Шчасце, калі спяшаешся на працу

Люди и судьбы Общество

 

Фізікам і лірыкам смела можна назваць спецыяліста аддзела карпаратыўнага бізнесу ЦБУ № 514 у г. Валожыне РД па Мінскай вобласці ААТ “Белаграпрамбанк” Алену Мікалаеўну ЦІГАНІНУ.

Дзяўчынкай яна мела столькі захапленняў, што навакольным здавалася: у свой час будуць праблемы з прафесійным вызначэннем. Мяркуйце толькі: то ў касманаўты збярэцца падацца, то ў артысткі цырка. Перыядычна бачыла сябе і выкладчыкам, і вучоным, і мастацтвазнаўцам. Пры жаданні спіс можна падоўжыць. Што ж рабіць, калі здольнасцей і талентаў ураджэнцы г. п. Карма Гомельскай вобласці дасталося столькі, што не пералічыць. У маленстве, яшчэ на  малой радзіме, і пазней, калі сям’я з-за Чарнобыльскай аварыі перабралася ў Дзяржынск, Алена вызначалася небывалай творчай актыўнасцю – спявала, танцавала, займалася спортам, малявала. Нават многія віды рукадзелля засвоіла. Школьныя прадметы даваліся аднолькава лёгка. А вось бліжэй да заканчэння школы (з залатым медалём!) адчула: менавіта дакладныя навукі і ёсць прызванне. Што вывучаць, ведала, а вось прафесійная будучыня па-ранейшаму ўяўлялася не канкрэтнай. Але яна не з тых, хто будзе сядзець і чакаць нейкага прасвятлення. Не, ужо ў тыя гады свядома абрала сваім крэда “Рух наперад”. Таму паспяхова прайшла субяседаванне і без экзаменаў паступіла на фізіка-матэматычны факультэт педуніверсітэта.  

Вучыцца было лёгка і цікава. Школа, дзеці, неабходнасць весці ўрокі, арганізоўваць пазакласную дзейнасць не палохалі. Дзесяць гадоў у педагогіцы і зараз успамінае з задавальненнем. Тым больш, што, дзякуючы дыплому настаўніка, яна трапіла на Валожыншчыну, дзе сустрэла сваю другую палавіну – мужа Дзмітрыя, з якім стварыла моцную сям’ю. У іх ячэйцы грамадства з’явіліся дзве дачкі Ульяна і Дар’я – такія ж, як і матуля, мілыя і таленавітыя дзяўчынкі.

Калі маладая жанчына атрымала прапанову памяняць работу (у банкаўскай установе з’явілася вакансія), з уласцівай ёй разважлівасцю разгледзела пытанне з розных бакоў і прыняла рашэнне. Шчыра прызнаецца, што вундэркіндам сябе не адчувала. Новая справа давалася няпроста. Аднак яе першы настаўнік у асваенні службовых абавязкаў, вопытны спецыяліст Ала Аркадзьеўна Буйлава аказалася на дзіва цярплівым і далікатным чалавекам. Нават у першыя дні ў аддзеле разлікаў будучы спецыяліст Ціганіна не адчувала неабходнасці палічыць спробу асваення складаных навыкаў эксперыментам і вярнуцца да больш звыклай работы.

З той пары, калі толькі-толькі прыступіла да разлікова-касавага абслугоўвання юрыдычных асоб, прайшло дзесяць гадоў. За гэты час адбылося некалькі рэарганізацый цэнтра. Яны закранулі і склад калектыву, і назвы аддзелаў. Значны вопыт набыла Алена Мікалаеўна ў аддзеле актыўных банкаўскіх аперацый пад кіраўніцтвам вопытнага прафесіянала Яўгеніі Іванаўны Грыбоўскай. Сёння ж працуе з больш чым 90 юрыдычнымі асобамі ў кірунку знаёмства іх з навейшымі крэдытнымі прадуктамі, што ствараюцца Белаграпрамбанкам для сваіх кліентаў. Па-сапраўднаму жывая справа патрабуе адмысловых ведаў, пастаяннага самаразвіцця, выключнай камунікабельнасці.

Бландзінка з прывабнай, амаль мадэльнай знешнасцю прызнаецца, што лічыць сябе шчаслівым чалавекам – з натхненнем штораніцы спяшаецца на працу, а пасля з цудоўным настроем і радасцю крочыць дадому, дзе паспявае стварыць утульнасць для родных, праявіць нядрэнныя кулінарныя здольнасці, заняцца фізічнай культурай і абавязкова парэлаксаваць з кнігай у руках. Як і належыць кожнай сапраўднай жанчыне, знаходзіць Алена Мікалаеўна і некалькі хвілін для догляду за сабой. І гэта не эгаізм ці самалюбаванне – работа з людзьмі, павага да іх дыктуюць свае правілы, сярод іх, акрамя ветлівасці і цярпення, – прывабны знешні выгляд і шчырая ўсмешка.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара