ПАДАРУНАК АД ГУБЕРНАТАРА

Важное Главное Молодежный курьер Общество

Юным баскетбалістам Валожынскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы пашанцавала напярэдадні навагодняга свята атрымаць падарунак ад губернатара Мінскай вобласці Аляксандра Генрыхавіча Турчына.

У рамках акцыі “Нашы дзеці” на трэніроўку аматараў аднаго з самых папулярных гульнёвых відаў спорту завітаў старшыня райвыканкама Яўгеній Міхайлавіч Круковіч. Менавіта кіраўнік раённай улады перадаў набор баскетбольных мячоў будучым спартыўным зоркам Валожыншчыны, а, магчыма, і Рэспублікі Беларусь.

Кіраўнік раёна павіншаваў выхаванцаў ДЮСШ з надыходзячым Новым годам і пажадаў кожнаму з іх прыкладваць значныя намаганні дзеля таго, каб множыць гонар і славу ўстановы, што займаецца іх падрыхтоўкай.

Была выказана надзея на тое, што юнакі не аднойчы дадуць падставу для гонару сваім землякам, а бацькі і родныя змогуць радавацца іх моцнаму здароўю і поспехам ва ўсіх справах.

Адзін з самых папулярных кірункаў – баскетбол. Большасць наведвальнікаў як пачаткова-падрыхтоўчых, так і вучэбна-трэніровачных груп – хлопчыкі, але і сярод дзяўчынак ёсць тыя, хто свядома выбірае менавіта гэту рухавую і па-сапраўднаму камандную гульню.

 Трэніруюцца юныя баскетбалісты пад кіраўніцтвам маладога, але перспектыўнага трэнера Уладзіслава Вячаслававіча Галоўчыка. Малады чалавек паспяхова скончыў Пінскі дзяржаўны ўніверсітэт і вось ужо тры гады з задавальненнем дзеліцца вопытам і навыкамі з юнымі валожынцамі. Педагог сцвярджае, што ў нашым райцэнтры хапае рэзерву для стварэння каманд па многіх відах спорта. Відавочна, што гэтаму спрыяе і дастатковасць  пляцовак, дзе можна ладзіць заняткі.

Падлеткі з радасным бляскам у вачах дзякавалі за ўвагу да іх каманды з боку прадстаўнікоў улады і паабяцалі спартыўнымі перамогамі аддзячыць за такі шыкоўны падарунак. Як сказаў 16-гадовы вучань гімназіі № 1 г. Валожына Сяргей РАГЕЛЬ: “Баскетбол – маё любімае захапленне. Думаю, новенькія прафесійныя мячы нададуць нам яшчэ больш азарту ў гульні і дапамогуць выйграваць у спаборніцтвах. Мы будзем вельмі старацца!”

Валянціна КРАЎНЕВІЧ, фота аўтара