Вернуты з небыцця…

Культура

На працягу верасня ў нашай газеце друкаваліся спісы жыхароў Мінскай вобласці, якія загінулі ў фашысцкіх канцлагерах у розныя гады Вялікай Айчыннай вайны. Такія архіўныя звесткі праз шэсць дзесяцігоддзяў прадаставіў нямецкі бок.
Для многіх сем’яў гэтыя скупыя даныя сталі сапраўдным узрушэннем. Газетнае паведамленне перавярнула душы, ускалыхнула-развярэдзіла ўспаміны, прымусіла вярнуцца ў далёкія і няпростыя гады. Сярод тых, хто знайшоў у спісах прозвішчы сваіх родных, даведаўся нарэшце пра іх апошнія дні, трое жыхароў Валожыншчыны.
Вырасла, выйшла замуж і паспела састарэць Яўгенія Вікенцьеўна Карабан, якая жыве па вуліцы Савецкай у Ракаве. У поўнай меры раздзяліла яна нялёгкі лёс многіх сірот вайны. І толькі ў гэтыя восеньскія дні даведалася жанчына пра апошні дзень жыцця свайго бацькі Вінцэнція Уладзіслававіча Жыдовіча.
Сярод спісаў ваеннапалонных адшукала прозвішча брата сваёй свекрыві – Андрэя Яўстаф’евіча Шаўчонка – Галіна Францаўна Дуж з вёскі Строкава Рэчка Забрэзскага сельсавета.
…Некалі сям’я Рамановічаў з Дубіны была вялікая і дружная: гадаваліся пяцёра сыноў і дзве дачкі. Калі пачалася вайна, бацькоў ужо не было ў жывых – яны памерлі рана, некаторыя дзеці мелі ўласныя сем’і. Дваіх старэйшых сыноў забралі ў войска. У першыя дні на фронце Уладзімір і Мікалай трапілі ў палон, але ў лагеры яны «згубіліся». Уладзіміру Ільічу па заканчэнні ваенных дзеянняў пашчасціла вярнуцца дадому, а вось пра лёс Мікалая доўгі час не было нічога вядома. Жонка Клаўдзія праз некаторы час выйшла ў другі раз замуж за чалавека нашмат старэйшага, але шчасця так і не прычакала. Малая дачушка Ніна памерла яшчэ ў гады вайны, захварэўшы на тыф. З вялікага некалі гнязда ў жывых толькі пляменніца Зінаіда Антонаўна Чабай, 1942 года нараджэння, дачка яшчэ аднаго з братоў.
Усе гэтыя людзі хоць і не трапілі на прыём у аблвыканкам, але таксама атрымаюць на рукі дакументы аб смерці сваіх родных. Пры жаданні наведаць магілы Пасольствам Германіі ў нашай краіне будзе аказана дапамога ў выездзе за мяжу.

Наталля ШТЭЙНЕР.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *