ГАРЭЦЬ І НЕ ГАСНУЦЬ…

Общество

Для артыкулаў заўсёды шукаюць герояў. А яны жывуць побач і рабоце аддаюцца цалкам. Адна з такіх рупліўцаў – наша калега, захавальніца фондаў Івянецкага музея традыцыйнай культуры Ірына Яраславаўна Каткоўская.

Музей – установа ўнікальная. Гэта своеасаблівы храм культуры, дзе наведвальнік фарміруе асабістыя эмацыянальныя адносіны да гістарычных падзей, фактаў. Служэнне людзям – вось асноўны сэнс існавання музеяў. І адна з асноўных мэт іх работы – дапамагчы наведвальніку ўвайсці ў духоўны дыялог з мінулым, суаднесці асабістае з вечным. Галоўнае ж сувязное звяно ў гэтым працэсе – экспанаты. Экскурсавод, навуковы супрацоўнік, захавальніца фондаў Ірына Яраславаўна Каткоўская за 38 гадоў шчырай працы ў нашай ўстанове ведае пра іх практычна ўсё.

Маладой дзяўчынай яна прыйшла працаваць у музей Ф. Э. Дзяржынскага, акурат пасля школы. Тагачасны дырэктар, заслужаны дзеяч культуры Мікалай Сямёнавіч Карнееў даверыў ёй правядзенне экскурсій. З вялікім задавальненнем, прафесіянальна падышла да гэтай справы Ірына Яраславаўна. Тады ў музей прыязджалі экскурсанты з усяго Савецкага Саюза, нават з-за мяжы. Даводзілася ў дзень па 10 дэлегацый прымаць, арганізоўваць для кожнай з іх паход у мінулае…

У 1982 годзе Ірына Яраславаўна стала загадчыцай фондасховішчаў і атрымала заданне збіраць, даследаваць, захоўваць і выдаваць на экспазіцыі каштоўныя экспанаты з жыцця і дзейнасці рыцара рэвалюцыі, заснавальніка Усерасійскай надзвычайнай камісіі Фелікса Дзяржынскага. Напэўна, не засталося такога факта ў біяграфіі нашага земляка, якога б не ведала супрацоўніца музея.

Сёння Івянецкі музей традыцыйнай культуры актыўна пашырае формы кантактаў з насельніцтвам. Прэзентацыі, музейныя вечарыны, ушанаванні майстроў народнай творчасці, усемагчымыя святы сталі для нас звычайнай справай. І ў тым вялікая заслуга Ірыны Яраславаўны, якая да кожнага мерапрыемства прафесіянальна падбірае экспазіцыйны матэрыял. Як казаў кіраўнік асветніцкай службы аднаго з Дуйсбургскіх музеяў (Германія) Карнэлі Брунінгхаўс-Кнубель, “…ідэальны музейны супрацоўнік павінен валодаць ведамі аб розных калекцыях, быць сацыёлагам, спецыялістам па маркетынгу, і, вядома ж, гэтыя якасці павінны дапаўняцца асабістай прывабнасцю і магнетызмам”. Наша Ірына Яраславаўна якраз такая. Няхай і пасля свайго юбілею доўга свеціць яркай зоркай на ніве музейнай справы.

Галіна САБАЛЕЎСКАЯ,

навуковы супрацоўнік

Івянецкага музея

традыцыйнай культуры.

 



Добавить комментарий