Лукашэнка падпісаў указ аб скліканні VI Усебеларускага народнага сходу

VI Усебеларускі народны сход

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 28 снежня падпісаў указ нумар 492 аб скліканні VI Усебеларускага народнага сходу. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

У адпаведнасці з арт. 37 Канстытуцыі Беларусі і ў мэтах рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян удзельнічаць у абмеркаванні пытанняў дзяржаўнага і грамадскага жыцця краіны Прэзідэнт пастанавіў склікаць 11-12 лютага 2021 года ў Мінску VI Усебеларускі народны сход. На абмеркаванне яго ўдзельнікаў будуць вынесены асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021-2025 гады і напрамкі грамадска-палітычнага развіцця краіны.

Агульная колькасць удзельнікаў і запрошаных асоб VI Усебеларускага народнага сходу складзе 2 700 чалавек. Удзельнікі форуму ад абласцей і Мінска выбіраюцца з улікам норм прадстаўніцтва раённымі і гарадскімі Саветамі дэпутатаў і найбольш шматлікімі грамадскімі аб’яднаннямі. Пры гэтым ад кожнай вобласці ў сходзе прыме ўдзел не больш як 310 чалавек, ад Мінска — не больш як 370 грамадзян.

Пералік запрошаных асоб фарміруецца Рэспубліканскім арганізацыйным камітэтам па падрыхтоўцы і правядзенні VI Усебеларускага народнага сходу з ліку кіраўнікоў дзяржаўных органаў і арганізацый, прадстаўнікоў мясцовых Саветаў дэпутатаў, грамадскіх аб’яднанняў, сродкаў масавай інфармацыі, супрацоўнікаў дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў замежных дзяржаў у Беларусі, прадстаўнікоў беларускіх дыяспар, міжнародных і замежных арганізацый у рэспубліцы.