5 СТУДЗЕНЯ – ДЗЕНЬ РАБОТНІКАЎ САЦЫЯЛЬНАЙ АБАРОНЫ

Общество Официально

Паважаныя работнікі сацыяльнай абароны насельніцтва раёна!

Прыміце самыя шчырыя і цёплыя віншаванні з прафесійным святам!

Ваша праца ў рэаліях сучаснага жыцця вельмі важная і патрэбная. Высакародная місія, якую вы выконваеце дзень за днём на працягу многіх гадоў, часам забываючы пра ўласныя праблемы і клопаты, заслугоўвае самай глыбокай павагі. Сацыяльны работнік – гэта не проста прафесія, гэта прызванне, годнае людзей нераўнадушных, людзей з адкрытай душой і шчодрым сэрцам.

 Вы атуляеце ўвагай самыя неабароненыя катэгорыі грамадзян. Сярод іх адзінокія старыя, інваліды, малазабяспечаныя сем’і, дзеці-сіроты – усе тыя, хто асабліва мае патрэбу ў сацыяльнай абароне і падтрымцы дзяржавы. Дзякуй за вашу нялёгкую працу, душэўную чуласць і ўвагу, магчымасць раздзяліць радасць і смутак, прыйсці на дапамогу ў цяжкую хвіліну, уменне суцешыць і знайсці патрэбныя словы.

Няхай ніколі не згасае дабрыня ў вашых сэрцах, а любоў і клопат, якімі вы атуляеце людзей, вернецца вам у сто разоў! Моцнага здароўя, нязгасных жыццёвых сіл, мудрасці і вытрымкі, аптымізму, поспехаў ва ўсіх справах і пачынаннях і простага чалавечага шчасця!

Яўген КРУКОВІЧ, старшыня раённага выканаўчага камітэта

Пётр БІБІК, старшыня раённага Савета дэпутатаў

 


Місія – несці дабро і дарыць клопат

У самым пачатку новага года мы, работнікі сацыяльнай абароны насельніцтва, адзначаем сваё прафесійнае свята. Шматдзетныя сем’і, інваліды, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, адзінокія і адзінока пражываючыя грамадзяне – усе яны маюць патрэбу ў дадатковай увазе і абароне з боку дзяржавы. Наша галоўная задача – дайсці да кожнага, даведацца, што чалавеку неабходна, і аказаць гэту дапамогу.

На ўліку ў цэнтры знаходзяцца 11052 чалавекі. Выяўленне маючых патрэбу ў падтрымцы грамадзян – штодзённая работа спецыялістаў, якія на працягу года праводзяць абследаванне матэрыяльна-бытавога стану такой катэгорыі насельніцтва, інфармуюць аб паслугах і відах дзяржаўнай падтрымкі, раздаюць інфармацыйныя памяткі і буклеты.

Трэба сказаць, што сістэма сацыяльнай абароны не стаіць на месцы, а дынамічна развіваецца: укараняюцца новыя паслугі, з’яўляюцца новыя кірункі ў дзейнасці цэнтра. Напрыклад, нядаўна пачалі аказваць метадычную дапамогу апекунам па выкананні функцый у адносінах да грамадзян, якія прызнаны недзеяздольнымі і абмежавана дзеяздольнымі: зараз на ўліку знаходзяцца 33 недзеяздольныя і 7 абмежавана дзеяздольных грамадзян.

З ліпеня 2020 года на базе ДУ “Валожынскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” функцыянуе філіял “Турыстычны інфармацыйны і рэкрэацыйны цэнтр”. Яго дзейнасць накіравана на развіццё безбар’ернага турызму і ўзмацненне магчымасцей для прадастаўлення сацыяльных і рэкрэацыйных паслуг. Тут створаны ўсе ўмовы для таго, каб інваліды, пажылыя людзі, сем’і з дзецьмі і проста турысты мелі магчымасць весці актыўнае жыццё, вандраваць.

У аддзяленні сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі аказваюць сацыяльна-псіхалагічную падтрымку. Звярнуцца на прыём ці па тэлефоне даверу можа любы, хто апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Таксама магчыма атрымаць напракат сродкі тэхнічнай рэабілітацыі, гуманітарную дапамогу, пры неабходнасці – паслугу часовага прытулку.

Адной з найбольш актуальных і запатрабаваных форм сацыяльнага абслугоўвання пажылых грамадзян і інвалідаў з’яўляецца сацыяльнае абслугоўванне на даму. Яно дае магчымасць пражываць дома ў звыклых умовах, садзейнічае падтрыманню сацыяльнага, псіхалагічнага і фізічнага стану. На сёння надомным абслугоўваннем ахоплены 1123 непрацаздольныя грамадзяне, да якіх заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу 104 сацыяльныя работнікі. Хацелася б асабліва адзначыць і падзякаваць за работу сацыяльным работнікам Алене Фёдараўне Гержатовіч, Таццяне Міхайлаўне Чышэвіч, Наталлі Іванаўне Вайцюлевіч, Ліліі Мікалаеўне Вараб’ёвай, Жанне Вікенцьеўне Лойка, Марыне Фабіянаўне Тарасевіч.

У мінулым годзе атулялі клопатам сваіх падапечных, якія цалкам страцілі магчымасць да самаабслугоўвання, 18 сядзелак. Зусім нядаўна пачалі аказваць паслугу ў форме сацыяльнага абслугоўвання ў замяшчальнай сям’і інвалідам 1-й групы. Не абдзелены ўвагай і сем’і, што выхоўваюць адначасова народжаных дваіх дзяцей, і сем’і, дзе растуць дзеці-інваліды. Цяпло сваёй душы ім дораць 11 нянек. Работа ўсіх іх – сацыяльнага работніка, сядзелкі ці нянькі – бясспрэчна, неацэнная, важная і актуальная ў цяперашні час.

Вялікая ўвага спецыялістамі цэнтра надаецца бяспецы жыццядзейнасці. Летась каля 300 пажылых грамадзян і інвалідаў атрымалі дапамогу ў рамонце электраправодкі, печаў і ўстаноўцы пажарных апавяшчальнікаў.

З 2007 года функцыянуе аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў, якое стала другім домам для яго выхаванцаў. Арганізавана гуртковая, праектная і клубная дзейнасць, ёсць рэабілітацыйна-працоўныя майстэрні. Але самае галоўнае, што тут яны маюць зносіны адзін з адным, узаемадзейнічаюць з навакольным светам, атрымліваюць навыкі самаабслугоўвання тым, што патрэбна ў далейшым самастойным жыцці.

 У 2014 годзе ў цэнтры адкрылася аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту. Усе мерапрыемствы, якія праводзяцца ў аддзяленні, дазваляюць такой катэгорыі насельніцтва з карысцю бавіць час, займацца спортам, абмяркоўваць актуальныя пытанні, пашыраць кола зносін. Наведвальнікі аддзялення шмат вандруюць па Беларусі. Гэта дапамагае ажыццявіць даўнія мары, а таксама атрымаць магутны зарад пазітыва і бадзёрасці. Сярод пенсіянераў ёсць многа энергічных і цікаўных людзей, што жадаюць яркіх уражанняў і новых адкрыццяў, турызм для іх – адзін з лепшых спосабаў прадаўжэння актыўнага даўгалецця. Зараз кожны можа знайсці новых сяброў, занятак па душы, эмацыянальную падтрымку, прымяненне сваім магчымасцям. Удзел у клубнай дзейнасці дазваляе людзям “сярэбранага ўзросту” адчуць, што іх значны асабісты вопыт важны і запатрабаваны. З пачатку адкрыцця аддзялення многія яго наведвальнікі праявілі зацікаўленасць у валанцёрскай дзейнасці, наведваючы з дабрачыннымі мэтамі аддзяленне прытулку, бальніцу сястрынскага догляду ў в. Пяршаі, людзей, якія знаходзяцца на сацыяльных ложках ва ўстановах аховы здароўя. Яны ахвотна адгукаюцца на ўсе раённыя дабрачынныя ініцыятывы.

Добрай традыцыяй стала падрыхтоўка навагодніх падарункаў для дзяцей з малазабяспечаных сем’яў. Апошнія некалькі гадоў валанцёры апякуюць вязняў Вялікай Айчыннай вайны і маламабільных пажылых грамадзян. Працуючы ў праектах, удзельнічаюць у сацыяльным жыцці горада і раёна, што, безумоўна, павышае статус пажылога чалавека ў грамадстве. А гэта – галоўная мэта нашай работы. На базе аддзялення напрыканцы мінулага года ўведзена новая паслуга “Дзённы догляд”, якая прапаноўвае нагляд на працягу дня за тымі пажылымі грамадзянамі, якіх па нейкіх прычынах складана пакідаць дома адных.

Жыццё не стаіць на месцы і ўносіць свае карэктывы ў штодзённую работу. Так, у сакавіку мінулага года пачаў працаваць тэлефон “гарачай лініі”, куды прымаюцца заяўкі па дастаўцы прадуктаў харчавання і лекавых сродкаў для інвалідаў і пажылых грамадзян у рамках прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі.

Карыстаючыся магчымасцю, хочацца падзякаваць нашым партнёрам і памочнікам – калектывам арганізацый і прадпрыемстваў, грамадскім і дабрачынным аб’яднанням, нераўнадушным грамадзянам. Мы вельмі ўдзячны ўсім за дапамогу, падтрымку, спагаду і міласэрнасць.

 Дарагія калегі! У гэтыя светлыя святочныя дні выказваю кожнаму шмат цёплых сардэчных слоў. Ганаруся вамі, ганаруся нашым дружным калектывам, у якім працуюць нераўнадушныя, ініцыятыўныя, чулыя людзі. Жадаю моцнага здароўя і дабрабыту, цярпення і мудрасці. Няхай добры настрой не пакідае вас, а цяпла вашай душы хопіць усім, хто ў гэтым мае патрэбу. Няхай кожны дзень прыносіць радасць, а побач будуць надзейныя калегі і сябры!

Галіна РАЙ,

дырэктар ДУ “Валожынскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”