Двое дарослых + сямёра дзяцей = каманда

Люди и судьбы Общество

“Ну што Вы, хіба ж такое можна прадбачыць?” – усклікнула жыхарка Валожына, шматдзетная матуля Інга Уладзіміраўна МАКЕЙ, пачуўшы маё пытанне: “У юнацтве дапускалі, што будзеце мець столькі нашчадкаў?”. І тут жа дадала: “Хаця, ведаеце, яшчэ зусім маленькай аднойчы зрабіла заяву, што хачу 16 малышоў. Бачыце, нават напалову не выканала намечанае…”

Так, дзяцей у маладой жанчыны значна менш. Але па сённяшнім часе і сямёра – лічба, што ўразіць любога. Сама ж Інга і яе муж Віктар нічога надзвычайнага ў сваёй сямейнай сітуацыі не бачаць і ўпэўнена сцвярджаюць: “Ды звычайныя мы! Вось толькі любові, што пануе ў нашым доме, значна больш, чым у многіх іншых”.

Нядаўна мне давялося наведацца ў гэту вялікую і бязмежна абаяльную ячэйку грамадства, дзе кожны – асоба, а калі разам –  моцная каманда, і там, на месцы, пазнаёміцца з большасцю яе членаў. Спяшаюся падзяліцца незабыўнымі ўражаннямі з вамі, паважаныя чытачы.

Гаспадар працуе вадзіцелем у ТЦСАН – арганізацыі, з якой цесна супрацоўнічаю, таму мы даўно знаёмы. Праўда, той факт, што прыемны, усмешлівы вадзіцель – шматдзетны бацька, стаў нечаканым адкрыццём. Добры, памяркоўны, працавіты чалавек і дагэтуль мне падабаўся, а ў акружэнні тых, дзеля каго жыве, раскрыўся як сапраўдны мужчына.

Душа, сэрца і мазгавы цэнтр дружнай каманды, безумоўна, – матуля. Зусім маладая яшчэ жанчына нікому нічога не насаджае, катэгарычных загадаў не раздае, аднак характар у яе ёсць, таму цвёрдай рукой “руліць” укладам сям’і, падтрымліваючы яе дабрабыт на высокім узроўні.

Інга нарадзілася ў Ляхавіцкім раёне, затым лёс закінуў яе на Піншчыну, а адтуль – у Краснадарскі край, дзе правяла юнацтва. Амаль дарослай зноў вярнулася ў Беларусь. У вёсцы пад Пінскам жыла бабуля. Менавіта там васямнаццацігадовая дзяўчына сустрэла нарачонага.

Будучы муж, старэйшы на чатыры гады, толькі-толькі адслужыў у арміі. Тое, што юны сынок сабраўся жаніцца на яшчэ больш юнай нявесце, бацькоў Віктара не напалохала (на Палессі людзі традыцыйна жэняцца рана і дзяцей, дарэчы, у іх нараджаецца шмат). Свякроў парадавала маладую жанчыну шыкоўным падарункам – каровай, таму вельмі хутка муж і жонка, нягледзячы на ўзрост, адчулі сябе заўзятымі гаспадарамі. Дом, сад, 40 сотак зямлі, некалькі цяпліц, дзе паспявае агародніна, якая ў тых краях – самы распаўсюджаны сямейны бізнес. Віктар аказаўся цудоўным мужам і бацькам, а яго палавіна – адмысловай гаспадыняй. Пайшлі дзеці…

 Здавалася, усё ў іх стабільна і планамерна. Аднак з нараджэннем чацвёртага дзіцяці лёс падкінуў і цяжкае выпрабаванне. Паступова ў хлопчыка развіўся страшэнны дэрматыт – уся скура стала цэльнай аголенай ранай. Высветлілася: алергія на торф. Яны аб’ехалі ўсіх спецыялістаў, куплялі лекі, у доме падтрымлівалі амаль стэрыльную чысціню, але гэта не дапамагала. Медыкі ў адзін голас пераконвалі: неабходна мяняць месца жыхарства, маленькі пацыент павінен жыць на значнай адлегласці ад тарфянікаў.

 Макеі доўга выбіралі месца для пераезду. Сваякі параілі наш раён. Спачатку яны перасяліліся ў Бабровічы. Віктару пасля таго, як уладкаваўся ў гаспадарку, далі жыллё. Тым не менш, было прынята рашэнне будаваць уласны дом.

Зараз яны жывуць у Валожыне. Будаўніцтва завершана, але ўдасканаленне сямейнага гнязда не спыняецца ні на хвіліну.

Ужо на нашай зямлі ў іх з’явіліся сын і дзве дачушкі.

Старэйшай з юных Макеяў з’яўляецца Кацярына. Ёй споўніўся 21 год, а значыць, дзяўчына паспела атрымаць адукацыю. Выбрала прафесію педагога, што зусім не дзіўна для сястры, якая займалася выхаваннем шасці малодшых брацікаў і сястрычак. Працуе ў дзіцячым садзе № 6. Амаль з нараджэння матуля брала яе з сабой у цяпліцы. Там, седзячы яшчэ ў калясцы, малая назірала за раслінамі і, здаецца, на інтуітыўным узроўні ўспрымала ўсе веды і навыкі, што неабходны для іх вырошчвання. Таму зараз – заўзяты кветкавод.

 У дзевятнаццацігадовага Яўгенія ўжо ёсць нявеста. Юнак хутка атрымае дыплом фельчара-акушэра. Пасля таго, як заручацца шлюбам, маладыя людзі плануюць разам паступіць у медыцынскі ўніверсітэт і набыць кваліфікацыю ўрачоў-рэабілітолагаў. У вольны час Жэня захапляецца ігрой на гітары. А вось яго брат, васямнаццацігадовы Аляксей – баяніст-аматар. Гэты прадстаўнік сям’і вывучыўся на пекара-кандытара і марыць стаць знакамітым шэф-поварам. І Жэня, і Лёша ў нашай сустрэчы не ўдзельнічалі па прычыне таго, што адзін вучыцца ў Мінску, а другі – салдат тэрміновай службы ў пагранічнай часці ў Смаргоні.

Кірылу – маладому чалавеку, з-за якога і быў арганізаваны пераезд, – ужо споўнілася 15. Пра сваю алергію ён даўно забыў. Вучыцца ў СШ № 2. Нягледзячы на пэўныя абмежаванні ў адносінах да заняткаў фізічнай культурай (урачы настойваюць), проста жыць не можа без любімага валейбола. Як і старэйшыя браты, не ігнаруе музычную школу. Яго інструмент – саксафон.

 Анастасія адзначыла 11-годдзе. Гэта сапраўдны мастак, як па душэўных памкненнях, так і па паводзінах. Тонкае адчуванне Сусвету адлюстроўваецца ў карцінах, якія стварае пры дапамозе алеевых фарбаў, і ў музыцы (іграе на домры і клавішах). А ў будучыні яна абавязкова стане дрэсіроўшчыкам дэльфінаў. Каб наблізіцца да мары, ужо сёння штудзіруе падручнікі па біялогіі і хіміі.

Вадзіму – дзесяць. Як і ў кожнага падлетка, у яго ёсць аўтарытэты. Толькі гэта не героі фільмаў ці камп’ютарных гульняў, а старэйшыя браты. Менавіта з іх стараецца браць прыклад ва ўсім. Хлопчык вельмі музыкальны, умее і любіць спяваць, а інструменты, якім аддаў перавагу, – гітара і клавішы.

Сумленне і замілаванне сям’і – чатырохгадовая Анюта. Дзяўчынка валодае цудоўнай памяццю, у якой захоўвае ўсё, што тычыцца родных. У любы момант можа нагадаць, што каму патрэбна рабіць, і больш за ўсё перажывае, каб ніхто нічога не забыў. Яе любові і клопату хапае не толькі бацькам, брацікам і сястрычкам, але і жывёлам. Шчырая сэрцам дзяўчынка верыць у цуды. Таму сямейныя стараюцца дарыць ёй толькі самыя лепшыя, самыя добрыя казкі.

Перадкалядны час у Макеяў – самы любімы. Хрысціянская сям’я адзначае свята 25 снежня, таму пушыстую сасонку тут ужо прыбралі. У іх доме гэта цэлы рытуал, у якім абавязкова ўдзельнічае кожны. А яшчэ яны любяць гатаваць розныя стравы. І хто з іх лепшы кухар, пытанне – вечна адкрытае. Святочны стол з абавязковым “Аліўе” і смажанай курыцай у спалучэнні з рознымі далікатэсамі, рэцэптура і афармленне якіх залежаць выключна ад фантазіі ўдзельнікаў кулінарнага батлу (у святы ўсе стараюцца перасягнуць не толькі адзін аднаго, але і сябе), – не праблема. А вось ад любімай матулі ўсе чакаюць торцік. Пакуль застаецца толькі здагадвацца, што за шэдэўр на гэты раз выдасць Інга.

Утульны дом, запоўнены вясёлымі галасамі, смехам, музыкай, пахам свежай выпечкі і хвойным водарам, пакідаць не хочацца. Вось з такімі людзьмі, такім ладам жыцця і асацыіруецца ў мяне слова  “шчасце”. І Нараджэнне Хрыстова, і Новы год, і шматлікія дні нараджэння тут святкуюць па-сапраўднаму – сваёй сям’ёй, з шыкоўным сталом, дзе ніколі не знойдзеш алкагольных напіткаў. Спевы, гульні і неверагодныя сюрпрызы – абавязкова, а падарункі пад ёлачку ўсе стараюцца стварыць уласнымі рукамі. Я шчыра пажадала новым знаёмым, каб нагоды для радасці здараліся ў іх штодзённа, пакоі дома, як і сэрцы яго жыхароў, поўніліся цяплом. А святло Віфлеемскай зоркі падарыла ім, як і ўсім нам, мір, згоду і веру ў тое, што невырашальных праблем не бывае, асабліва калі для гэтага ёсць жаданне і моц характару.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара