Дзед Мароз! Табе пішуць валожынцы…

Общество

 

 

Як жа шкада, што Новы год бывае толькі раз у 12 месяцаў! А жаданняў у кожнага з нас – не пералічыць. Адно добра: наш любімы чараўнік Дзед Мароз у перыяд між святамі паспявае нядрэнна адпачыць, каб пасля зноў і зноў шчыраваць на ніве выканання нашых мар. Першыя ў яго спісе, безумоўна, дзеці. Аднак добры дзядуля не забывае і пра тых, хто даўно, як мінімум, дасягнуў паўналецця. І гэта правільна! Усе мы родам з дзяцінства! Вось паспрабуй толькі зазірнуць у душу нават самага саліднага чалавека, абавязкова ўбачыш: ён так і застаўся маленькім летуценнікам, які стараўся кожную навагоднюю ноч знайсці ля ёлкі барадатага госця… Дык можа нам, незважаючы на ўзрост, узяць у рукі аркуш паперы і старанна выказаць свае памкненні і жаданні? Раптам збудуцца?

Напярэдадні Новага года мы прапанавалі некаторым жыхарам Валожына ўзгадаць, што яны хацелі б папрасіць у Дзеда Мароза, а заадно атрымалі адказы на пытанні: ці любяць яны свята, ці помняць свае дзіцячыя ўражанні ад яго, ці рабілі карнавальныя касцюмы, ці верылі (а мо і зараз вераць) у Дзеда Мароза, ці пісалі яму запаветныя лісты ў Лапландыю і Белавежскую пушчу? У выніку атрымаўся амаль калектыўны ліст, дзе сабраліся ўспаміны, думкі, меркаванні і пажаданні, што, верагодней за ўсё, адлюстроўваюць мары большай часткі нашага грамадства.

 

Аляксандр Мікалаевіч УЛАНЧЫК,  дырэктар СШ № 2  г. Валожына:

– Новы год для мяне – свята сямейнае і… школьнае. Добра помню, як сам яшчэ ў пачатковых класах вадзіў карагоды вакол ёлкі, убраны ў карнавальныя касцюмы, што вырабляла для мяне матуля. Чамусьці хлопчыкаў тады часта апраналі Зайцамі. Мы былі такімі смешнымі, і кожны шчыра верыў у Дзеда Мароза. Падобная вера патрэбна, яна фарміруе творчы пачатак у нашых асобах. Памяць захоўвае і безліч школьных ранішнікаў, якія адбыліся за час, што працую ў адукацыі. Гэта традыцыя не павінна знікнуць. Упэўнены: дарослыя абавязаны падтрымліваць веру дзяцей у казку. Нельга падштурхоўваць іх да сталення. Прыйдзе час, і юны чалавек стане дарослым. Але добра б было, каб душэўная чысціня і надзея на цуд ніколі не пакідалі яго. Вось аб гэтым і папрасіў бы Дзеда Мароза. Мой старэйшы сябар, былы начальнік аддзела адукацыі Віктар Іосіфавіч Гардынец (яго, на жаль, ужо няма з намі) кожны год сваім сябрам і сабе дарыў свята – апранаўся ў касцюм Дзеда Мароза і віртуозна выконваў яго ролю. Тым самы дастаўляў хвіліны радасці і дзецям, і іх бацькам. Жадаю валожынцам не ленавацца і рабіць тое ж самае.

Настасся САДОЎСКАЯ, вучаніца 5-га класа СШ № 1 г. Валожына:

 –  Свята з ёлкамі і падарункамі – маё любімае. Вельмі падабаецца апранацца ў карнавальныя касцюмы. І Сняжынкай убіралася, і Снегавіком, і Матыльком… Ці напісала Дзеду Марозу? Канешне, напісала. Я яшчэ маленькай была, калі тата і матуля растлумачылі, што, калі хочаш атрымаць нешта, патрэбна першае: добра сябе паводзіць; і другое: за месяц да Новага года напісаць у Белавежскую пушчу. Мая сястрычка таксама робіць. А вось брацік маленькі, але мы просім за яго. Дзед Мароз абавязкова да нас завітае. Такога, каб не прынёс нам падарункі, не помню. У мінулым годзе, напрыклад, знайшла пад ёлкай новы мабільны тэлефон. Што хачу зараз? Дзед Мароз ведае. Скажу толькі, што пажадала для сваёй сям’і. Бабулям патрэбна здароўе, маме і тату – грошы, а ўсім ім, як і нашым сябрам, – спаўненне жаданняў і карысныя падарункі.

