Доследна-прамысловую серыю антыкавіднага прэпарату на аснове плазмы крыві выпусцяць у студзені 2021 года

COVID-19

Доследна-прамысловую серыю антыкавіднага прэпарату на аснове плазмы крыві выпусцяць у студзені 2021 года, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій, галоўны пазаштатны спецыяліст Міністэрства аховы здароўя па трансфузіялогіі Фёдар Карпенка.

«Прадаўжаецца навуковая распрацоўка антыкавіднага імунаглабуліну. Лабараторныя ўзоры ўжо ёсць. У пачатку студзеня чакаецца атрыманне доследна-прамысловай серыі, якая павінна будзе прайсці ўсе неабходныя даклінічныя даследаванні па вывучэнні стабільнасці, эфектыўнасці і бяспекі», — сказаў Фёдар Карпенка.

Дадаткова сумесна з РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі будуць праведзены даследаванні па пастаноўцы рэакцыі нейтралізацыі каранавіруса SARS-Cov-2 для пацвярджэння эфектыўнасці вырабленага лекавага прэпарату супраць жывой віруснай культуры.

Распрацоўка доследна-прамысловай серыі вядзецца з сярэдзіны снежня, у работу ўзялі 110 л імуннай плазмы з высокім цітрам антыцел, якая была нарыхтавана ў жніўні. Увесь гэты час яна знаходзілася на каранцінізацыі. З гэтай колькасці плазмы плануецца атрымаць каля 300 доз антыкавіднага імунаглабуліну для правядзення ўсіх мерапрыемстваў па кантролі якасці.

Як чакаецца, у параўнанні з плазмай, якую цяпер выкарыстоўваюць у лячэнні пацыентаў з COVID-19, антыкавідны імунаглабулін будзе больш эфектыўны, паколькі пры вытворчасці лекавага сродку адбываецца канцэнтрацыя імунаглабулінаў. Больш таго, прэпарат будзе мець мінімальную колькасць супрацьпаказанняў.