Лукашэнка: Беларусь будзе забяспечана вакцынай, і кожны атрымае да яе свабодны доступ

COVID-19

Беларусь будзе забяспечана вакцынай, і кожны жадаючы будзе мець да яе свабодны доступ. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па пытаннях распрацоўкі процівірусных вакцын і лакалізацыі вытворчасці замежных вакцын, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, каб правесці маштабную вакцынацыю ад COVID-19, Беларусь можа пайсці двума шляхамі. Першы заключаецца ў распрацоўцы ўласных вакцын. «Ёсць вучоныя, ёсць напрацоўкі, ёсць школа — трэба гэтым займацца. На што выйдзем, я вас хачу сёння паслухаць, каб дарэмна не траціць грошы. Таму ўласнымі беларускімі вакцынамі займацца будзем», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што вытворчасць імуналагічных прэпаратаў такога ўзроўню — абсалютна новая для Беларусі задача. «Ёсць пэўны патэнцыял і ў Міністэрстве аховы здароўя, і ў Акадэміі навук. Як мне дакладваюць, на вырашэнне гэтай задачы ўжо нацэлены вядучыя супрацоўнікі і вучоныя ў сферах вірусалогіі, імуналогіі, генетыкі, клетачнай інжынерыі», — расказаў кіраўнік дзяржавы.

Каб выбраць найбольш характэрны штам віруса для вытворчасці вакцыны, вывучана генетычная разнастайнасць яго варыянтаў. Адпрацоўваюцца тры магчымыя тэхналогіі атрымання прататыпа вакцыны. Вывучаецца дынаміка стану імунітэту ў пацыентаў пасля перанесенай пнеўманіі, выкліканай каранавірусам, а таксама аспекты захавання імуннага адказу арганізма.

Гэта дапаможа выбраць асноўную «мішэнь» для стварэння айчыннай вакцыны, адзначыў Прэзідэнт. Паралельна адпрацоўваецца тэхналагічны працэс, ідзе пошук пастаўшчыкоў для закупкі абсталявання.

Другі падыход заключаецца ў лакалізацыі вытворчасці замежных распрацовак. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, якія ўжо вывучаныя і прапрацаваныя акалічнасці — тэрміны, аб’ёмы, крыніцы фінансавання і перспектыўныя магчымасці, а таксама на якім этапе сумесны праект холдынга «Белфармпрам» і расійскага Нацыянальнага даследчага цэнтра імя Гамалеі.

«Аднак незалежна ад таго, выйдзем мы на вытворчасць вакцыны ў разумныя тэрміны ці не, хачу, каб грамадства ведала — краіна будзе забяспечана вакцынай, і кожны жадаючы зможа мець да яе свабодны доступ», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Прэзідэнта, у першую чаргу будуць прышчэплены пажылыя людзі, медыкі, настаўнікі, работнікі гандлю. «Для гэтага мы заўсёды знойдзем сродкі, і абавязаны гэта зрабіць», — падкрэсліў ён.