Час, калі магчымы цуд

Общество

 

І зноў надышоў ён, любімы пераднавагодні час, калі ўсё навокал здаецца казачным, загадкавым, а паўсядзённасць, якой бы складанай ні была, адступае. Ах, як нам хочацца неверагодных сюрпрызаў і здзяйснення хаця б адной са шматлікіх мар. На жаль, мала хто задумваецца пра тое, каб у чаканні свята прыкласці намаганні і зрабіць шчаслівым кагосьці іншага –  выканаць жаданне, аддзячыць дабром за дабро, здзівіць…  А вось мая бабуля сцвярджала: перыяд гэты – самы лепшы для таго, каб адчуць сябе чараўніком. “Калі здолееш ашчаслівіць бліжняга, тады і тваё жаданне здзейсніцца”, – запэўнівала яна нас, унукаў. Я часта думаю: “Вось бы кожны чалавек на зямлі зразумеў простую філасофію пажылой сялянкі. Якім шчаслівым стаў бы свет!” Шкада, што чалавецтва яшчэ вельмі далёкае ад біблейскага пастулата  “Палюбі бліжняга, як самога сябе”. Але ж на самай справе не ўсё так дрэнна, бо даволі часта чую аповеды пра людскую дабрыню і ўдзячнасць, якія, дарэчы, праявіліся якраз перад Новым годам. Я раскажу вам, паважаныя чытачы, пару гісторый.

Нядаўна ад сына даведалася пра так званую бостанскую ёлку. Чамусьці раней інфармацыя адносна яе не траплялася мне на вочы. А яна па-сапраўднаму павучальная.

Здавалася б, ёсць горад Бостан, ёсць ёлка, якая ўстанаўліваецца на яго галоўнай плошчы, што тут незвычайнага? А тое, што больш за сто гадоў прыгожае дрэва напярэдадні свята прыбывае сюды з горада Галіфакса, што ў Новай Шатландыі (Канада). Каб падарунак быў правільна выбраны, запакаваны і перавезены, працуе спецыяльная камісія, а выдаткі на перавозку 12-16-метровай прыгажуні на адлегласць каля 1200 кіламетраў (дрэва едзе спачатку на грузавіку, затым плыве на пароме, а непасрэдна на месца прыбывае зноў жа на грузавіку) бяруць на сябе гарадскі бюджэт Галіфакса і дабрачынныя арганізацыі.

Пачалося ўсё ў далёкім 1917 годзе, калі ў Галіфаксе адбыўся выбух, які вынішчыў амаль палавіну горада  (у гавані французскі ваенны карабель “Манблан”, загружаны выбуховымі рэчывамі, сутыкнуўся з нарвежскім караблём “Імо”). Амерыканцы, а дакладней Бостанскі Чырвоны Крыж і Камітэт грамадскай бяспекі штата Масачусетс, аднымі з першых даведаліся пра бяду і накіравалі ў Канаду цягнік з гуманітарнай дапамогай. Эшалон, нягледзячы на дрэннае надвор’е – мяцеліцу і снежныя заносы, прыбыў своечасова. Гэта дазволіла выжыць тым, хто не загінуў пад руінамі. Пацярпелыя ацанілі падтрымку дабрачынцаў і ўжо праз год пажадалі аддзячыць ім калядным падарункам. Работа па аднаўленні горада была яшчэ ў разгары, а значыць, падарунак, які б каштаваў грошай, быў немагчымы. Таму жыхары горада вырашылі выбраць, спілаваць і накіраваць сваім сябрам самую прыгожую елку. Відавочна, што зараз у жывых не засталося ніводнага сведкі даўніх падзей. Але ўдзячныя патомкі тых, хто атрымаў такую неабходную дапамогу ў пачатку мінулага стагоддзя, не забылі пра дабрачынцаў. З той пары гэта традыцыя, якую б не шкодзіла пераймаць  паўсюдна і на розных узроўнях (пачынаючы з адносін між людзьмі, заканчваючы міжнароднымі стасункамі), жыве.

А вось яшчэ кранальная гісторыя, якая адбылася ў адной з вёсак Валожыншчыны ў 60-х гадах мінулага стагоддзя.

