Свята для дзяцей

Важное Главное Молодежный курьер Общество

Пяць школьнікаў Валожыншчыны сталі ўдзельнікамі рэспубліканскага навагодняга свята для дзяцей з удзелам Прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, якое прайшло 24 снежня ў Палацы Рэспублікі. Валожыншчыну прадстаўлялі: Кацярына Вяршыцкая з Ракаўскай школы, Яна Зянько з гімназіі № 1 г. Валожына, Дар’я Акушка з СШ № 1 г. Валожына, Надзея Чмірова з Івянецкай адзінаццацігодкі і Валерыя Яроміч з другой гарадской школы. Гэта дзеці са шматдзетных сем’яў і дзеці-інваліды – усе яны пераможцы шматлікіх конкурсаў.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за паўтары тысячы дзяцей з усіх куткоў Беларусі. Запрашэнне стаць удзельнікам галоўнай ёлкі краіны для іх – самая маляўнічая і доўгачаканая падзея. Хлопчыкаў і дзяўчынак чакала неверагодная вандроўка ў цудоўны свет сапраўднай казкі з галоўнымі героямі навагодняга прадстаўлення “Чароўны свет!”. У гэтай незвычайнай гісторыі дзеці сустрэліся з яркімі персанажамі, бліжэй пазнаёміліся з Дзядулямі Маразамі з Аўстраліі, Фінляндыі і нават Кітая!

Падчас свята не абышлося без сэлфі з кіраўніком дзяржавы – жадаючых зрабіць запаветнае памятнае фота было нямала. А. Р. Лукашэнка не застаўся без падарункаў: дзеці паднеслі яму некалькі памятных сувеніраў ручной работы, а самі атрымалі рукзакі з салодкасцямі і гульнямі.

 Наш кар.