцкевіч уважліва выслухваў кожнага: каго падбадзёрыў, каму паспачуваў. Пажылому чалавеку іншы раз важна выгаварыцца, адчуць сваю сацыяльную значнасць, асабліва калі суразмоўца аўтарытэтны і ўплывовы чалавек. Відавочна, што і Валерый Вацлававіч з цікавасцю гутарыў з наведвальнікамі. Тым больш, што гэтыя простыя людзі не столькі скардзіліся, колькі імкнуліся разабрацца ў сітуацыі, у якую трапілі. А некаторыя пытанні рашаліся тут жа, на сустрэчы, з удзелам адказных службовы асоб.

Цэлая дэлегацыя маладых людзей, жыльцоў новага мікрараёна на захадзе горада, завітала на прыём, каб вырашыць набалелае пытанне па водазабеспячэнню. Пры дэталёвым разглядзе праблемы аказалася, што яна не такая ўжо і бязвыхадная. В. В. Міцкевіч параіў не адкладваць справу ў доўгую скрыню, а назначыць на бліжэйшую суботу агульны сход жыльцоў вуліцы, стварыць кааператыў і ўшчыльную заняцца пракладкай водаправоду. Часовай мерай можа быць і будаўніцтва калодзежаў. Такі падыход падтрымаў і старшыня райвыканкама У. А. Наумовіч, а намеснік старшыні І. І. Ляшкевіч запэўніў, што ўжо распрацавана і праектна-каштарысная дакументацыя на каналізацыю ў гэтым мікрараёне.

У грамадскай прыёмнай “Белай Русі” наведвальнікаў было менш, але затое членам аб’яднання выпала магчымасць пагутарыць на самыя розныя тэмы з намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. Абмяркоўвалася пад- час сустрэчы і тое, што на самым высокім узроўні разглядаецца перспектыва надаць “Белай Русі” новы палітычны статус – партыйны.

Падводзячы вынікі сустрэчы, В. В. Міцкевіч адзначыў, што пытанні наведвальнікі падымалі ў асноўным лакальнага значэння, якія ўтварыліся не сёння, а ў мінулым. Па самай надзённай праблеме – падтапленню і прарыву дамбы – зваротаў не паступала. А гэта сведчыць аб тым, што мясцовая ўлада свае функцыі выконвае і складаныя сітуацыі рашае самастойна. У чым наведвальнікі і змаглі пераканацца.

Алена ЗБІРЭНКА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий