Уласныя вакцыны дадуць магчымасць гібка рэагаваць на выклікі ў галіне бяспекі насельніцтва — «Белмедпрэпараты»

COVID-19

Уласная вытворчасць вакцын дасць магчымасць больш гібка рэагаваць на ўзнікаючыя выклікі ў галіне бяспекі насельніцтва. Такое меркаванне выказаў журналістам генеральны дырэктар рэспубліканскага ўнітарнага вытворчага прадпрыемства «Белмедпрэпараты» Сяргей Бяляеў. Як паведамляе БЕЛТА.

Кіраўнік прадпрыемства расказаў, што на праведзенай у Прэзідэнта нарадзе абмяркоўвалася некалькі варыянтаў вытворчасці вакцын супраць каранавіруснай інфекцыі. Першы варыянт — лакалізацыя вытворчасці шляхам разліву ўжо існуючых замежных вакцын. Другі варыянт, больш глабальны і маштабны, — вытворчасць уласнай вакцыны па поўным цыкле.

Сяргей Бяляеў выказаў высокую ступень упэўненасці, што ў Беларусі ўдасца распрацаваць вакцыну, якая па эфектыўнасці і бяспецы будзе не горшай за замежныя аналагі.

Ён таксама растлумачыў, чаму трэба сур’ёзна разглядаць варыянт стварэння ўласнай вытворчасці вакцын, а не проста закупляць іх за мяжой. «У дакавідным свеце мы ніколі не думалі, што граніцы могуць закрыцца і можа скласціся такая сітуацыя, што нейкая вакцына, нейкі лекавы сродак, якія мы не вырабляем у сябе ў краіне па нейкіх эканамічных меркаваннях, да нас не прыедуць з-за мяжы. Але COVID-19 паказаў, што ўсё ў гэтым свеце магчыма. Сапраўды, настаў час пераасэнсаваць нейкія пытанні па лекавым забеспячэнні, у тым ліку па забеспячэнні вакцынамі. І мець у сябе вытворчасць, якая дасць магчымасць больш гібка рэагаваць на такія выклікі ў галіне бяспекі насельніцтва», — падкрэсліў Сяргей Бяляеў.

У сваю чаргу рэктар Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Ігар Стома адзначыў, што работа ў гэтым напрамку павышае ўзровень медыцыны, даследчыкаў, ролю ВНУ. «Гэта ў тым ліку работа над клінічнымі выпрабаваннямі новых прэпаратаў. Гэта сапраўды важна для краіны, — сказаў ён. — Вытворчасць вакцын — гэта сапраўдная эліта фармацэўтычнай прамысловасці. Яна вельмі значна адрозніваецца па ўзроўні падрыхтоўкі, складанасці, па тэхналагічным ланцужку ад вытворчасці класічных лекавых сродкаў».