Акцыя «Нашы дзеці»: Івянецкі дом-інтэрнат наведалі парламентарыі. Традыцыйна — з падарункамі

"Минщина, мы тобой гордимся!" Важное Главное Общество

У сераду ў рамках дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” ў Івянецкі дзіцячы дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі фізічнага развіцця завіталі прадстаўнікі заканадаўчай улады краіны: дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Маладзечанскай сельскай выбарчай акрузе № 73 Алег Аляксеевіч СЕМЯНЧУК, старшыня Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях парламента Людміла Мікалаеўна КАНАНОВІЧ і намеснік старшыні, кіраўнік рэспубліканскага аб’яднання ветэранаў Іван Аркадзьевіч ГАРДЗЕЙЧЫК. Адклаўшы ўсе справы, яны наведаліся да тых, хто застаўся без клопату родных і блізкіх, каб падарыць часцінку цяпла і выканаць самыя запаветныя мары хлопчыкаў і дзяўчынак. Бо ў Новы год ніхто не павінен быць адзінокі.

Гасцям тут заўсёды рады і рыхтуюцца да іх сустрэчы загадзя – асабліва напярэдадні самых доўгачаканых і чароўных у годзе святаў. Але сёлетняя эпідэміялагічная сітуацыя змяніла традыцыйны расклад навагодніх мерапрыемстваў: выхаванцы не змаглі паказаць сваім фундатарам музычныя нумары, над якімі яны працавалі некалькі месяцаў, – адміністрацыя і работнікі сустрэлі сталічных гасцей ля святочнай ёлачкі на тэрыторыі ўстановы. Аднак душой дзеці былі побач. І гэта не толькі адчувала, а і заўважыла прадстаўнічая дэлегацыя – паміж бялюткімі сняжынкамі, якімі ўпрыгожаны вокны будынка дома-інтэрната, на іх глядзелі цікаўныя дзіцячыя тварыкі: усхваляваныя, радасныя, поўныя надзеі і веры ў цуда. І цуд адбыўся наяве – новы тэлевізар і мікрахвалевая печ папоўнілі матэрыяльна-тэхнічную базу сацыяльнай установы, а вось некалькі скрыняў мандарынаў стануць добрым вітамінным дадаткам да абедзеннага стала.

Як адзначыў Алег Семянчук, у склад Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях уваходзіць дзевяць парламентарыяў. Напярэдадні навагодніх святаў яе члены вырашылі скласціся з заработнай платы і за ўласныя сродкі набыць падарункі. “Хацелася б, каб усе жыхары Беларусі пабывалі ў такіх дамах, – падкрэсліў дэпутат, – і на свае вочы ўбачылі, у чым маюць патрэбу хворыя і абяздоленыя дзеці. Не трэба шукаць праблемы на вуліцы, дзе іх няма, а варта проста прыйсці, паглядзець, пацікавіцца і працягнуць руку дапамогі”.

“Тут не можа працаваць чалавек з нячыстым сэрцам і нядобрай душой, – сказаў, звяртаючыся да прысутных генерал-маёр у адстаўцы Іван Гардзейчык. – Вы – патрыёты нашай радзімы, любіце свой народ, сінявокую Беларусь, яе людзей і дзяцей. Я нізка схіляю галаву перад вашай мужнасцю і надзвычайнай дабрынёй, жадаю вам светлай радасці і надзеі”.

“Як педагог па адукацыі, заўсёды лічыла гэту прафесію самай важнай, – заўважыла Людміла Канановіч. – Сёння магу з упэўненасцю сказаць: самая галоўная ў нашай краіне – прафесія сацыяльнага работніка. Ваша штодзённая праца – высакародная місія напаўняць збалелыя дзіцячыя душы дабром, чуласцю, спагадай, верай у лепшае. Напэўна, нездарма і прафесійнае свята – Дзень сацыяльнага работніка – адзначаецца начатку года: у самыя светлыя, радасныя, напоўненыя міласэрнасцю і дабрынёй дні. Хочацца пажадаць усім, хто працуе ў гэтай сферы, міру і дабрабыту, цяпла і ўтульнасці, шчасця і здароўя”.

Словы ўдзячнасці за ўвагу і падтрымку вялікім гасцям выказала дырэктар Івянецкага дома-інтэрната Алена Петрашкевіч. “Дзеці з вялікім нецярпеннем чакаюць самых любімых святаў: разам з педагогамі і выхавальнікамі ўпрыгожваюць ёлку, прыбіраюць свае пакоі, вучэбныя класы, – расказала Алена Сігізмундаўна. – Новы год для іх – час казачных цудаў і падарункаў, якія яны не толькі любяць атрымліваць самі, але і спяшаюцца парадаваць сюрпрызамі іншых”. На развітанне парламентарыі атрымалі навагоднія сувеніры, зробленыя рукамі выхаванцаў.

Алена ЗАЛЕСКАЯ, фота Сяргея БОБРЫКА