Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

Региональные новости

У 2020 годзе аператар па перапрацоўцы другаснай сыравіны выдзеліў РУП “Валожынскі жылкамунгас” 117 тысяч рублёў на набыццё спецыяльных кантэйнераў. У канцы снежня 120-літровыя пластыкавыя кантэйнеры на колцах паступілі ў камунгас. Іх агульная колькасць – 1850 штук.

На кожны прыватны падворак у райцэнтры будуць размеркаваны па два кантэйнеры: чорнага колеру для збору цвёрдых камунальных адходаў і чырвонага – другасных матэрыяльных рэсурсаў. Гаспадарам домаўладанняў яны абыдуцца бясплатна, толькі з камунгасам будуць заключаны дагаворы захоўвання. Распрацаваны маршруты, па якіх у вызначаны дзень будзе ездзіць спецмашына для збору адходаў і другаснай сыравіны.

Традыцыйная “Ёлка жаданняў” была аформлена і ўстаноўлена ў Валожынскай дзіцячай бібліятэцы. Зараней вызначылі 5 шматдзетных сем’яў з ліку чытачоў бібліятэкі. Дарэчы, у адной з іх выхоўваюцца шасцёра дзяцей, у другой – пяцёра. Усе дзеткі на каляровых шарыках напісалі свае жаданні.

У ліку дабрачынцаў, якія ўзялі на сябе ролю Дзеда Мароза і выконвалі дзіцячыя жаданні, былі прафсаюз работнікаў культуры, раённая арганізацыя Беларускага саюза жанчын, самі работнікі бібліятэкі. Па добрай традыцыі, завіталі ў бібліятэку і пяць членаў клуба “Лэдзі”, які дзейнічае пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, на чале з кіраўніком А. І. Барахоўскай. Жанчыны сабралі салодкія ласункі і сокі для прыёмнай сям’і з вёскі Даўбені, праз бацькоўскія рукі якіх прайшлі ўжо 11 дзяцей, усе яны вучыліся і вучацца ў СШ № 2 райцэнтра.

На Усебеларускай піянерскай ёлцы, якая праходзіла 28 снежня ў павільёне “БЕЛЭКСПА” на праспекце Пераможцаў у Мінску, прысутнічалі два прадстаўнікі нашага раёна.

Сямікласніцы гімназіі № 1 Юлія Кобзарава і Ганна Глінская разам з суправаджаючай педагогам-арганізатарам гімназіі Ілонай Леанідаўнай Макарэвіч атрымалі шмат незабыўных уражанняў ад навагодняга прадстаўлення.

 1177 штук біяёгуртаў фірмы “Данон” на суму 1059 рублёў перадала ў раённую арганізацыю Таварыства Чырвонага Крыжа Мінская абласная арганізацыя.

 Карысная прадукцыя была размеркавана паміж мнагадзетнымі сем’ямі. Біяёгурты, узбагачаныя біфідабактэрыямі, з чарнаслівам, фінікамі і насеннем ільну атрымалі дзеці з 45-і сем’яў раёна.

23 снежня мінулага года прайшоў штогадовы справаздачны сход Валожынскай раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў”, якая на канец года налічвала 53 члены.

 Са справаздачай за 2020 год выступіў старшыня, палкоўнік у адстаўцы Аляксандр Мікалаевіч Валавікоў. Былі акрэслены задачы і мэты на бягучы год, а таксама абмеркаваны план мерапрыемстваў. 9 найбольш актыўных членаў арганізацыі адзначаны грашовымі прэміямі, усе члены атрымалі навагоднія падарункі.

 Буклет “У чароўным святле зімы”, дзе размешчаны навагоднія, калядныя вершы і творы пра зіму членаў народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь”, падрыхтавала кіраўнік Валянціна Гіруць-Русакевіч разам з рэдактарам РЦК Святланай Бабровіч.

На 24 старонках сабраны вершы, напісаныя “рунеўцамі” ў розныя гады на беларускай і рускай мовах. Невялікі зборнік вершаў аздоблены каляровымі фота і малюнкамі. Ён стане значнай дапамогай работнікам устаноў культуры раёна пры правядзенні розных мерапрыемстваў, у электронным варыянце новы буклет разасланы ва ўсе ўстановы.

У апошнія дні снежня ў Валожынскую дзіцячую бібліятэку паступіла 71 новая кніга: 60 для дзяцей і 11 для дарослых.

Дзіцячыя кнігі вельмі яркія, маляўнічыя, разлічаны на самую розную аўдыторыю. Гэта серыі “Даліна аднарогаў”, “Лес дружбы” (чароўныя гісторыі пра жывёлу), “Цуда шчаня” і “Цуда кацяня”, “Загадкі старадаўняга памесця” і іншыя. Аматары чытання атрымаюць сапраўдную асалоду ад новых кніг. Дарослыя чытачы бібліятэкі таксама парадуюцца новым раманам Дар’і Данцовай, Таццяны Усцінавай, Ганны Данілавай, Яўгеніі Міхайлавай і іншых аўтараў.