“Мяцеліца”

Кругозор

Гумарэска

Падрастаў у бацькоў сынок Васілёк. З кожным годам дужэў у плячах, мацнеў у руках. Пра такіх гаварылі: “Расце як дубок”. Сярод сваіх аднагодкаў ён быў самым дужым. Вясковыя хлопцы прыдумвалі розныя гульні, каб памерацца сілай. Кожны хацеў быць першым, але не кожнаму было пад сілу тое, што з лёгкасцю давалася Васільку. Ён мог адной рукой падняць шасцярых хлопцаў, што сядзелі на зямлі і трымаліся за палку, і рыўком паставіць іх на ногі. Мог узяць у рукі кола ад воза і, паварочваючыся, так раскруціць і шпурлянуць яго на адлегласць, што іншым і не думалася. А да чаго былі ўражлівымі спаборніцтвы ў кузні на падняцце з зямлі кавадла, перавязанага скураным рэменем: залажыўшы рукі за спіну і расставіўшы ногі ўшыркі, ён нагінаўся, браў рэмень у сціснутыя зубы і прыўзнімаў кавадла.

Васілёк ніколі не пахваляўся сваёй сілай, абараняў слабейшых, быў спакойным і вельмі працавітым. Уся сялянская праца яму давалася з лёгкасцю. Але была ў яго некаторая асаблівасць: як гаварылі вяскоўцы, працаваў за траіх, але і з’ядаў за пяцярых. З пастаўленай гаспадынямі на стол простай і няхітрай, але карыснай сялянскай ежы ён у адзін прысест змятаў усё, як тая мяцеліца зімой снег з поля. Кіраваўся адным падыходам – што на стол пастаўлена, то і благаслаўлёна. Аднавяскоўцы жартавалі, а часам і насміхаліся з гэтай асаблівасці Васілька, але разам з тым запрашалі яго на дапамогу, асабліва ў час нарыхтоўкі бярвенняў у лесе ці будаўніцтва хат. Для гаспадара, які будаваўся, галоўным было зрабіць добрае рыштаванне вакол зруба, а ён мог адзін схапіць бервяно і па рыштаваннях, якія толькі трашчалі пад цяжарам, падняць яго на вышыню.

Хлопцы хаця і жартавалі над Васільком, але пабойваліся яго. Той жа не крыўдзіўся, але мог знянацку, смеючыся, “паабдымаць”. Хто пабываў у такіх абдымках – больш не жартаваў. Вясковыя дзяўчаты, па ім вядомым прычынам, не кідалі асаблівы позірк у бок Васілька і стараліся абысці яго бокам.

Надышоў такі момант, калі бацькі вырашылі ажаніць сына. На свой погляд выбралі нявестку ў суседняй вёсцы. У сваты паехалі пасля калядных свят. Перад гэтым павучалі Васілька, як весці сябе ў чужых людзей за сталом, папярэджвалі, каб не набрацца сораму з-за яго паводзін, а яшчэ найгорш – каб з такой прычыны не было адказу ў сватаўстве. Аднак, ведаючы, што, сеўшы за стол, ён можа і не ўтрымацца ад спакусы, звярнулі ўвагу, што возьмуць з сабой торбачку з хлебам і салам для перакусу. А пакладуць яе непрыкметна, зайшоўшы да гаспадароў у сені, у вугле пад жорнамі. Арыенцір, вядома ж, беспамылковы, бо калісьці ў кожнай сялянскай хаце ў сенях абавязкова стаяла такая прылада працы для размолу зерня на муку. І ў час гасцявання, выбраўшы зручны момант, ён зможа падсілкавацца.

З прыездам у двор і заходам у хату ўсё пайшло ладна і тактоўна, згодна з традыцыямі: прыстойнасць шанавалася як з боку гаспадароў, так і з боку сватоў. Сват на тое і сват, як мог, усхваляў жаніха, падпяваючы вядомымі словамі знакамітага класіка:

Але ён вельмі сарамлівы!

Ён ні за што не скажа вам,

Што быў бы ў свеце найшчаслівы,

Каб вашай дачкі сэрца мець за храм.

Пасля такіх слоў гаспадыня з гаспадаром сталі ўвішна рыхтаваць стол. Каб больш яскрава і выразна апісаць гэты момант, неабходна зноў звярнуцца да класіка:

Не проста ж госці ўжо, выходзіць,

А і сват у хаце з жаніхом!

У гэткім разе не зашкодзіць

Уразіць іх за сталом.

Базыль паставіў “гары” кварту,

А Тэкля – закусь: свежы сыр,

І масла жоўтае, і скварку,

І нават кольца каўбасы.

Далей за сталом пасля першай і другой чаркі ўсё пайшло сваім парадкам. І толькі кожны гаспадар з гаспадыняй выгадвалі для сябе адзіную выгаду гэтага сватаўства. Добра пасядзеўшы за сталом і выбраўшы зручны момант, Васілёк выйшаў у сені і адразу ж накіраваўся да сваёй запаветнай торбачкі. Дастаўшы прысмакі, усеўся на лаўку каля жорнаў і пачаў увішна ўплятаць за дзве шчакі. У гэты момант з хаты выйшла гаспадыня і, адчыніўшы дзверы з сяней на двор, убачыла моцную завірушную мяцеліцу, пра сябе прамовіла: “Ну, і мяце! Ну, і мяце!” Васілёк жа падумаў, што яна гаворыць пра яго, і адказаў: “Мяце, мяце… Сваё, а не чужое!” Як пасля ён выходзіў з гэтага недарэчнага становішча, магу толькі адказаць вершаванымі радкамі:

Мне і самому знаць цікава,

Ці развязаў вузлы герой.

Але гадаць – не маю права,

І клопат гэта ўжо не мой.

Адно магу сказаць: сватаўство ўдалося. Бацькі нявесткі палічылі, што за такім хлопцам іх дачка не прападзе. І сапраўды, сям’я стварылася моцная і дружная. Штогод нараджаліся нашчадкі. Васілёк быў гаспадаром дбайным: да працы прагны, дужы і спрытны. Паважаў жонку і радаваўся сваім дзеткам. У іх гонар пасадзіў дзіўны сад – кожнаму дзіцяці па дрэўцу. Вясной у час адцвітання яблынь, груш, вішань, сліў белыя пялёсткі, падаючы на зямлю, віхурыліся ў паветры і стваралі ўражанне зімовай мяцеліцы. Тады аднавяскоўцы гаварылі: “Ладна ўсё ў Васілька. У садзе гуляе мяцеліца – на вялікія ўраджаі садавіны. На стале ў яго таксама дастатак і ёсць што мяцеліць”. Многія, у каго дочкі былі на выданні, нават шкадавалі – праглядзелі хлопца.

Думаю, на гэтым і закончаны сюжэт. Звяртаючыся да слоў класіка, стаўлю кропку.

Дзівосны скарб – душу людскую,

Дзе выспявае праўда-боль

У праўду-радасць, пра якую

Мы прагнем ведаць як найбольш.

(усё ўзята з жыцця)

Фёдар КАВАЛЕНКА,

жыхар аграгарадка Ракаў