 

Аксана Уладзіміраўна СКРУНДЗЬ, шматдзетная маці з Пяршаяў:

–  Я ў захапленні ад свята. Зачараванне ад пераднавагодняй мітусні літаральна акрыляе. Люблю пах елкі, цытрусавых, накрыты стол і падарункі. Усё гэта з дзяцінства. У маёй сям’і былі і засталіся цудоўныя традыцыі. Галоўнае правіла: сустрэча Новага года – толькі дома. Калі госці, то да нас. У школьныя гады  якія толькі касцюмы не прымярала. Нават Дзедам Марозам была. А аднойчы, у старэйшых класах, на навагоднім вечары мы з аднакласнікамі пераўвасобіліся ў булгакаўскіх герояў. Усё прадстаўленне выглядала так арыгінальна, так незвычайна… Зараз разам з мужам робім усё магчымае, каб радаваць дачушак і сыночка. Старэйшай ужо 15 гадоў, але ж пісьмы наконт падаркаў рыхтуюць усе. Канешне, звычайна дарослыя яму не пішуць. Але, каб давялося, у першым жа радку напісала б: “Дарагі Дзед Мароз, падары мне і ўсім беларусам дабрабыт, здароўе і шыкоўны настрой! Няхай вакол пануюць жыццё і прыгажосць, а кожны з нас застаецца здаровым, запатрабаваным і шчаслівым”.

 

Сяргей Анатольевіч БРАЖАЛОВІЧ, дырэктар прадстаўніцтва  Белдзяржстраху па Валожынскім раёне:

–  Што б я папрасіў у госця з казкі? Думаю, тое, што і кожны, – здароўя для сябе і родных, паразумення між людзьмі, эканамічную стабільнасць. Ці верыў у дзяцінстве ў Дзеда Мароза? А як жа! І зараз веру. На 100 працэнтаў упэўнены: калі штосьці моцна хацець, абвавязкова збудзецца. Толькі для гэтага неабходна трошкі намаганняў прыкладваць.

 У нас дома даўно ўсё гатова да сустрэчы Новага года. Елку ўбралі, жыццёвую прастору ўпрыгожылі, лісты Дзеду Марозу напісалі. Каб ён да нас не завітаў, яшчэ ні разу не было. Калі не верыце, спытайце ў чацвярых нашчадкаў. Самы старэйшы – ужо студэнт, але і пра яго не забудзе добры персанаж. Мы з жонкай таксама кожны год знаходзім пад ёлкай падарункі. Відаць, заслужылі. У звароце да Дзеда Мароза адзначыў бы, што матэрыяльныя рэчы, асабліва калі яны патрэбныя, зусім нядрэнна, але самае важнае, каб ён з чароўнага мяшка дастаў і раздаў кожнаму з нас дабрыню. І порцыі няхай будуць значнымі.

 

Сяргей Мікалаевіч МІКЕНЯ, намеснік дырэктара ДЛГУ “Валожынскі лясгас”:

– Я ў Дзеда Мароза верыў гадоў да 12. Як было не верыць, калі пад ёлкай – то веласіпед, то лыжы… Ну і цукеркі, канешне, таксама. Дарэчы, я і зараз веру, бо мае дзеці, 12-гадовая Віка і 6-гадовы Цімафей, як напішуць яму ліст, так і атрымаюць тое, што пажадалі. Думаю, і мне патрэбна некалькі радкоў ад сябе дадаць. Што б напісаў? Па-першае, падзякаваў бы за ўвагу да маіх дзяцей. А папрасіў бы здароўя для ўсіх суайчыннікаў, эканамічнай стабільнасці на кожным прадпрыемстве, у кожнай сям’і. Хочацца, каб у дамах беларусаў з нагоды любімага свята накрываліся шыкоўныя сталы, і гэта не было вельмі напружна для нашых кашалькоў. А яшчэ лічу патрэбным заказаць у Дзеда Мароза: падары нам хаця б у свята некалькі сапраўдных зімовых дзён!

Алеся РАГЕЛЬ, навучэнка 3-га курса ліцэя:

– У тое, што Дзед Мароз існуе, я верыла да 11 гадоў. Пісала пісьмы і кожны раз з заміраннем сэрца чакала яго рэакцыі. Дзядуля мяне не падводзіў. Ды і зараз мы з ім сябруем. Зразумела, што сёння яго прадстаўнікі ў маім жыцці – родныя і сябры. Але ўсё роўна, нягледзячы на тое, што ўжо дарослая, як распакоўваю навагодні падарунак, адчуваю сябе дзіцем, якое трапіла ў казку. Таму і сама з задавальненнем падтрымліваю гэта адчуванне ў сваіх пляменнікаў. Што за дзяцінства, калі ў казку не верыш? Мне вельмі хочацца папрасіць у Дзеда Мароза стабільнасці і здароўя для родных і калектыву ліцэя. Мару, каб ніхто не хварэў, каб беларусы зараблялі добрыя грошы, асабліва такія, як я, юнакі і дзяўчаты, каб у святы ўсе збіраліся за сталом, спявалі, танцавалі, гулялі ў розныя гульні, каб людзям было хораша побач з іншымі людзьмі.

