Работа з зямлёй і сучаснымі інтэрнэт-паслугамі стане галоўнай для эфектыўнай дзейнасці на ўсіх узроўнях мясцовай улады ў новым, 2021 годзе

VI Усебеларускі народны сход Важное


Напрыканцы мінулага года прайшла чарговая сесія раённага Савета дэпутатаў. Дэпутацкім корпусам Валожыншчыны былі разгледжаны прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна і праект раённага бюджэту на 2021 год. У пасяджэнні сесіі прыняў удзел старшыня райвыканкама Яўгеній Міхайлавіч Круковіч.

Падрабязна аб тым, як будзе развівацца раён сёлета, расказала намеснік старшыні райвыканкама па эканоміцы Вольга Сяргееўна Багатырова. Яна адзначыла, што самымі важнымі кірункамі дзейнасці будуць: забеспячэнне стабільнага росту заработнай платы; нарошчванне інвестыцый у эканоміку і павышэнне іх эфектыўнасці; павелічэнне паступлення даходаў у мясцовы бюджэт.

У аграпрамысловым коплексе працягнуцца работы па мадэрнізацыі і тэхнічным перааснашчэнні жывёлагадоўчых аб’ектаў, у раслінаводчай галіне стаўку зробяць на пашырэнне пасеваў найбольш высокаўраджайных сартоў харчовых, кармавых і тэхнічных культур, якасць нарыхтоўваемых кармоў. Перад аграрыямі ставіцца задача забяспечыць рост вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ў супастаўных цэнах да ўзроўню мінулага года не менш за 103,4 працэнта.

Паказчык па тэмпе росту інвестыцый у асноўны капітал прагназуецца на ўзроўні 102 працэнты. Аб’ём будаўніча-мантажных работ – 102 працэнты да ўзроўню 2019 года. Летась у Валожыне пачалося будаўніцтва пераходзячых на сёлетні год 50-кватэрнага сацыяльна арэнднага і 60-кватэрнага жылых дамоў, плануецца ўзвядзенне 40-кватэрнага жылога дома для адсялення грамадзян з трухлявага і аварыйнага жылля. Шматпавярхоўку на 40 кватэр з выкарыстаннем электраэнергіі для ацяплення і прыгатавання ежы пачнуць будаваць у вёсцы Паморшчына Ракаўскага сельсавета. У планах – праектаванне новага ясляў-сада на 190 месцаў у новым мікрараёне ў райцэнтры.

З мэтай стварэння спрыяльных умоў для людзей таксама плануецца рэканструкцыя будынка аўтавакзала ў Валожыне і будаўніцтва аб’екта “Мадэрнізацыя гарачага водазабеспячэння ў г. Валожын. 2-я чарга будаўніцтва”.

На базе ТАА “Івянецкая птушка” пачнецца рэалізацыя новага праекта “Стварэнне вытворчасці экалагічна чыстай экспартаарыентаванай прадукцыі з прымяненнем інавацыйных тэхналогій”, разлічанага на 2020-2025 гады. Праектам прадугледжваецца вытворчасць яек, сертыфікаваных як “арганічны прадукт” і “натуральны прадукт”. Яны прыдатныя для выпуску дзіцячага і дыетычнага харчавання і ў большасці будуць накіроўвацца на экспарт.

У сферы паслуг стаўка будзе зроблена на павышэнне якасці абслугоўвання насельніцтва, забеспячэнне даступнасці, асабліва сельскаму насельніцтву, далейшае развіццё і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы арганізацый, якія іх аказваюць. На гэта накіравана новая сістэма сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва, зацверджаная Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 снежня 2020 года № 720. У пералік населеных пунктаў, на якія распаўсюджваецца дзеянне Указа № 345 “Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання”, рашэннем Мінскага абласнога Савета дэпутатаў № 219 ад 13 лістапада 2020 года ўключаны 411 населеных пунктаў нашага раёна.

У 2021 годзе тэмп росту рознічнага тавараабароту прагназуецца на ўзроўні 104,5 працэнта ў параўнанні з 2020 годам. Гандлёвая сетка будзе пашырацца за кошт рэканструкцыі, а таксама будаўніцтва новых магазінаў. У прыватнасці, у Валожыне па вуліцы Чапаева плануецца будаўніцтва гандлёвага аб’екта плошчай да 1000 квадратных метраў. У новым мікрараёне ў райцэнтры па вуліцах Вясёлкавая, Кальцавая, Заходняя ёсць зямельныя ўчасткі, якія могуць быць сфарміраваны для правядзення аўкцыёнаў на права заключэння дагавораў арэнды. Працягнецца павелічэнне колькасці аўтамагазінаў, якія ў асноўным займаюцца абслугоўваннем жыхароў сельскіх населеных пунктаў, а таксама здача ў арэнду ці на продаж неэксплуатуемых ці неэфектыўна эксплуатуемых аб’ектаў прадстаўнікам малога і сярэдняга бізнесу. Атрымаюць развіццё і іншыя формы рознічнага гандлю, у тым ліку і праз інтэрнэт.

Рост намінальнай налічанай заработнай платы плануецца не менш за 109,2 працэнта да мінулагодняга ўзроўню. Узровень заработнай платы работнікаў рэальнага сектара эканомікі будзе залежыць ад паказчыкаў эфектыўнасці вытворчасці, а таксама матэрыяльнага стымулявання высокапрадукцыйнай і якаснай працы. Павялічыць заробак бюджэтнікаў плануецца за кошт павышэння памеру базавай стаўкі, аптымізацыі бюджэтных арганізацый і развіцця пазабюджэтнай дзейнасці. Асаблівая ўвага будзе звернута на нізкааплатную катэгорыю, да якіх у тым ліку адносяцца работнікі культуры і сацыяльнага абслугоўвання.

Дасягненне вызначаных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, па словах В. С. Багатыровай, дазволіць забяспечыць прагназуемы эканамічны рост і павышэнне ўзроўню і якасці жыцця насельніцтва ў 2021 годзе.

Як адзначыў кіраўнік раёна Я. М. Круковіч, работа з зямлёй і сучаснымі інтэрнэт-паслугамі стане галоўнай для эфектыўнай дзейнасці. “Задзейнічаць трэба ўсе фактары, – падкрэсліў Яўгеній Міхайлавіч. – Безумоўна, давядзецца папрацаваць, але гэта па сілах”.

 З праектам раённага бюджэту на 2021 год прысутных азнаёміла начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Святлана Эдуардаўна Церах. Для яго фарміравання за аснову ўзяты базавы сцэнарый умоў эканамічнага развіцця, які прадугледжвае рост унутранага валавога прадукту на ўзроўні 103,5 працэнта, узровень інфляцыі ў сярэднім за год – 104,8 працэнта, стаўку рэфінансавання – 7,75 працэнта. Прыярытэтным кірункам для фарміравання праекта бюджэту стала ўзмацненне сацыяльнай арыентаванасці расходаў.

Падчас галасавання дэпутаты адобрылі прагноз сацыяльна-эканамічнага раёна і праект бюджэту на 2021 год.

Таксама падчас работы сесіі былі вылучаны дэлегаты на VI Усебеларускі народны сход.

Алена ЗАЛЕСКАЯ