Усебеларускі народны сход плануецца правесці 11-12 лютага

VI Усебеларускі народны сход

VI Усебеларускі народны сход плануецца правесці 11-12 лютага. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на нарадзе па падрыхтоўцы гэтага форуму.Як паведаміла БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сёння, як і ў перыяд правядзення першага Усебеларускага народнага сходу ў 1996 годзе, далёка няпросты час для краіны, можа, яшчэ больш неадназначны. Бо такога знешняга націску Беларусь не зведвала ніколі. «У гэтым асаблівасць цяперашняга перыяду і цяперашняга Усебеларускага народнага сходу. Тады было, як я ўжо казаў, няпроста, але такога знешняга націску не было. Усе вялікія краіны былі заняты сваімі праблемамі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Традыцыйна на Усебеларускім народным сходзе будуць падведзены вынікі пяцігодкі. Неабходна адкрыта сказаць аб тым, чаго дасягнулі, што не атрымалася і чаму, лічыць Прэзідэнт. Акрамя таго, дэлегатам трэба разгледзець Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2021-2025 гады, ацаніць тыя механізмы, з дапамогай якіх прапануецца забяспечыць эканамічны рост і захаваць мадэль сацыяльнай дзяржавы ў найскладанейшых знешніх умовах. «Мы добра разумеем, што геапалітычнае і эканамічнае процістаянне будзе нарастаць, ды і пандэмія ў бліжэйшы час нікуды не дзенецца», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўсе навацыі, якія будуць прапаноўвацца на будучым Усебеларускім народным сходзе, абавязаны служыць адной мэце — беларусам і іх дабрабыту. Ніякіх рашэнняў, каб дагадзіць замежным «дарадчыкам» і іх тутэйшым прыхільнікам быць не павінна, звярнуў ён увагу.

«Вакол гэтых галоўных пастулатаў неабходна будаваць і канцэпцыю асноўнага даклада, і яго абмеркаванне, — сказаў Прэзідэнт. — Людзі павінны ад улады пачуць галоўныя напрамкі нашага развіцця на будучую пяцігодку і аналіз пройдзенага. І тыя два пытанні — эканамічнае і сацыяльна-палітычнае — павінны прагучаць. Нашы бачанне і прапановы ўдзельнікам сходу павінны быць канкрэтнымі і адлюстроўваць рэальныя праблемы і спадзявананні людзей. Нам не патрэбны адарваныя ад жыцця тэорыі. Патрэбен адказ на існуючыя запатрабаванні грамадства. Пры гэтым трэба вывучыць шырокі спектр меркаванняў нашых грамадзян».

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў перыяд падрыхтоўкі да Усебеларускага народнага сходу ў краіне арганізаваны шырокі грамадскі дыялог. У рэгіёнах, працоўных калектывах, ВНУ абмяркоўваюцца асноўныя напрамкі развіцця краіны. На месцах працуюць грамадскія прыёмныя, дзе кожны жадаючы можа выказаць сваё меркаванне і ўнесці прапановы па гэтых пытаннях.