Хрыстос нараджаецца – слаўце!

Общество

  

“Святло нам заззяла, Хрыстос Бог, Тваё прышэсце, Святло ад Святла, водбліск Айца. Усе стварэнні Ты прасвятліў, усялякае дыханне славіць Цябе, вобраз славы Айца, існы і сапраўдны, і заззяўшы ад Дзевы, Божа, памілуй нас”.

Стыхіра вячэрні свята на “Госпадзі, пакліч”

Улюблёныя ў Хрысце браты і сёстры!

Нараджэнне Хрыстова – адно з самых цудоўных свят на зямлі. Для хрысціян прышэсце Богадзіцяці Ісуса – абнаўленне жыцця, якое з’яўляецца асновай усяго хрысціянскага свету. Нарадзіўшыся, Хрыстос адкрыў нам вялікую любоў, якой ранейшы свет не ведаў, а сучасны баіцца такога адкрытага праяўлення ахвярнай любові – без меры шчодрай і міласэрнай: яна дае не толькі тое, што мае, але да знясілення ўсю саму сябе. Гэта можна ўбачыць і адчуць сваім сэрцам у той момант, калі скрозь многія гады Хрыстос гаворыць: “Даруй ім, Айцец, бо не ведаюць, што вырабляюць”. Ён гаворыць без папроку, без крыўды, а з чыстай любоўю да роду чалавечага. І калі мы лічым сябе Хрыстовымі, то павінны быць падобнымі да Яго, павінны быць вельмі смелымі, як Ён, у дабрыні і міласэрнасці да блізкага.

Чаму менавіта смелымі? Бо сучасны свет дыктуе нам умовы і прыклады, якія не адпавядаюць вучэнню і настаўленню Хрыста. Кажам Богу “так”, а робім несумяшчальнае, хоць і даём абяцанне Тварцу. Чаму, як Іуда іскарыёцкі, здраджваем Богу, ставім свае чалавечыя дасягненні і прагрэс вышэй за Божыя?

Мы часта гаворым: рэчы трэба называць сваімі імёнамі. І тут шмат прыкладаў можна прывесці, калі звар’яцелыя людзі стараліся ўсяляк супрацьстаяць Тварцу і спазнавалі паражэнне і падзенне. Усё гэта абазначае, што чалавек, дасягнуўшы ўласным розумам пэўных вышынь у навуцы, праяўляе слабасць, ідучы на павадку ў цёмных злых сіл, забываецца пра Усявышняга Бога і пакланяецца сваім кумірам. Вось так і адбываецца вялікае падзенне нораваў і асоб, ад якога не толькі горад можа загінуць, але і цэлыя народы. Нават прырода гаворыць чалавеку, каб спыніўся ў сваім шаленстве, пакуль яшчэ не пакрыла зямлю вогненнае полымя.

Аднак пасярод такога небогаўгоднага ёсць надзея, што Гасподзь сваёй міласэрнай рукой адхіліць ад роду чалавечага тую кару, якая напаткала многія народы ў былыя часы. Ёсць вялікая надзея на міласць Божую, на малітоўнае заступніцтва Божай Маці, усіх святых і ўсіх святых у зямлі Беларускай праслаўленых. Ёсць вялікая надзея на тых, хто па-сапраўднаму любіць Бога, моліцца за Айчыну, за людзей, за мір ва ўсім свеце, за дабрабыт, надзейнасць і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Але, каб гэта харошае здзейснілася, нам усім – без выключэння – неабходна  пачаць кожнаму з сябе: наколькі я маю мір у сваёй душы, якая ў мяне сіла волі, каб рабіць дабро, некрывадушна ісці насустрач адзін аднаму, дапамагаючы і падтрымліваючы, праяўляючы цярпенне і ласку?

Бо, што нам, людзям, трэба? Душэўны супакой і радасць. Мы можам жыць па-хрысціянску, але толькі трэба трошачкі папрацаваць над сабой. Вынік абавязкова будзе і задаволенасць тым, што ўсё-такі ўмеем стрымаць сябе, настроіць – і вось яна, тая самая радасць сэрца і душы! Ты – чалавек, ведаеш, як рабіць цудоўнае і радавацца кожнаму дню, ты на правільным шляху, на тым, на якім стаіць Бог.

Яшчэ летам 1918 года Вялікі свяціцель Патрыярх Маскоўскі і Усёй Русі Ціхан сказаў: “Вы ведаеце, у чым заключаецца наша выратаванне ад бедстваў. Выратаванне – у Царкве Божай, у веры ў Бога. Толькі яна можа выратаваць і пазбавіць ад тых няшчасцяў, якія паўсюдна сустракаюць нас. Зразумела, патрэбны і пераўтварэнні, патрэбны і рэформы. Але галоўнае – не ў гэтым. Галоўнае – адраджэнне душы нашай, вось аб чым паклапаціцца неабходна перш за ўсё… Была б толькі моцная вера, толькі б яе не страціў народ. Усё вернецца яму, усё будзе ў яго, і паўстане ён, як Іова ад гноішча свайго. Пакуль будзе вера, будзе стаяць і Айчына наша…”

Дзе б мы ні жылі, да якой бы сацыяльнай сістэмы грамадства не адносіліся, павінны ўспрымаць прарочыя словы свяціцеля Ціхана так, як бы яны былі сказаныя сёння і былі б звернуты да кожнага з нас. Бо ў любых абставінах, у любых умовах жыцця, наколькі яны ні цяжкія, галоўнае для нас з вамі – адраджаць душы, захоўваць веру Божую, бо яна вядзе да Царства Божага і да праўды Яго. Астатняе – дабрабыт у розных галінах зямнога жыцця – прыкладзецца нам, як абвяшчае аб гэтым святы евангеліст Матфей (Мф. 6,33).

У кожнага з нас ёсць магчымасць разам з мудрацамі і вешчунамі прынесці ў дар Богадзіцяці Ісусу падарункі, якія ад душы маглі б даць Яму, гэтаму свету, людзям, кожнаму дому, кожнай сям’і, сваім калегам па працы, хворым, сіротам і ўдовам – усім, каму патрэбна рука дапамогі.

 У светлае і радаснае свята Нараджэння Хрыстова жадаю вам, дарагія браты і сёстры, любові хрысціянскай – сапраўднай, боскай, якая акрыляе душу на ўсіх жыццёвых дарогах! Жадаю ўсё больш умацоўвацца ў веры, быць моцнымі духам і целам. Няхай усе малітвы і чыстыя задумы здзяйсняюцца, у дамах пануюць згода, узаемаразуменне і сардэчная цеплыня! Міру душэўнага, багацця духоўнага, здароўя і доўгіх гадоў жыцця вам і вашым родным!

 Няхай Вера, Надзея, Любоў і Прамудрасць заўсёды будуць з вамі! З Нараджэннем Хрыстовым вас і Новым годам!

З Божым благаславеннем –Благачынны Валожынскай акругі,

настаяцель прыхода Святых Роўнаапостальных цара Канстанціна і царыцы Алены

ў Валожыне протаіерэй

Дзмітрый АГІЕВІЧ