Павел Мікалаевіч САРОКА, галоўны санітарны ўрач РЦГіЭ:

– Самае галоўнае, што б сёння папрасіў у Дзеда Мароза, каб ён вывез кудысьці на Поўнач і там навечна замарозіў COVID-19. Так хочацца нарэшце забыць пра гэты вірус і ўздыхнуць з палёгкай. Як кажуць, будзем спадзявацца. Што тычыцца Новага года ўвогуле, я, як і іншыя пазітыўныя людзі, свята паважаю. Яно такое вясёлае, хатняе, утульнае, смачнае… А пах хвоі і мандарынаў! Як гэта прыемна! Адразу вяртаемся ў дзяцінства з касцюмамі на ранішніках і лістамі з пажаданнямі. Ці спадзяюся на падарунак? Абавязкова. І ўсе, каго люблю, таксама павінны ведаць: падарункі будуць. Напярэдадні свята мне вельмі хочацца пажадаць жыхарам Валожынскага раёна, каб бераглі здароўе, каб не гублялі аптымізму, заставаліся цярпялівымі  ў адносінах адзін да аднаго, і каб у паўсядзённых клопатах не забывалі пра такія паняцці, як любоў, дружба, творчасць, мара. Памятайце, Дзед Мароз існуе!

 

Лілія Антонаўна БІТЭЛЬ, загадчык клуба в/ч 30695:

 – Я ў ліст да Дзеда Мароза не ўключала б просьбы матэрыяльнага кшталту. Мы, дарослыя, на падобныя падарункі павінны зарабіць самі. А вось, каб дзесьці ў чароўным доме прачыталі, як сумую без той зімы, што была ў дзяцінстве (з марозцам, снегам, завірухай, была б рада. Хацела б, каб нам падарылі некалькі такіх дзён. Асаблівую ўдзячнасць адчула б за магчымасць правесці іх з добрай кампаніяй на прыродзе. Каб там і лыжная прагулка, і катанні на каньках, і горка з санкамі, і гульня ў снежкі… Пасля – лазня з абавязковым расціраннем снегам і смажанае на вуголлі мяса. А вакол – лес у снежным уборы і ў кожнай сняжынцы адлюстроўваюцца прамяні сонца. Яшчэ мару разам з унукамі зляпіць снежную бабу. Сапраўдную, так бы мовіць класічную, дзе нос – морква, вочы – вугельчыкі, на галаве – вядро.

Рыгор Мікалаевіч РУСАКЕВІЧ, былы воін-інтэрнацыяналіст, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі:

 –  Многія людзі думаюць: калі твой узрост ужо адносіцца да паважанага, радавацца святам непрыстойна. Маўляў, ёлка, Дзед Мароз, сюрпрызы і падарункі – для маладых. Крыўдна.  Я, напрыклад, і сам люблю Новы год. У маё жыццё гэта свята ўвайшло даволі позна. У адрозненне ад пакаленняў нашых дзяцей і ўнукаў мы нават і не думалі, што змена календара – нагода для ўрачыстасці. Затое пазней, калі свята набыло папулярнасць (з’явіліся любімая камедыя Эльдара Разанва “З лёгкай парай!”, тэлепраграма “Блакітны агеньчык”), вельмі палюбілі. У СССР сустрэча Новага года мела ідэалагічнае значэнне, а ў дзяцей фарміравала веру ў казку. Мае сыны, думаю, па-сапраўднаму верыць у Дзеда Мароза перасталі рана, але доўгі час карысталіся “Пісьмом”, каб заказваць нам з жонкай падарункі. Мы старанна падтрымлівалі гэту гульню. Зараз ствараем свята для ўнукаў. Іх у нас пяцёра, і кожнага на ёлачцы, у доме дзядулі і бабулі чакае сюрпрыз. Што тычыцца просьбы да Дзеда Мароза, тут усё проста. Для грамадства ў цэлым прашу згоды і паразумення. Для роднай краіны – росквіту, для людзей, у прыватнасці, таварышаў па Афгане, – здароўя. А для сябе асабіста… Асабліва нічога не прашу. Хутчэй мару. Каб, як мага далей, быць у страі.

Ульяна ПАДАРЭЦКАЯ, вучаніца 2-га класа гімназіі № 1 г. Валожына:

 –  Дзе жыве Дзед Мароз? На Поўначы! І Санта Клаўс там жа. Дарэчы, Санта ўжо прынёс мне падарунак. А Дзеду Марозу я напісала. Пра што прасіла, не скажу – сакрэт. Раней, што б не пажадала, усё збывалася. Кожны год пад ёлкай – то лялькі, то сукенкі… А яшчэ кніжкі і цукеркі. У нашай сям’і я – самая  малодшая, таму пад ёлкай прыгожых упаковак больш за ўсё – для мяне. Дарослыя даўно растлумачылі: нельга прасіць штосьці моцна дарагое – дзяцей жа шмат, і кожны чакае падарунак ад Дзеда Мароза. Ведаю, абавязкова трэба прасіць пра сюрпрызы для сваіх родных. Таму я заўсёды загадваю, каб бабулі, дзядулі, мама, тата і ўсе, хто побач з намі, былі здаровымі, маладымі, прыгожымі, каб іх радавалі работа і зарплата, каб людзі ўсміхаліся і навокал панавалі радасць і прыгажосць.

Над праектам працавала Валянціна Краўневіч