КУБАК ПАЕХАЎ У ДОРЫ

Официально

Штогадовы раённы конкурс прафесійнага майстэрства сярод падраздзяленняў выратавальнікаў-пажарных прайшоў нядаўна на базе ПАВЧ № 1 г. Валожына.

За гонар быць першымі змагаліся 6 каманд, у кожную ўвайшлі два супрацоўнікі: камандзір аддзялення і вадзіцель. Конкурс, як і звычайна, складаўся з двух этапаў – тэарэтычнага і практычнага. Першы даў магчымасць праверыць тэарэтычныя веды, ён уяўляў сабой тэст і задачы, якія неабходна было рашыць за максімальна кароткі тэрмін.

І гэта аказалася не зусім проста для тых, хто амаль штодня знаходзіцца ў эпіцэнтры здарэнняў. Практычны этап больш набліжаны да працоўных будняў выратавальнікаў-пажарных, тут праяўляюцца фізічная падрыхтоўка, хуткасць рэагавання, навыкі тушэння пажараў і выратавання людзей. Складаўся ён з некалькіх эстафет: пад’ём па рассоўнай лесвіцы ў акно на трэцім паверсе вучэбнай вежы, баявое разгортванне, самавыратаванне па вяроўцы з акна таго ж трэцяга паверха, нарматывы з выратавальнай вяроўкай. Нягледзячы на жорсткія ўмовы і строгія часовыя рамкі, усе ўдзельнікі прадэманстравалі сваё майстэрства і паказалі выдатныя вынікі.

Аднак умовы конкурсу такія, што абавязкова павінен быць пераможца, таму журы выбірала лепшых з лепшых. Ужо другі раз ганаровае 1-е месца і пераходны кубак заваявалі выратавальнікі ПАВП № 12 вёскі Доры В. В. Квач і М. С. Казлоўскі, 2-е месца занялі Г. І. Сухадолец і К. М. Радына з ПАВП № 16 Івянца, падбярэзцы У. У. Станкевіч і С. М. Сухадолец з ПАВП № 11 сталі трэцімі.

 

 



Добавить комментарий