Яе расказала жанчына па імені Наталля. Калі яна была дзіцем, у Савецкім Саюзе з падачы фільма “Карнавальная ноч” ва ўсю панавала ўстаноўка весела адзначаць Новы год. Ва ўстановах, на прадпрыемствах і ў калгасах ладзіліся вечарынкі для калектываў і ранішнікі з падарункамі ад прафсаюза для дзяцей. Гаспадыні за некалькі месяцаў назапашвалі дэфіцыты, каб уразіць сям’ю шыкоўным па тых часах сталом. Па тэлевізары дэманстравалі “Блакітны агеньчык”, а ў дамах і кватэрах зіхацелі агнямі ёлкі з сапраўднымі шклянымі цацкамі, якія сёння ўжо – вінтаж. Святкаванне Каляд на некалькі дзесяцігоддзяў адышло на іншы план. Але ж сям’я Наташы ставілася да гэтага пытання вельмі артадаксальна. Дзядуля з бабуляй і бацькі навагодняе свята не прызнавалі. Елка ў доме, дзе гадаваліся дзве дзяўчынкі, з’яўлялася толькі 6 студзеня – напярэдадні праваслаўных Каляд. Па сутнасці, дарослыя ладзілі яе для сябе. Дзеці пад уплывам школы былі далёкімі ад рэлігіі. Ім хацелася, як і ўсім дзецям, святкаваць Новы год. Наташа і яе сястрычка штогод прасілі матулю і бацьку ўпрыгожыць лясную красуню раней, як гэта рабілі вяскоўцы, у каго былі дзеці. Але тыя заставаліся непрыхільнымі.

Дзяўчынкі з зайздрасцю слухалі сябровак-аднакласніц, калі тыя расказвалі, як у іх дома ідзе падрыхтоўка да сустрэчы Новага года, а пабываўшы ў іх у гасцях, дадому вярталіся з плачам. Елка, якую маці ўпрыгожвала амаль праз тыдзень пасля любімага дзіцячага свята, іх не радавала. Самым жа балючым было тое, што яе не пускалі на навагодні ранішнік, тым самым пазбаўляючы магчымасці пакружыць у святочным карагодзе і пакрасавацца ў касцюме сняжынкі. Вядома – дзеці народ даволі жорсткі. У пачатковых класах аднакласнікі насміхаліся, а падросшы зразумелі: дзяўчынка – ахвяра поглядаў дарослых, і пачалі шкадаваць.

І вось аднойчы, калі Наташа перад Новым годам перастала наведваць школу (так кожны год дзяўчынка абараняла сябе ад святочнай мітусні, якая яе траўміравала з-за забароны бацькоў), аднакласнікі прыдумалі сапраўдны сюрпрыз. Вечарам прынеслі елку ў двор Наташынага дома і ўткнулі дрэўца ў гурбу пад акном. На шчасце, раніцай было яшчэ цёмна, таму бацькі падарунак не заўважылі і пайшлі на працу. А сястрычкі, прачнуўшыся, убачылі ў акне зялёныя гілінкі. Радасці не было межаў. Спачатку яны думалі, быццам навагодні сюрпрыз усё ж арганізавалі бацькі, але, узгадаўшы іх жорсткае стаўленне да гэтага пытання, з дзіцячай непасрэднасцю прыйшлі да высновы: адбыўся навагодні цуд – вынік іх па-сапраўднаму моцнага і шчырага жадання. Дзяўчынкі ўнеслі елку ў хату. Узяць упрыгажэнні, што захоўваліся ў паштовай скрынцы на шафе, не асмеліліся, таму развесілі на галінках нечаканай лясной госці ліхтарыкі, ланцужкі і сняжынкі з паперы.

Калі маці і бацька вярнуліся дадому, елка была гатова. Дарослыя здзівіліся і доўга дапытвалі дзяўчынак, хто за гэтым стаіць. Яны так і не паверылі, што тыя знайшлі дрэўца ў двары. Снег зацерушыў сляды, таму доказу не засталося. І ўсё ж выкінуць елку не рашыліся. Больш таго, дазволілі ўпрыгожыць яе сапраўднымі цацкамі і “дожджыкам”, а праз год упершыню самі прынеслі ў хату лясную прыгажуню напярэдадні Новага года.

Цудоўны момант быў і ў маім жыцці. Аднойчы ў даволі складаны перыяд жыцця, адзначаючы Новы год, загадала работу па душы. І вось ужо каторы год працую для вас, паважаныя чытачы “Працоўнай славы”!  А гэтыя гісторыі расказала дзеля таго, каб вы не спынялі сябе ў імкненні марыць, працягвалі верыць, спадзявацца, любіць і абавязкова падтрымлівалі традыцыі, што існуюць у вашых сем’ях, у калектывах. Напярэдадні любімага свята абменьвайцеся падарункамі, дасылайце паштоўкі і пасылкі. А яшчэ абавязкова пастарайцеся падарыць камусьці момант цуда. Зрабіце гэта ананімна, і тады загадкавасць моманту дазволіць нават даросламу чалавеку аднавіць веру ў Дзеда Мароза.

Валянціна Краўневіч