Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

Региональные новости

Падчас зімовых канікулаў 210 школьнікаў наведваюць аздараўленчыя лагеры, якія працуюць на базе 11-і з 15-і ўстаноў адукацыі раёна. З Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва для іх работы выдаткаваны 5292 рублі – па 4 рублі 20 капеек на адно дзіця ў дзень. Лагерная змена доўжыцца шэсць дзён – з 26 па 31 снежня ўключна.

Самыя вялікія лагеры працуюць на базе Івянецкай і Ракаўскай сярэдніх школ, іх наведваюць па 36 вучняў, па 25 і 23 чалавекі праходзяць аздараўленне ў гарадскіх школах № 1 і № 2. У Багданаўскім вучэбна-педагагічным комплексе сярэдняя школа-дзіцячы сад бавяць час 16 хлопчыкаў і дзяўчынак, у Пяршайскім і Яршэвіцкім ВПК – па 15. Астатнія лагеры наведваюць менш дзяцей. Кожны дзень напоўнены самымі рознымі мерапрыемствамі, пануе чароўная атмасфера Новага года і Каляд.

Агіткаманда “Равеснік” у складзе 8 чалавек Валожынскага прафесіянальнага ліцэя заняла трэцяе месца ў абласным этапе Рэспубліканскага інфармацыйна-прафарыентацыйнага праекта “ПРАФБУМ”. Сёлета ён праходзіў пад дэвізам “Дасягнуць максімуму: у прафесіі і творчасці”.

Нашы ліцэісты падрыхтавалі вельмі цікавую і разнастайную праграму “Приходи к нам в лицей – приводи к нам друзей”, дзе адлюстравалі ўсе бакі жыцця навучэнцаў. Надзвычай пастараліся салісты – першакурсніца Анастасія Кучынская і другакурснік Дзмітрый Арцюкевіч. Наогул, кожны член каманды ўнёс свой уклад – першакурснікі Надзея Ажгірэй, Мікіта Салано Пірагоў, Ганна Карпека, другакурснік Павел Сівы і трэцякурснікі Вераніка Шыханцова і Аляксандр Мартынскі. Падрыхтаваць праграму дапамагалі работнікі РЦК: на іх базе праходзілі рэпетыцыі, яны давалі прафесіянальныя рэкамендацыі. Асабліва значная дапамога Віталія Юралевіча, які запісваў нумары. Манціраваў праграму работнік ліцэя Павел Пяўковіч. Але натхняльнікам і генератарам ідэй быў дырэктар установы Павел Леанідавіч Хількевіч. Менавіта дзеля яго стараліся ўсе паказаць добры вынік.

У Валожынскай дзіцячай школе мастацтваў выступаў саліст Белдзяржфілармоніі, лаўрэат міжнародных конкурсаў, вакаліст Кірыл Старасценка.

 У канцэртнай праграме сталічнага госця прагучалі арыі з опер, старадаўнія рамансы і песні савецкіх кампазітараў.

Завяршыўся абласны этап рэспубліканскага конкурсу праграм аб’яднанняў па інтарэсах сацыяльна-педагагічнага профілю.

Педагог дадатковай адукацыі цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна Л. Д. Лысенка прадстаўляла праграму аб’яднання па інтарэсах “Бяспечны свет дзяцінства”. Па рашэнні журы яе работа адзначана Дыпломам ІІ ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама.

Старшыня раённага Таварыства Чырвонага Крыжа Антаніна Уладзіміраўна Трацэўская разам з чатырма валанцёрамі-ліцэістамі правялі збор сродкаў на рынку і сярод мясцовых прадпрымальнікаў для пераднавагодняй акцыі “Ёлка жаданняў”.

 У той чацвер былі сабраны 122 адзінкі адзення, 37 пар абутку і 26 рублёў у скарбонку, якія пайшлі на набыццё падарункаў для дзяцей, што займаюцца ў цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. 38 рэчаў і 6 пар абутку перададзены ў ліцэй для малазабяспечаных навучэнцаў. Найбольш шчодрымі былі ІП, што гандлявалі на рынку, – Марыя Пагуда, Раіса Дубоўская, Эльвіра Рабая, Людміла Скляповіч, Ала Калышкова, Ларыса Невядомская і Зоя Данько. Сярод валожынскіх прадпрымальнікаў нязменна прымаюць удзел ва ўсіх дабрачынных акцыях Святлана і Вольга Бычкоўскія, Наталля Гасціловіч, Святлана Ломаць. Жыхарка райцэнтра Ала Паўлаўна Фейгіна ад сябе асабіста набыла 4 салодкія падарункі і перадала іх на “Ёлку жаданняў”. Свой уклад пажадалі ўнесці і мінчане – сям’я Вольгі Адамовіч, якія маюць дачу ў Капусціне.

 З 26 снежня па 7 студзеня наступнага года дорыць прыемныя бонусы сваім наведвальнікам фізкультурна-аздараўленчы комплекс.

Нават пры разавым наведванні ў гэтыя дні комплексу і карыстанні адной паслугай прадастаўляецца бясплатна 30 хвілін у дзіцячым гульнявым пакоі, а таксама карыстанне батутам, аэрахакеем, настольным тэнісам. Удвая танней будзе пакатацца на электрамабілі. Ёсць бонусы для наведвальнікаў басейна, лазні і саўны. Дарэчы, 31 снежня лазня таксама будзе працаваць – з 13 да 19 гадзін.