Дыялог з матулямі. Шчыра і канструктыўна.

Общество

 

У фармаце адкрытага дыялога адбылася сустрэча кіраўніка Валожынскага райвыканкама Яўгена Міхайлавіча КРУКОВІЧА і прадстаўнікоў службаў, у чые абавязкі ўваходзіць клопат аб дабрабыце сем’яў, з матулямі, якія нарадзілі і выхоўваюць трох і больш дзяцей.

Усяго на Валожыншчыне – 564 шматдзетныя сям’і. З улікам эпідэміялагічнай абстаноўкі (COVID-19 не дазваляе збірацца разам вялікай колькасці людзей) на дыскусійную пляцоўку на базе аддзяленняў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з розных куткоў Валожыншчыны прыбылі 13 жанчын. Усе яны з тых, хто ўнёс важкі ўклад у паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі.

Кіраўнік раёна ва ўступным слове падзякаваў удзельніцам мерапрыемства за іх выключныя чалавечыя якасці, за актыўную грамадзянскую пазіцыю і жаданне весці канструктыўны дыялог з мясцовай уладай адносна своечасовага ўрэгулявання пытанняў, што пастаянна ўзнікаюць у жыцці любой сям’і, а шматдзетнай – у першую чаргу. Яўгеній Міхайлавіч адзначыў: “Валожын – невялікі, утульны горад з вельмі спрыяльнай абстаноўкай для выхавання дзяцей. Тут, як нідзе, на высокім узроўні знаходзіцца бяспека жыццядзейнасці жыхароў, як дарослых, так і самых юных. Такая ж характарыстыка можа прымяняцца і да кожнага з 424 населеных пунктаў раёна”. Безумоўна, жыццё ў малых гарадах і на вёсцы мае і станоўчыя, і адмоўныя бакі. Камусьці не хапае ўстаноў, дзе можна бавіць вольны час, хтосьці не задаволены работай транспарту, раз-пораз узнікаюць пытанні адносна медыцынскага абслугоўвання, дзейнасці ўстаноў адукацыі і г. д.

Я. М. Круковіч запрасіў жанчын адкрыта выказваць свае меркаванні і прапановы. Тым больш, што за круглым сталом адначасова апынуліся людзі, чые кампетэнцыі дазваляюць акрэсліць дастаткова шырокае кола важных праблем.

Пытанне ад Ганны Віктараўны Лінкевіч (7 дзяцей) з Валожына

Юрыст КСУП «Пяршаі-2014» Вольга Алегаўна Чарнухіна нарадзіла і выхоўвае двух сыноў і дачку

Дарэчы, адказныя асобы яшчэ да таго, як жанчыны пачалі задаваць пытанні, даволі падрабязна патлумачылі дзейнасць некаторых службаў у кірунку работы з сем’ямі. Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Святлана Леанідаўна Ракавец спынілася на дзяржаўным сацыяльным стымуляванні шматдзетных сем’яў, у тым ліку на выплаце дапамог, ажыццяўленні праграмы “Сямейны капітал”, змяненнях у пенсійным забеспячэнні шматдзетных маці. Загадчык сектара жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Таццяна Уладзіміраўна Занямонец закранула бадай самае актуальнае пытанне – паляпшэнне ўмоў жылля. Ва ўнісон прагучала і выступленне дырэктара цэнтра банкаўскіх паслуг № 605 ААТ “ААБ Беларусбанк” Сяргея Паўлавіча Патапчука, які засяродзіў увагу прысутных на крэдытаванні будаўніцтва, набыцця і рэканструявання жылля.

Ў сям’і Вольгі Антонаўны Каспяровіч з Івянца падрастаюць тры дзяўчынкі( две з іх -двайняты) і два хлопчыкі.

Удзельніцы дыялога ў сваю чаргу прасілі ўдакладніць некаторыя моманты. Як высветлілася, большасць прысутных турбуе рух гарадскога транспарту, стан дарог і вуліц. Жанчыны ўнеслі і некалькі прапаноў. Сярод іх: стварэнне спартыўнай пляцоўкі ў раёне вуліцы Светлая ў Валожыне і, пры магчымасці, устройства прыпынку гарадскога аўтобуса ў мікрараёне за СШ № 2. А Людміла Іванаўна Петрашкевіч ад усіх бацькоў Івянца выказала падзяку кожнаму, хто меў дачыненне да будаўніцтва ў гарадскім пасёлку новай, вельмі сучаснай і камфортнай дзіцячай дашкольнай установы. 

Супрацоўнік ТЦСАН прыгажуня Юлія Іванаўна Гісіч паўтара года таму стала матуляй ў трэці раз

 У гутарцы прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Ігар Уладзіміравіч Шакун, намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Алена Іванаўна Мілюткіна, намеснік галоўнага ўрача Валожынскай ЦРБ Ганна Валер’еўна Шурыгіна, дырэктар ТЦСАН Галіна Фадзееўна Рай, якая яшчэ да пачатку работы дыялогавай пляцоўкі правяла для запрошаных экскурсію па памяшканнях аддзяленняў для пажылых людзей і для людзей з інваліднасцю.

Жыхарка Івянца Людміла Іванаўна Петрашкевіч-матуля двух сыноў і дзвюх дачок.

 Як і належыць любому пераднавагодняму мерапрыемству, сустрэча з матулямі не абышлася без Дзеда Мароза і Снягуркі. Казачныя персанажы дапамаглі Яўгенію Міхайлавічу Круковічу ўручыць шаноўным госцям памятныя сувеніры. Жанчыны ж даручылі павітаць кіраўніка раёна Таццяне Вітальеўне Акушка, якая, акрамя таго, што выхоўвае траіх нашчадкаў, займае адказную пасаду ў сацыяльнай установе – з’яўляецца загадчыцай аддзялення дзённага знаходжання для людзей з інваліднасцю. Таццяна Вітальеўна пажадала старшыні райвыканкама і ўсёй яго камандзе здароўя, поспехаў у справах і сямейным жыцці.

Штодзённы клопат Вольгі Іосіфаўны Пратасевіч з Пяршаяў -трое школьнікаў 13-і,11-і і 7-і гадоў.

Не пакінулі без увагі сустрэчу са шматдзетнымі матулямі і работнікі культуры. З улікам таго, што мерапрыемства адбылося за тры дні да Новага года, яны выканалі некалькі песень адпаведнай тэматыкі.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара