Радасць і цуд – у кожную сям’ю

Общество

Члены райвыканкама, кіраўнікі структурных падраздзяленняў, прадпрыемстваў і арганізацый у гэтыя дні наведваюць установы адукацыі, апякунскія, прыёмныя сем’і, аддзяленне прытулку, а таксама сем’і, дзеці ў якіх знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, дом сямейнага тыпу, сем’і, дзе выхоўваюцца дзеці-інваліды, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, педыятрычнае аддзяленне райбальніцы, каб павіншаваць дзяцей з Новым годам і Калядамі і ўручыць ім падарункі.

Па рашэнні райвыканкама з раённага бюджэту былі выдаткаваны сродкі і набыты 57 падарункаў для дзяцей-сірот, дзяцей, што засталіся без бацькоўскай апекі, 117 падарункаў – для дзяцей-інвалідаў, 252 падарункі – для ўдзельнікаў дабрачыннага раённага свята, 20 падарункаў – для дзяцей, якія лечацца ў дзіцячым аддзяленні на суму 4 тысячы 460 рублёў.

Таксама закуплены набор камп’ютарнай тэхнікі (персанальны камп’ютар, шматфункцыянальнае ўстройства) для Гародзькаўскага і Яршэвіцкага вучэбна-педагагічных комплексаў дзіцячы сад-сярэдняя школа на суму 3 тысячы 276 рублёў.

Новаму дзіцячаму спартыўнаму комплексу коштам 3 тысячы 276 рублёў парадаваўся яслі-сад “Вясёлка” ў райцэнтры.

Раённая ёлка і абласная, якія павінны былі адбыцца 29 снежня, адменены ў сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй.

 А вось 1 студзеня 2021 года ў 12 гадзін пакліча да сябе ў госці ўсіх дзяцей горада Валожына на плошчу Свабоды гарадская дабрачынная ёлка, дзе пройдзе вясёлая і захапляючая гульнявая праграма з цудоўнымі прызамі і падарункамі.